Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 студзеня 2000 г.


Вольга Караткевіч, Познань

Кожны тыдзень у гарадах Польшчы праходзяць акцыі пратэсту супраць расейскай вайны ў Чачні. Бальшыня палітычных сілаў гэтай краіны салідарныя ў асуджэньні палітыкі Расеі на Каўказе. Сярод лёзунгаў акцыяў, якія праводзяць палякі – наступны: "нельга дапусьціць, каб Расея, разбураючы элемэнтарныя асновы гуманізму, стварала ў дэмакратычным сьвеце крыміналізаванае кубло". Пра пікет у польскім горадзе Познань – Вольга Караткевіч.

"Dosc kompromitacji idei demokracji". Досыць кампрамэтаваць ідэю дэмакратыі. – так палякі ацэньваюць сучасную ўнутраную палітыку Расейскай Фэдэрацыі. Польскія палітычныя сілы – правыя і левыя - арганізавалі рэгулярную буйнамаштабную акцыю пратэсту супраць Расейскай вайны ў Чачні. У Познані, у суботу, на пляц Волі прыйшло шмат маладых людзей. Падрыхтаваных, з плякатамі ў мэгафонамі, з групай валянтороў, якія зьбіралі грошы для гуманітарнай дапамогі Чачні. Чым выкліканая такая несьціхальная актыўнасьць у Польшчы? Гаворыць старшыня Познаньскай рады Фэдэрацыі маладых сябраў Вуніі працы Рафал Дзюрка:

(Рафал Дзюрка: ) "Галоўным чынам, гэта вынікае з нашых палітычных поглядаў, поглядаў польскай левіцы – барацьба супраць парушэньняў правоў чалавека. Мы назіраем за тым, што адбываецца ў Чачні – гэта шакуе. Разам з правымі арганізацыямі мы пастанавілі разам змагацца за свабоду чачэнскага народу. Далей мы плянуем перадаць пэтыцыю ў расейскі ў кансулят тут, у Познані, консулу Расейскай Фэдэрацыі для таго, каб вайна ў Чачэніі была спыненая".

Гэта быў старшыня Познаньскай рады Фэдэрацыі маладых сябраў польскай Вуніі працы Рафал Дзюрка. Трэба адзначыць, што, нягледзячы на вольны ад працы дзень, сотні людзей, жыхароў Познані і гасьцей гораду, падыходзілі, ставілі свае подпісы пад пэтыцыяй, актыўна давалі грошы і дзяліліся апошняй інфармацыяй пра Чачню. "Вольнасьць для Чачні" скандавалі ўдзельнікі акцыі:

"Wolna Czeczenia!"

Сярод плякатаў пікету ў Познані быў і такі: "Не дамо паняволіць Чачню". Я спыталася ў маладога чалавека – якім жа чынам Польшча можа ўплываць на сытуацыю ў Чачні. Гаворыць Пшэмыслаў Кавальскі, актывіст польскіх дэмакратычных левых сілаў.

(Пшэмыслаў Кавальскі: ) "Перадусім міністэрства замежных справаў, міністар Браніслаў Гэрэмэк павінныя рашуча выступіць з нотай пратэсту супраць Расеі, так як шмат краінаў Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе, іншыя заходнія краіны. Аказаць нейкі ўплыў на падзеі ў Чачні. Паказаць, што Польшча не згаджаецца з тым, што адбываецца ў нашых недалёкіх суседзяў. Калі сёньня гэта тычыцца Чачні, то пазьней гэта можа датычыць Беларусі, Украіны альбо Літвы. А пасьля й Польшчы. Калі імпэрыялізм адродзіцца ў Расеі, то будзе пагроза ня толькі для Эўропе, ня толькі для эўраазіяцкага рэгіёну, але для ўсяго сьвету"

Пшэмыслаў Кавальскі выказаў зьдзьўленьне, як Захад можа дапамагаць Расеі фінансава, калі відочна, што гэтыя грошы выкарыстоўваюцца для ваеннай кампаніі ў Чачні, якая, у сваю чаргу, дале палітычныя дывідэнты аўтарытарнаму палітыку Ўладзіміру Пуціну. Як паведамілі мне ў фэдэрацыі маладых сябраў Вуніі працы, заклік – далучайся да ўсясьветнай буры пратэсту супраць тыраніі Пуціна – гучыць штотыдня ў розных рэгіёнах Польшчы. Трагедыя Чачні цяпер часта зьвязаная зь іменем Пуціна. Цытую ўлётку, раздаваную на акцыях уПольшчы – Пуцін валодае ўжо рэальнай уладай у Расейскай Фэдэрацыяй і ўсімі яе атрыбутамі – ядзернак кнопкай, інвэстыцыямі, сродкамі масавай інфармацыі. Не дазвольма, каб ён будаваў свой аўтарытэт на грунце вайны, не дамо, каб прыярытэтам палітыкі Пуціна стала зьнішчэньне народу, які дамагаецца незалежнасьці. Удзельнікі пікета скандавалі: "Пуцін – забойца!":

"Putin – morderca!"

Эфэктыўнасьць акцыяў пратэсту – часта ўспрымаецца скептычна. Палякі, якія выступаюць супраць зьнішчэньня Чачні, вераць у сэнс публічнага выказваньня нязгоды:

(Удзельнік пікету): "А я адказваю, што кожны такі пратэст мае свой сэнс. Мае значэньне, каб маглі ўсьвядоміць людзі, якія тут праходзяць тут, праз цэнтар Познані, што насамрэч адбываецца ў некалькіх тысячах кілямэтраў адсюль. Гэта далёка геаграфічна, але вельмі блізка. Блізка, таму што мы – людзі. Усе мы – перадусім людзі, а пасьля ўжо народы. Кожны народ павінен мець права на самавызначэньне, на годнае жыцьцё, на тое, каб быць народам".

Пасьля акцыі ў Познані, мне параілі купіць выдадзеную напрыканцы 99 году кнігу польскага журналіста Пётра Грахмальскага "Чачня. Сапраўдны лёс". Спадар Грахмальскі некалькі гадоў правёў у Чачні, асабіста ведае Шаміля Басаева, іншых камандзіраў і палітыкаў Чачні. У буйных і малых кнігарнях мне адказвалі аднолькава: кніга была раскупленая за некалькі дзён…

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG