Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 09 лютага 2000 г.


Кастусь Бандарук, Прага

У панядзелак вечарам ў Белградзе быў застрэлены міністар абароны Югаславіі Павле Булатовіч. Згодна учарашняй заяве апазыцыйных лідэраў, забойства Булатавіча сьведчыць аб тым, што прэзыдэнт Мілошавіч ператварыў Югаславію ў грамадзтва, ў якім нават высокага рангу дзяржаўныя чыноўнікі мусяць баяцца за сваё жыцьцё.

"Тыя, хто кіруюць краінай ужо больш як дзесяць гадоў, стварылі грамадзтва, у якім самі вымушаныя баяцца за сваё жыцьцё…Сэрбіі патрэбная ўлада, здольная аднавіць мір і бясьпеку ў грамадзтве" –заявіў лідэр апазыцыйнай Дэмакратычнай Партыі Зоран Джынджыч. Былы гэнерал і лідэр Сацыял-Дэмакратычнай Партыі Вук Обрадовіч заклікаў прэзыдэнта Мілошавіча пайсьці ў адстаўку, бо ягоны ўрад ператварыў Сэрбію ў крымінальнае грамадзтва.

Падобную думку выказаў журналістам ў Мадрыдзе прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Томас Пікэрынг. Забойства міністра абароны Югаславіі, адзначыў ён, паказвае, што атачэньне Мілошавіча зводзіць рахункі паміж сабою і змагаецца за ўладу і грошы.

Замах быў зроблены праз месяц пасьля забойства лідэра нефармальнай узброенай групоўкі вайсковага злачынцы Зэлька Разьнятавіча зь мянушкай "Аркан". Каля 7-й гадзіны ўвечары міністар абароны Павле Булатовіч абедаў у рэстаране футбольнага клюбу ў Белградзе. З боку футбольнага поля да акна рэстарану наблізіўся чалавек у масцы і праз вакно адкрыў агонь з аўтамату Калашнікава. Булатавіч неадкладна быў адвезены ў шпіталь, дзе й памёр. Два ягоныя таварышы, банкір Вук Абрадавіч і ўладальнік рэстарану Мірко Кнезэвіч былі параненыя. Паліцыя заблякавала ўвесь навакольны раён, аднак забойцу не удалося затрымаць. Рэстаран, у якім стралялі ў міністра абароны, знаходзіцца недалёка ад вайсковых казармаў і літаральна ў ста мэтрах ад будынку сакрэтнай паліцыі.

Пяцідзесяцігадовы Булатавіч стаў найбольш высокапастаўленай ахвярай таямнічых і нерасьсьледаваных замахаў на палітыкаў, апазыцыянэраў, паліцыянтаў і ўплывовых бізнэсоўцаў ў Югаславіі. Ён паходзіў зь вёскі Горні Ровчы ў паўночнай Чарнагорыі і ачольваў Сацыялістычную Партыю. У 93-96 гадох Булатавіч быў міністрам унутраных справаў і з 98-га году – міністра абароны ва ўрадзе Мілошавіча.

Павле Булатавіч ня мае ніякага дачыненьня да прэм'ера і лідэра Сацыялістычнай Партыі Моміра Булатавіча, але яны добрыя знаёмыя і ў свой час працавалі ў адной газэце. Затое міністар абароны быў сваяком важнай пэрсоны ў крымінальным сьвеце Дарко Асаніна, які быў забіты два гады таму.

У Белградзе Булатавіч належаў да малакалярытных палітычных фігураў, што выклікае дадатковыя спэкуляцыі што да матываў забойства. Ён не адыгрываў важнай ролі ў часе кампаніі супраць альбанскай партызанкі ў Косаве. Затое аглядальнікі лічаць, што значную ролю Булатавіч адыграў у пагаршэньні дачыненьняў паміж Чарнагорыяй і Сэрбіяй. Сацыялістычная Партыя Чарнагорыі, якую ён ачольваў, зьяўляецца галоўным апанэнтам празаходняга прэзыдэнта Дзюканавіча. У часе налётаў НАТО на Белград, ён выказваўся за больш рашучыя крокі ў дачыненьні да Чарнагорыі, якая заняла нэўтральную пазыцыю. Булатавіч стаў на баку Мілошавіча і актыўна удзельнічаў у арганізацыі вайсковай паліцыі ў якасьці процівагі аналягічных сілаў, сфармаваных уладамі Чарнагорыі. Ён таксама актыўна арганізаваў у паўночнай Чарнагорыі ляяльныя ў дачыненьні да Мілошавіча структуры, якія дапамаглі б гэтаму раёну аддзяліцца ад Чарнагорыі ў выпадку абвяшчэньня ёю незалежнасьці.

У панядзелак вечарам, адразу пасьля замаху, на надзвычайную сэсію сабраўся югаслаўскі ўрад. Кабінэт міністраў выказаў словы спачуваньня сям'і Булатавіча і заявіў, што ён стаў ахвярай клясычнага тэракту. "Фэдэральны ўрад поўнасьцю падтрымоўвае адпаведныя органы ў бескампраміснай барацьбе з тэрарызмам" –гаварылася ў адмысловай заяве. На думку некаторых аглядальнікаў, у прыватнасьці газэты "Los Angeles Times", улічваючы заслугі Булатавіча перад прэзыдэнтам Мілошавічам, можна меркаваць, што гэтым разам ён сапраўды ня меў нічога супольнага з замахам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG