Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 28 студзеня 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

(эфір 27 студзеня)
Сёньня ў Варшаве адбылася сустрэча кіраўнікоў энэргетычных сыстэмаў Польшчы, Расеі і Беларусі. Абмяркоўвалася ідэя пастаўкі на Захад расейскай электраэнэргіі. А Беларусь, якую на сустрэчы прадстаўляў прэзыдэнт канцэрну "Белэнэрга" Валянцін Герасімаў, выступае ў якасьці транзытнае дзяржавы.

Ідэя продажу на Захад расейскай электрычнасьці належыць Анатолю Чубайсу. Кіраўнік акцыянэрнага таварыства "ЕЭС России" летась прапанаваў Менску адпаведны бізнэс-праект. У ім фігуравала й беларуская энэргасыстэма – ёй адводзілася транзытная роля. Нягледзячы на нэгатыўнае стаўленьне беларускіх уладаў да асобы Чубайса, праект быў ухвалены. Рэч у тым, што Беларусь завінавацілася кампаніі "ЕЭС России" некалькі дзясяткаў мільёнаў даляраў.

22 кастрычніка было падпісанае пагадненьне аб аб'яднаньні энэргасыстэмаў Беларусі й Расеі. Як бізнэсмэн, Чубайс, відавочна, разумеў, што такое аб'яднаньне фактычна скасоўвае для Менску магчымасьць прыняцьця самастойных рашэньняў.

Залежнасьць беларускай энэргетыкі ад Масквы яшчэ болей акрэсьлілася на гэтым тыдні, калі Анатоль Чубайс прымаў Сяргея Лінга. 33 мільёны даляраў беларускае запазычанасьці, на думку назіральнікаў, прымусілі беларускага прэм'ера падпарадкавацца далейшым бізнэс-плянам "ЕЭС России".

Напэўна, каб ня крыўдзіць Менск, Чубайс назваў сваю стратэгію "маштабным расейска-беларускім прарывам у экспарце электраэнэргіі на эўрапейскія рынкі". Ён таксама паабяцаў атачэньню Лукашэнкі разгледзець магчымасьць інвэстыцыяў сваёй кампаніі ў беларускія энэргасеткі. Што тычыцца ўдзелу ў гэтым экспарце Беларусі, то, на думку бальшыні адмыслоўцаў, у яе зараз няма выбару.

У прыватнасьці, доктар тэхнічных навук, энэргетык Васіль Ермашкевіч, камэнтуючы праект Чубайса, сказаў, што экспарт і транзыт – заўжды справа выгодная. З другога боку, у Беларусі няма зараз альтэрнатыўных партнэраў… "У нас ёсьць з Польшчаю сувязь праз лінію 220 кілявольтаў. Аднак гэтая лінія мае слабую прапускную здольнасьць. Таму трэба разьвіваць больш магутныя лініі электраперадачаў. Напрыклад, 750 кілавольтаў", – адзначыў экспэрт Васіль Ермашкевіч. Зь яго словаў вынікае, што Расея, сапраўды, вымушаныя будзе дапамагчы Беларусі мадэрнізаваць энэргасыстэму.

Паводле іншых экспэртаў, чакаць гэтага ад Масквы наўрад ці варта. Бо вядома, што расейская энэргетычная кампанія сама мае патрэбу ў вялізных інвэстыцыях. Менавіта яе фінансавыя праблемы, паводле меркаваньня расейскіх сродкаў масавай інфармацыі, якраз і спрычыніліся да жаданьня экспартаваць электрычнасьць на Захад. Беларусі ў згаданым праекце адводзіцца другарадная роля. Прыбыткі ад энэргетычнага бізнэсу будзе дзяліць Масква.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG