Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 09 чэрвеня 2000 г.


Алег Жукоўскі, Віцебск

Сёньня ў Віцебску ў сквэры ля пляцу Леніна з 17 да 18 гадзінаў праходзіў пікет у падтрымку Міхаіла Чыгіра. Гэты пікет па даручэньні гарадзкой Каардынацыйнай Рады дэмакратычных арганізацыяў заявілі старшыня абласной арганізацыі БНФ "Адраджэньне" сп. Васіль Шалухін, старшыня гарадзкой суполкі Сацыял-дэмакратычнай партыі "Народная грамада" сп. Аляксей Гаўруцікаў і сябра гэтае суполкі сп. Алена Фаміна.

Улады гораду дазволілі правядзеньне пікетаваньня 10-ці асобам, але жадаючых паўдзельнічаць у мерапрыемстве сабралося значна болей. Пад бел-чырвона-белымі сьцягамі каля стэндаў з партрэтамі экс-прэм'ера сабралося больш за чатыры дзясяткі чалавек. Палова зь іх трымала ў руках плякаты з тэкстамі кшталту: "Рукі прэч ад Чыгіра!", "Зьняць з Чыгіра ўсе абвінавачаньні як несапраўдныя і хлусьлівыя", "Суд над Чыгіром — помста ўладаў за сваё эканамічнае банкруцтва", "Чыгір — канкурэнт Лукашэнкі, за што й асуджаны" ды іншыя. А таксама лёзунгі ў падтрымку незалежнасьці Беларусі.

Актыўна зьбіраліся подпісы пад зваротам да старшіні Вярхоўнага суда сп. Стукалы, у якім, у праватнасьці, гаварылася: "Мы, жыхары г. Віцебска і вобласьці, лічым, што Вярхоўны суд Рэспублікі Буларусь набярэцца мужнасьці і адказнасьці, адпаведна з законам разгледзіць касацыйную скаргу М. Чыгіра, прызнае яго невінаватым і рэабілітуе беларускую фэміду ад ганьбы ў гэтым брудным палітычным працэсе".
Пад гэтай заявай і пад тэкстам "Акту аб незалежнасьці Беларусі" падпісаліся некалькі дзесяткаў месьцічаў.

Акрамя таго распаўсюджваліся запрашэньні на агульны сход грамадзянаў дзеля выбараў дэлегатаў Усебеларускага зьезду. Сход адбудзецца 14-га чэрвеня на пляцы Леніна, і, што цікава, арганізатары атрымалі дазвол на яго ад гарадзкіх уладаў, як ніколі, без усялякай затрымкі.

Вялікім попытам у людзей карысталіся каляндарыкі радыё "Свабода", якія таксама распаўсюджваліся на мерапрыемстве.

Каля тузіну міліцыянтаў ва ўніформе і прыкладна столькі ж у цывільным ніякіх перашкодаў пікетоўшчыкам не чынілі. Адно толькі старанна перапісалі тэксты ўсіх плякатаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG