Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 18 траўня 2000 г.


Валянціна Аксак, Менск

У сталіцы краіны распачаўся трохдзённы артыстычны фэст "Менская Вясна". Яго зладзілі некалькі грамадзка-культурных арганізацыяў Польшчы, Нямеччыны й Беларусі.

Ідэя гэтага фэсту нарадзілася летась пад час гастроляў у Менску знакамітага познаньскага "Teatru osmego dnia". А дакладныя абрысы яна займела ўжо ў сёлетнім студзені на беларуска-польскай канфэрэнцыі "Нябачны мур", якая праходзіла на радзіме слыннага тэатру.

За рэалізацыю тэатральнае часткі фэсту і ўзялося познаньскае таварыства маладых творцаў "Ku teatrovi" на чале са слыннаю Іялянтаю Кіліян. Сучасную польскую экспэрымэнтальную сцэнічную стылістыку прадставяць менскай публіцы два тэатры – "Akademia ruchu" ды "Cogitatur".

Беларускі бок пададуць тэатар "Жэст" ды Гарадзенскі тэатар лялек з арыгінальнай вэрсіяй купалавых "Тутэйшых" ды зь Віктарам Шалкевічам на сцэне.

Тэатральныя імпрэзы чакаюць сваіх гледачоў у наступныя два дні фэсту на "Вольнай Сцэне", у "Дзе-Я" ды у Тэатры юнага гледача, а вось кінэматаграфічныя ды музычныя распачаліся ўжо сёньня. Дакладней, музычная – у клюбе "Рэактар" з удзелам беларускага "Новага неба" ды "Крыві" і польскага "Orkiestra Na Zdrowie" пачынаецца ўвечары, а кінэматаграфічнымі імпрэзамі сёньня фэст сучаснага альтэрнатыўнага мастацтва адкрыўся.

Кіна-дзень невыпадкова стаўся першым у праграме фэсту. Відэафільмы польскіх аўтараў, якія распавядаюць пра падзеі ў Сэрбіі ў 96-97 гадоў, аб'яднаныя ў цыкаль "Акцыя-Вуліца-Свабода".

Мэта фэсту якраз і палягае ў паказе свабоды творчасьці, – сказаў журналістам сёньня кіраўнік прэсавае службы фэсту Вячаслаў Ракіцкі. "Польскія і нямецкія творцы сваім удзелам у гэтым фэсьце дэманструюць салідарнасьць зь беларускімі калегамі, якія выбралі свабоду творчасьці. І назва фэсту – "Менская Вясна" – невыпадкова асацыюецца з аднайменным назовам тых акцыяў, якія ад 96-га году праходзяць на менскіх вуліцах", – зазначыў спадар Ракіцкі й дадаў, што пры гэтым зьмест фэсту падкрэсьлена апалітычны.

Тры дні мэлёдыі свабоды, як пасьпелі ўжо ахрысьціць гэты фэст, прыцягнуць несумнеўную цікавасьць аматараў альтэрнатыўнага мастацтва. І дзьве акцыі пэрфомансу ў ягонай праграме 19 і 20 траўня маюць усе шанцы стацца кульмінацыйнымі.

Праўда, з гэтым цьверджаньнем, бадай, не пагодзяцца прыхільнікі экспэрымэнтальнае музыкі, якую маюць прадставіць менскім меламанам гурты зь Нямеччыны ды Польшчы "Gelee Royale", "Diffusion Ensemble" ды "Pidzama Porno". Канцэрты гэтых гуртоў разам зь беларускімі групамі "Плато", "Уліс" ды "N.R.M." прагучаць у пятніцу ды суботу.

Тут трэба сказаць , што музычныя імпрэзы фэсту будуць платнымі, а на ўсе іншыя – уваход вольны. "Наш фэст ня мае камэрцыйных мэтаў. Гэта акцыя добрае волі ягоных удзельнікаў", – сказаў адзін зь ейных арганізатараў Вацлаў Арэшка, старшыня аб'яднаньня "Культурны кантакт".

Чакаецца, што ў фэсьце возьме ўдзел каля ста прадстаўнікоў альтэрнатыўнага мастацтва з Польшчы ды Нямеччыны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG