Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 сакавіка 2000 г.


Валянціна Аксак, Менск

Беларусь разьвіталася зь Міколам Ермаловічам.

Супольнымі сьпевамі нефармальнага беларускага гімну "Магутны Божа" разьвітваліся сёньня ў Менску зь Міколам Ермаловічам. На жалобную імпрэзу ў Дом літаратара прыйшлі толькі тыя, каго сюды прывяла духоўная еднасьць са стваральнікам катэхізму нацыянальнае сьведамасьці беларусаў, як вызначыў яго ў сваім кароткім выступе прадстаўнік Згуртаваньня беларусаў сьвету "Бацькаўшчына" Валер Герасімаў.

Прыйшлі тыя, каму гэты амаль невідушчы чалавек раскрыў вочы на сапраўдную гісторыю Беларусі. Якую, як галоўнаму рэдактару часопіса "Маладосьць" Генрыху Далідовічу, ён паказваў, так бы мовіць, у натуры, на падмурках манастыра, які ў ХІІІ стагодзьдзі заклаў у мястэчку Лаўрышава князь Войшалк, запачаткаваўшы Вялікае Княства Літоўскае.

"Вось адкуль пачыналася Літва – сярэднявечная дзяржава беларусаў, сказаў тады мне Ермаловіч і блаславіў на напісаньне гістарычнага раману пра ВКЛ", – сказаў спадар Далідовіч. Напісаны твор уручыць свайму духоўнаму настаўніку Генрых Далідовіч не пасьпеў.

Прыйшлі тыя, хто, як сябра клюбу "Спадчына" Аўген Калубовіч, лічыць Міколу Ермаловіча гонарам Айчыны. Менавіта так называецца ордэн клюбу, якім быў ганараваны Ермаловіч.

Тыя разьвітваліся зь Міколам Ермаловічам, хто, як нацыянальны палітычны дзеяч Лявон Баршчэўскі, лічыць: "Гэта адна з тых стратаў, пра якія абсалютна можна сказаць, што немагчыма гэтую страту аднавіць".

Прыйшлі тыя, хто сам сябе называе прадстаўнікамі абылганага пакаленьня, як маладэчанская пасьлядоўніца Ермаловіча Марыя Сенюць, і якія цяпер ведаюць: "Што значыць Беларусь. І праўду нідзе на схаваеш. І ад Бога не адлучыш".

Прыйшлі тыя, у кім Мікола Ермаловіч выпадковаю ўвагаю запаліў любоў да роднае мовы. Як гэтая немаладая кабета: "Ён так хораша са мной на беларускай мове гаварыў… І з таго часу я беларускую мову люблю і размаўляю толькі на беларускай мове".

І тыя былі тут, для каго кнігі Міколы Ермаловіча, як для пісьменьніцы Вольгі Іпатавай, будуць вечным неацэнным скарбам: "Сёньня ў зямлю навекі пойдзе цела гэтага па-сапраўднаму дарагога, роднага нам усім чалавека. Але душа яго застаецца з намі. Як навекі жыве і будзе жыць у народзе яго "Старажытная Беларусь" і ўсе кнігі, якія ён напісаў і не пасьпеў яшчэ апублікаваць. Яго кнігі, яго душа, яго сэрца, яго самаахвярнае служэньне нашай зямлі".

Прыйшлі ўсе тыя, для якіх Мікола Ермаловіч, па вызначэньні паэта Яўгена Гучка, – народны гісторык.

І тыя былі сёньня ля труны спадара Ермаловіча, для каго ён, як для кіраўніка мастацкае суполкі "Пагоня" Міколы Купавы: "Вы – наш інстытут. Гісторыі. У адной асобе. І я глыбока ўпэўнены, што Беларусь, каторая стане неўзабаве сапраўды незалежнай, вольнай, эўрапейскай дзяржавай, на сваіх скрыжалях напіша залатымі літарамі Ваша ймя".

Афіцыйны ж Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук як не прызнаваў, так і не прызнаў заслугаў Міколы Ермаловіча. Толькі некалькі ягоных супрацоўнікаў прыйшлі на разьвітаньне як прыватныя асобы. Дзяржаўныя ўлады, калі не лічыць супрацоўнікаў ворганаў дзяржаўнае бясьпекі, нават гэткім чынам прадстаўленыя не былі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG