Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 29 сакавіка 2000 г.


Вольга Караткевіч

Учора ў Празе на Дзіцячым востраве было пасаджанае Дрэва дэмакратыі для Беларусі. У цырымоніі ўзялі ўдзел прэзыдэнт Рады БНР Івонка Сурвілла, народны пісьменьнік Беларусі Васіль Быкаў, чэскі сэнатар Ян Румл.

У праграму візыту ў Прагу прэзыдэнта Рады БНР Івонкі Сурвіллы пасаджаньне Дрэва дэмакратыі ўключылі маладыя чэскія кансэрватары, якія арганізавалі шэраг акцыяў салідарнасьці з дэмакратычнымі сіламі Беларусі.

Учора на запрашэньне чэскага боку распачаўся візыт каля 40 прадстаўнікоў моладзевых арганізацыяў Беларусі "Малады Фронт" і "Грамадзянскі Форум". На Дзіцячым востраве ў Празе надвячоркам сабраліся беларускія і чэскія аднадумцы.

Выступаючы з прамовай, старшыня Маладых кансэрватараў Чэхіі Давід Рыц заявіў, што справа гонару кожнай эўрапейскай дэмакратычнай краіны спрыяць усталяваньню дэмакратыі на кантынэнце, як і справа гонару кожнага цывілізаванага чалавека ня быць абыякавым, калі ігнаруюцца асноўныя правы чалавека. Таму чэскія дэмакраты робяць усё, каб тут, у Чэхіі, і ва ўсім сьвеце ведалі, што ў Беларусі ёсьць рэальныя сілы, здатныя вярнуць краіну ў цывілізаваную Эўропу. Дрэва для дэмакратыі Беларусі ў Чэхіі павінна сымбалізаваць сумесныя крокі ў кірункі дэмакратычнай Беларусі.

Вось уражаньні Івонкі Сурвіллы:

(Сурвілла: ) "Я ўважаю, што гэта надзвычай прыгожы жэст і, на маю думку, гэта ня толькі Дрэва дэмакратыі, але і Дрэва надзеі для Беларусі. Перад тым, як трэба было насыпаць зямлю, я дзякавала за такое прыгожае выказваньне падтрымкі беларускаму народу. Ну і, безумоўна, прыпомніла аб тым, што наш вялікі Скарына ў 1540 годзе ўжо садзіў дрэвы ў Празе. Ён тады быў каралеўскім батанікам і стварыў адзін з прыгажэйшых паркаў Прагі. Так што я прыпомніла нашым чэскім прыяцелям аб гэтым, і таксама сказала, што я вельмі ганаруся рабіць тое, што рабіў наш вялікі гуманіст пяць стагодзьдзяў таму".

Гаварыла прэзыдэнт Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвілла.

Беларусаў – прадстаўнікоў "Маладога Фронту" і "Грамадзянскага Форуму" надзвычай зацікавіла магчымасьць пагаварыць з Сурвіллай і Быкавым.

Я стала сьведкай гутаркі, калі малады чалавек выказваў захапленьні творамі Васіля Быкава… Крыху сумна Васіль Быкаў сказаў: "Кнігі – гэта не тавар цяпер", на што моладзь перабіваючы адно аднаго казала: Васіль Уладзімеравіч, Вашыя кнігі і Вашыя наказы – гэта неад'емная частка станаўленьня новай Беларусі.

Як Васілю Быкаву ўяўляюцца такія сустрэчы ў замежжы?

(Быкаў: ) "Сумныя я адчуваю пачуцьці. Усё-такі трэба кантактаваць дома больш, а не ў замежжы. Гэта гора і бяда вымушае людзей як эміграваць, так і знаходзіць нейкія спосабы зносін. Гэта канешне хораша, але ня толькі недастаткова, а, нейкім чынам, ненатуральна".

Гэты быў народны пісьменьнік Беларусі Васіль Быкаў.

У плянах чэхаў – палітычны сэмінар для беларускіх маладых кансэрватараў.

Васіль Быкаў і Івонка Сурвілла маюць вячэру з чэскімі сэнатарамі. Дарэчы адзін зь іх, Ян Румл, які браў удзел у пасаджаньні Дрэва дэмакратыі для Беларусі, зьбіраецца ў Менск на Чарнобыльскі шлях, а падзеі ў Беларусі назваў настолькі крытычнымі, што варта ўводзіць санкцыі супраць такога рэжыму.

Дрэвам дэмакратыі для Беларусі стала ліпа. У Беларусі расьце адзін від ліпы. Ліпа – цене-, мароза- і ветраўстойлівая. Жыве 300-400 гадоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG