Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 20 красавіка 2000 г.


Валер Каліноўскі, Менск

20 красавіка калегія Менскага гарадзкога суду распачала разгляд касацыйнае скаргі Беларускага аб'яднаньня гэбрайскіх арганізацыяў і абшчынаў на рашэньне Савецкага раённага суду, які палічыў антысэміцкую кнігу "Вайна па законах нізасьці" "зьвесткамі навуковага характару".

Калегія Менскага гарадзкога суду да справы кнігі "Вайна па законах нізасьці" падыйшла надзвычай уважліва. У судзе высьветлілася, што на паседжаньне не прыйшлі некалькі асобаў, што былі дапушчаныя на працэс Савецкім раённым судом у якасьці трэцяга боку, паколькі раённы суд не скіраваў ім адпаведных позваў, а прадстаўніца Дваранскага сходу ня мела належна аформленых паўнамоцтваў. Гэта стала падставаю да пераносу разгляду на чарговае паседжаньне калегіі 11 траўня.

Адзін з кіраўнікоў Беларускага аб'яднаньня гэбрайскіх арганізацыяў і абшчынаў Якаў Басін ацаніў гэта як жаданьне суду пазьбегнуць новых касацыйных скаргаў. Якаў Басін ня ўпэўнены, што гарадзкі суд прыме рашэньне на карысьць гэбрайскіх арганізацыяў і грамадзянаў, што палічылі выхад кнігі "Вайна па законах нізасьці" абразаю ды зьвярнуліся з зыскам у абароне гонару й годнасьці. Але ён заяўляе, што ён і ягоная арганізацыя гатовыя змагацца за справядлівасьць і ў Вярхоўным судзе.

Паводле словаў Якава Басіна, з Генэральнай пракуратуры дагэтуль няма абгрунтаванага адказу на зварот гэбрайскіх арганізацыяў пра распальваньне нацыянальнае варожасьці выдаўцамі кнігі.

Затое выказалі сваё стаўленьне некалькі вядомых беларускіх дзеячаў навукі й культуры. Прафэсары Анатоль Грыцкевіч, Адам Мальдзіс, старшыня Таварыства Беларускае Мовы Алег Трусаў, пісьменьнік Уладзімер Конан і юрыст Міхал Пастухоў выступілі з "Адкрытым лістом" з нагоды выхаду гэтае кнігі, у якім асуджаюць ейных выдаўцоў і заяўляюць, што яна "ані ў якім разе ня можа быць прадметам навуковых дыскусіяў, бо зьяўляецца абсалютна ненавуковай".

У звароце зазначаецца: "Кніга "Вайна па законах нізасьці" складзена вялікімі ненавісьнікамі ня толькі гэбраяў, але й беларусаў, і скіраваная на распальваньне нацыянальнае ды рэлігійнае варожасьці. Яна не магла выйсьці без падтрымкі ўплывовых антысэміцкіх колаў з-за мяжы, з Расеі. Выказваем шкадаваньне з таго, што яе складальнікі кідаюць цень і на гіерархію праваслаўнае царквы, разглядаем гэтае выданьне як праяву наўмыснае палітыкі пэўных расейскіх колаў ускладніць грамадзкую сытуацыю ў Беларусі, зыходзячы са сваіх імпэрскіх інтарэсаў. У дадзеным выпадку, як і ў іншых, Беларусь пераўтвораная ў выпрабавальны палігон для гэнае палітыкі ў Расеі".

Як зазначыў адзін з зыскальнікаў Якаў Гутман, гэты зварот будзе перададзены ў матэрыялы судовае справы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG