Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 23 лютага 2000 г.


Ля тысячаў жывёлагадоўчых фэрмаў Беларусі гэтай зімою чуецца галоднае рыканьне жывёлін, якія пакутуюць ад бяскорміцы. Карміць быдла няма чым, а скарачаць статак Лукашэнка забараніў. У выніку зімоўка для многіх жывёлін ператвараецца ў маруднае паміраньне ад голаду. Наш карэспандэнт Алесь Мікалайчанка пабываў на фэрме калгасу "Чырвоная Беларусь", што месьціцца на ўскрайку вёскі Няманіца Барысаўскага раёну.

Натужліва і патрабавальна ўчора ўвечары рыкалі амаль усе дзьвесьце кароў, якія ўтрымліваюцца на няманіцкай фэрме калгасу "Чырвоная Беларусь". Таго, што даглядчыкі клалі ў бэтонныя кармушкі, было б дастаткова хіба што казе, але не карове: некалькі жменяў камбікорму, трохі сенажу ды яловыя галінкі. Дарэмна схуднелыя жывёліны зноў і зноў тыцкаліся пысамі ў парожнія карыты – больш ежы ім не далі.

Загадчыца фэрмы Ніна Клімковіч у той вечар паводле нейкіх прычынаў на сваім працоўным мейсцы адсутнічала, таму мне давялося размаўляць з рабочымі.

Так, даярка Ларыса Кірыльчык сказала, што зараз дзённы рацыён каровы ейнае групы складаецца не з належных адзінаццаці кармавых адзінак, а мае… "пяць, можа, шэсьць", – зазначыла спадарыня Кірыльчык і паведаміла пра сярэднесутачны надой: "чатыры літры не атрымліваецца. Да трох літраў".

Шчырым быў і рабочы Аляксандар Кукота, што прыбірае за каровамі гной:

"Ну, вядома, напярэдадні вясны ў калгасе якія кармы могуць быць? Усё выбрана. А тое, што ёсьць, гніе паціху. Наліваець, замакаець… Усё залежыць ад галавы…", – зрабіў выснову пра стан фэрмы Аляксандар Кукота, але каго ён меў на ўвазе адказным за гэта – старшыню гаспадаркі Сяргея Белаўскага ці кіраўнікоў раённага выканаўчага камітэту, рабочы ня патлумачыў.

Калі мы пакідалі гэтых людзей, нейкая жанчына, што не назвала сябе, выказала сваё меркаваньне наконт таго, што адбываецца на фэрме: "Людзі баяцца гаварыць праўду, але ж я скажу – каза больш дае малака, чым нашая карова".

Бездапаможны выгляд жывёліны, якая асуджаная чалавекам на пакуты, міжволі схіляе да пратэсту. Расейскі парлямэнт надоечы прыняў закон "Пра абарону жывёлаў ад жорсткага абыходжаньня". Калі б такі закон дзейнічаў у Беларусі, сёньня на лаву варта было б пасадзіць усю беларускую ўладу, якая ператварыла калгасныя фэрмы ў месцы катаваньня голадам няшчасных жывёлін.

Алесь Мікалайчанка, Вёска Няманіца Барысаўскага раёну

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG