Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 28 чэрвеня 2000 г.


Алег Супрунюк, Берасьцейская вобласьць

Увечары ў Бярозе – раённым цэнтры Берасьцейскае вобласьці – адбудзецца мітынг-сход у падтрымку Ўсебеларускага зьезду за незалежнасьць.

Сёньняшні мітынг у Бярозе ладзяць сябры абедзьвюх плыняў БНФ, Таварыства Беларускае Мовы імя Францішка Скарыны, Беларускага Жаночага Руху адраджэньня Айчыны, нефармальнага Аб'яднаньня "Бяроза-Картуская" ды іншых арганізацыяў гораду.

Пад час гэтай акцыі плянуецца абраць дэлегатаў на Ўсебеларускі зьезд за незалежнасьць, які пройдзе напрыканцы ліпеня. Арганізатары сёньняшняй акцыі зьбіраліся правесьці з гэтае нагоды адмысловы сход у гарадзкім Доме культуры, але бярозаўскія ўлады адмовіліся прадставіць памяшканьне. У рашэньні раённага выканкаму, якое было атрыманае толькі за два дні да заплянаванага сходу, нагадвалася, што праводзіць падобныя акцыі дазваляецца толькі на гарадзкім стадыёне – менавіта гэтае месца вызначанае мясцовай "вэртыкальлю" для правядзеньня масавых акцыяў, што ладзяцца без удзелу афіцыйных уладаў.

Акрамя таго пад час сёньняшняга мітынгу-сходу Бярозаўскі раённы выканкам таксама традыцыйна забараніў збор подпісаў і распаўсюджаньне інфармацыйных матэрыялаў. Справа ў тым, што пад час папярэдняй акцыі, прымеркаванае да 5-х угодкаў травеньскага рэфэрэндуму прыхільнікі адраджэньня бацькаўшчыны зьбіралі ў Бярозе подпісы за стварэньне Беларускага Нацыянальнага ўнівэрсытэту і супраць аб'яднаньня Беларусі з Расеяй.

Прадстаўнікі ўладаў тады фактычна сарвалі акцыю, пасьля чаго арганізатары вырашылі зьвярнуцца ў судовыя ворганы, каб абскардзіць дзеяньні "вэртыкалі". Але Бярозаўскі раённы суд адмовіўся прымаць скаргу, матывуючы гэта тым, што сам пікет быў дазволены, а забарону на збор подпісаў і распаўсюджваньне інфармацыйных матэрыялаў пад час гэтай акцыі трэба абскарджваць у вышэйстаячую арганізацыю. У Берасьцейскім жа абласным выканкаме цалкам пагадзіліся зь дзеяньнямі бярозаўскіх уладаў.

Застаецца зазначыць, што сёньняшні мітынг-сход у Бярозе распачнецца а 20-й гадзіне. Арганізатары акцыі з-за немагчымасьці даць адпаведную аб'яву ў афіцыйнай раённай газэце, заклікаюць мясцовых жыхароў прыйсьці на гэтую акцыю з дапамогаю ўлётак.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG