Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 24 студзеня 2000 г.


Юрась Карманаў, Менск

Сёньня "Малады Фронт" падаў у Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт заяўку на правядзеньне 14 лютага – на дзень Сьвятога Валянціна – традыцыйнай маніфэстацыі, якая сёлета мае назву "Акцыя любові".

Пра гэта нашаму радыё паведаміў намесьнік старшыні "Маладога Фронту" Аляксей Янукевіч. Афіцыйныя заяўнікі акцыі – лідэр "Маладога Фронту" Павал Севярынец і старшыня міжнароднае камісіі "МФ" Алесь Стральцоў.

У заяўцы паведамляецца, што "Акцыя Любові" распачнецца на пляцы Якуба Коласа а 16:30. З пляцу калёна маніфэстантаў мае намер рушыць да Опэрнага тэатру, дзе а 18:30 распачнецца паўгадзінны мітынг. Цягам дзесяці дзён Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт павінен разгледзець заяўку.

Сэнс традыцыйнай акцыі на Дзень Сьвятога Валянціна – дэманстрацыя праэўрапейскай скіраванасьці беларускае моладзі. "Акцыя Любові" пройдзе пад сьцягамі эўрапейскіх краінаў і бел-чырвона-белымі сьцягамі. Зранку 14 лютага прадстаўнікі "Маладога Фронту" перададуць у амбасады эўрапейскіх краінаў і ЗША, што месьцяцца ў Менску, пэтыцыі, сэнс якіх – дэклярацыя прыхільнасьцяў да эўрапейскіх каштоўнасьцяў.

Мяркуецца, што ўвечары 14 лютага ў розных гарадох Беларусі ў адзін і той жа час маладыя людзі з запаленымі сьвечкамі ў руках стануць у фігуры ў форме сэрцаў.

"Малады Фронт" зьвярнуўся з просьбаю зарганізаваць пікеты салідарнасьці да сваіх партнэрскіх арганізацыяў з Польшчы, Чэхіі, Украіны, Летувы, Эстоніі, Вугоршчыны, Даніі, Вялікай Брытаніі, Гішпаніі, Італіі, Фінляндыі. У арганізацыі маладых кансэрватараў гэтых краінаў высланыя бел-чырвона-белыя сьцягі.

Першая акцыя "Беларусь у Эўропу" адбылася ў 1997 годзе й была жорстка разагнаная ўладамі. Пасьля леташняй акцыі "Беларусь у Эўропу" намесьнік страшыні "МФ" Яўген Скочка быў асуджаны на год пазбаўленьня волі ўмоўна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG