Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 03 красавіка 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

На менскім пляцы Бангалёр адбыўся мітынг пратэсту прыватных прадпрымальнікаў. Каля 40 актывістаў Свабоднага прафэсійнага саюзу гандляроў з розных рэгіёнаў Беларусі патрабавалі ад уладаў спыніць адміністрацыйны ціск на сваіх калегаў і не перашкаджаць у правядзеньні ўстаноўчага зьезду іхнай арганізацыі.

Актывісты прадпрымальніцкага прафэсійнага саюзу з Горадні, Гомлі, Віцебску, Магілёва ды іншых гарадоў краіны прыехалі сёньня ў Менск, каб удзельнічаць ва ўстаноўчым зьезьдзе асобнага Прафэсійнага саюзу прадпрымальнікаў.

Першапачаткова плянавалася, што зьезд адбудзецца ўраніцу, пасьля чаго яго дэлегаты возьмуць удзел у мітынгу супраць зьбядненьня насельніцтва. Аднак у самы апошні момант арганізатары былі вымушаныя скарэктаваць свае пляны, бо ўлады адмовіліся прадаставіць памяшканьне.

Адміністрацыі некалькіх сталічных кінатэатраў і Палацу прафэсійных саюзаў, зь якімі ў сябраў ініцыятыўнае групы была дасягнутая папярэдняя дамоўленасьць на арэнду залі, не рызыкнулі пускаць у сваё памяшканьне прадпрымальнікаў-апазыцыянэраў. Лідэр прадпрымальніцкага руху Валеры Леванеўскі так патлумачыў прычыны перашкодаў з боку ўладаў у правядзеньні зьезду: "Гэта першая арганізацыя, якая ствараецца на ініцыятыву людзей зьнізу. І ўлады баяцца гэтае сілы, бо яна не падпарадкоўваецца дзяржаве. А ўсе астатнія прадпрымальніцкія структуры, якія на сёньняшні дзень існуюць у Беларусі, наўпрост ці ўскосна падпарадкаваныя дзяржаве й ніколі ня будуць супрацьстаяць ціску дзяржаўнага апарату на прадпрымальнікаў", – лічыць спадар Леванеўскі.

Валеры Леванеўскі таксама паведаміў, што рашэньне аб стварэньні асобнага незалежнага прадпрымальніцкага прафэсійнага саюзу было прынятае страйкавым камітэтам прыватных гандляроў яшчэ ў сьнежні мінулага году. Прафэсійны саюз, на думку ягоных лідэраў, павінен аб'яднаць усе разрозьненыя прадпрымальніцкія групы з усіх рэгіёнаў краіны.

Паколькі зьезд правесьці не ўдалося, паплечнікі спадара Леванеўскага вырашылі хаця б выказаць свой пратэст на мітынгу, дазвол на правядзеньне якога менскія ўлады далі. Акцыя атрымалася нешматлікай і непрацяглай, але даволі гучнай:

(Голас кабеты-прамоўцы: ) "Мы, прадпрымальнікі, сёньня павінны зразумець адно – чым больш сярод нас думаючых людзей… а ня жыць сёньняшнім днём, калі сёньня ёсьць, а заўтра – няма, дык мы з вамі ніколі ня выстаім".

Прадстаўнікі рэгіёнаў патрабавалі ад уладаў спыніць адміністрацыйныя пакараньні супраць гандляроў, паслабіць падаткавы ціск і не рабіць перашкодаў дзейнасьці незалежных прафэсійных саюзаў.

У выніковай рэзалюцыі мітынгу прадпрымальнікі асудзілі зьбіцьцё міліцыяй журналістаў 25 сакавіка. На іхную думку, падобныя дзеяньні мелі на мэце справакаваць масавыя беспарадкі ў сталіцы. Прадпрымальнікі таксама падтрымалі ідэю правядзеньня Ўсебеларускага зьезду.

У часе мітынгу была зарганізаваная раздача цукерак і сувэніраў для дзяцей. Праўда, у чарзе па цукеркі стаялі ня толькі дзеці, але й апэратыўнікі ў цывільным, якія баязьліва азіраліся па бакох і хавалі прысмакі ў кішэні.

Пасьля заканчэньня акцыі Валеры Леванеўскі паведаміў нашаму радыё, што ягоныя калегі будуць працягваць збор заяваў прадпрымальнікаў на ўваход у прафэсійны саюз, пасьля чаго ўсе неабходныя дакумэнты будуць пададзеныя на рэгістрацыю ў Міністэрства юстыцыі.

Леванеўскі таксама гаворыць, што прадпрымальнікі маюць намер правесьці ў чэрвені буйную акцыю пратэсту, у якой возьме ўдзел да 10 тысячаў гандляроў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG