Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 05 чэрвеня 2000 г.


Аляксандар Лукашук

Ад сёньняшняга дня Беларуская служба Радыё Свабода зьмяняе структуру перадачаў – з тлумачэньнем ля мікрафону дырэктар Беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук.

У нас добрыя навіны для слухачоў – ад сёньняшняга дня вы зможаце даведвацца самыя сьвежыя міжнародныя і беларускія навіны праз кожныя паўгадзіны вяшчаньня – на пачатку кожнай гадзіны, затым праз 30 хвілінаў пасярэдзіне гадзіны і зноў праз паўгадзіны. Такім чынам, на працягу дня вяшчаньня да чатырох традыцыйных выпускаў навінаў у жывым эфіры дадаецца яшчэ два. Дарэчы, магчыма гэта добрая нагода крыху расказаць, як рыхтуецца выпуск навінаў на "Свабодзе".

Нашая радыёстанцыя вяшчае на 23 краіны на 26 мовах. Ва ўсіх рэгіёнах вяшчаньня, за выняткам Ірану ды Іраку, мы маем сваіх карэспандэнтаў, а таксама карэспандэнтаў ва ўсіх эўрапейскіх краінах, у краінах Блізкага Ўсходу, у Аўстраліі і Амэрыцы. Ад гэтых краэспандэнтаў мы штодня атрымліваем унікальную сьвежую інфармацыю, якая складае асноўны аб'ём перадачаў.

Апроч таго, Радыё Свабода падпісваецца на вядучыя інфармацыйныя агенцтвы сьвету – толькі на ангельскай мове мы атрымліваем паведамленьні ад 15 буйнейшых міжнародных агенцтваў, такіх як Reuters, Associated Press, а таксама ад інфармацыйных агенцтваў Нямеччыны, Францыі, Гішпаніі і краінаў, на якія мы вяшчаем. Практычна кожную хвіліну мы атрымліваем навіну пра падзеі ў той ці іншай частцы сьвету.

З гэтага багацьця навінаў мы адбіраем тыя, што маюць глябальнае значэньне – і прынцыпы тут аднолькавыя для ўсіх прафэсійных кампаніяў сьвету. Першыя навіны на палосах газэтаў, выпускі вядучых міжнародных радыё і тэлекампаніў у значнай ступені тэматычна супадаюць – і гэта паказчык аднолькавых парфэсійных крытэрыяў. Гэта важна ў любой прафэсіі – і ў мэдыцыне, і ў авіяцыі, і ў спорце.

Апроч глябальных падзеяў, для нас найважнейшыя падзеі дня ў нашым рэгіёне – Эўропе, краінах-суседках Беларусі.

Навіны – хлеб і вада журналістыкі. Мы імкнемся даць нашым слухачам унікальную магчымасьць пачуць голас падзеі – прэзыдэнта, палітыка, часам, нават, перастрэлку, як гэта было з рэпартажам з Армянскага парлямэнту. Дзесяць сэкундаў гукавай атмасфэры навіны дапамагаюць перажыць яе асабіста.

Ад сёньняшняга дня нашая праца тут, у Празе, становіцца больш складанай. Але мы спадзяемся, што нашыя слухачы атрымаюць магчымасьць быць яшчэ больш інфармаванымі, лепш ведаць і разумець наш час і наш сьвет, які так імкліва мяняецца – будзем спадзявацца, да лепшага.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG