Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 18 ліпеня 2000 г.


Ягор Маёрчык, Менск

Амбасадар Каралеўства Нідэрляндаў Джэй Дэвісэр, які працуе ў Варшаве, прыехаў на пачатку тыдня ў Менск, каб сабраць інфармацыю пра парушеньне правоў чалавека і ўнутрапалітычную сытуацыю, што склалася ў Беларусі напярэдадні парлямэнцкіх выбараў. Сёньня спадар Дэвісэр сустрэўся зь некаторымі прадстаўнікамі беларускай апазыцыі.

Памочнік консула Нідэрляндаў, які адмовіўся назваць сваё прозьвішча, у размове з карэспандэнтам "Радыё Свабода" пацьвердзіў, што амбасадар знаходзіцца ў Менску з, як было сказана, звычайным працоўным візытам. На пытаньне, ці зьвязаны прыезд спадара Дэвісэра з пачаткам выбарчае кампаніі, супрацоўнік кансуляту дакладнага адказу ня даў.

Як стала вядома, сёньня амбасадар Дэвісэр сустракаўся з кіраўніцтвам Аб'яднанае Грамадзянскае партыі – Анатолем Лябедзькам і Яраславам Раманчуком, а таксама з прадстаўніком грамадзкай ініцыятывы "Хартыя-97" Зьміцерам Бандарэнкам.

Паводле словаў удзельнікаў сустрэчы зь беларускага боку, галяндзкі дыплямат зьбірае інфармацыю пра ўнутрапалітычную сытуацыю ў Беларусі напярэдадні парлямэнцкіх выбараў. Не апошняе месца ў размовах займае праблема выкананьня правоў чалавека.

На сустрэчы ў штаб-кватэры АГП амбасадар заявіў: пазыцыя міжнароднае супольнасьці адносна восеньскіх выбараў ня зьменіцца. Ён падкрэсьліў, што гэта можа адбыцца толькі ў разе выкананьня афіцыйным Менскам чатырох умоваў, замацаваных у Бухарэсцкай разалюцыі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ.

Заўтра плянуецца сустрэча з кіраўніком праваабарончага цэнтру "Вясна" Алесям Бяляцкім, а днём пазьней – з кіраўніцтвам Беларускага Народнага Фронту.

Цікава, што Міністэрства замежных справаў Беларусі анічога ня ведае пра знаходжаньне галяндзкага амбасадара ў Менску. Паводле нашай інфрмацыі, атрыманай з МЗС, сустрэчаў з афіцыйнымі асобамі ў амбасадара Нідэрляндаў Джэя Дэвісэра пакуль не заплянавана.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG