Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 сьнежня 1999 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Сталы прадстаўнік Беларусі ў ворганах СНД Сяргей Посахаў ня ўпэўнены, што падпісаная сёньня ў Крамлі Дамова аб стварэньні беларуска-расейскае хаўруснае дзяржавы не прывядзе да яшчэ большае дэзінтэграцыі краінаў Садружнасьці.

Гэтыя думкі Сяргей Посахаў выказаў сёньня пад час прэсавае канфэрэнцыі, прысьвечанае восьмай гадавіне СНД. Прычым, погляды беларускага прадстаўніка ў ворганах Садружнасьці адносна падпісанае хаўруснае дамовы мяняліся на працягу ўсяго аднае гадзіны.

На пачатку прэсавае канфэрэнцыі сп. Посахаў павіншаваў журналістаў з гістарычнай падзеяў, якая адбылася ў Маскве, і назваў сымбалічным тое, што гэты дакумэнт Лукашэнка і Ельцын падпісалі менавіта ў дзень ліквідацыі Савецкага Саюзу.

Посахаў нават прывёў з гэтае нагоды словы сябра Сыноду Расейскае праваслаўнае царквы, мітрапаліта Кірыла, які заявіў днямі, што, відаць, Госпад адмыслова наслаў на Ельцына бранхіт, каб падпісаньне дамовы адбылося менавіта ў сёньняшні знамянальны дзень.

Пасьля Посахаў доўга распавядаў пра дасягненьні й страты за восем гадоў існаваньня Садружнасьці. Калі ж справа дайшла да адказаў на пытаньні, ён раптам зрабіў нечаканыя прызнаньні. Адказваючы на пытаньне нашага радыё, Сяргей Посахаў паведаміў, што ня ўпэўнены, што заключэньне хаўруснае дамовы з Расеяй не прывядзе да распаду Садружнасьці.

На думку сп. Посахава, адназначнага адказу на гэтае пытаньне няма. Маўляў, усё будзе залежыць ад таго, якім прыкладам для іншых краінаў СНД стане беларуска-расейскі хаўрус: калі ад аб'яднаньня жыцьцё беларускіх і расейскіх грамадзянаў стане лепшым, то гэта паскорыць інтэграцыю і ў СНД, а калі не, то й само йснаваньне Садружнасьці апынецца пад пытаньнем.

Сяргей Посахаў таксама паведаміў, што ўжо пасьля абмеркаваньня праекту хаўруснае дамовы рабочыя групы спрабавалі ўнесьці ў дакумэнт папраўкі. У прыватнасьці, некаторыя распрацоўшчыкі праекту хацелі, каб у дамове зьявіўся запіс аб стварэньні на тэрыторыі хаўрусу агульных палітычных партыяў.

А сам Посахаў прапаноўваў, каб афіцыйнай моваю новага дзяржаўнага ўтварэньня была ня толькі расейская, але й беларуская. Але гэтыя прапановы, паводле словаў Сяргея Посахава, прынятыя не былі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG