Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 02 сьнежня 1999 г.


Галіна Айзенштадт, Менск

Пад час нядаўняе выправы ў штаб-кватэру ААН пісьменьнік, старшыня міжнароднае камісіі "Савету Рэспублікі" Мікалай Чаргінец сустрэўся з прадстаўніком Пэнтагону спадаром Шумахэрам і перадаў яму новыя дадзеныя, што тычацца амэрыканскіх вайскоўцаў, якія зьніклі бязь вестак пад час віетнамскае вайны.

"Ці магчыма палепшыць адносіны паміж Беларусьсю й Злучанымі Штатамі, калі з вуснаў Аляксандра Лукашэнкі няспынна гучаць антызаходніцкія і антыамэрыканскія выказваньні?" – спытала я ў Мікалая Чаргінца. На што той адказаў: "Я з тых палітыкаў, якія лічаць – якія б складанасьці паміж кіраўнікамі краінаў ні паўставалі, трэба працаваць дзеля галоўнага – нармальнага супрацоўніцтва народаў. І тая справа, якую мы распачалі яшчэ ў 1993 годзе (я тады ўзначальваў Камітэт па сацыяльнай абароне вайскоўцаў) – дапамагаць пошукам зьніклых бязь вестак амэрыканскіх салдат, павінна працягвацца нягледзячы ні на што".

Прадстаўніку Пэнтагону спадару Шумахэру, які ў ваенным ведамстве займаецца якраз гэтым пытаньнем, Чаргінец перадаў экзэмпляр віетнамскае газэты, дзе зьмешчаныя фотаздымкі васьмёх амэрыканскіх ваеннапалонных, а таксама паведамленьне пра выставу рэчаў і фотаздымкаў палонных амэрыканскіх лётчыкаў.

Самым жа ўнікальным дакумэнтам зьяўляецца фотаздымак амэрыканскіх салдат, зроблены ў гэлікоптэры, калі тыя ляцелі на баявое заданьне. Гэлікоптэр быў падбіты, салдаты загінулі, захаваўся толькі вось гэты здымак, але такі выразны, што ідэнтыфікаваць асобы загінуўшых, відаць, не складзе цяжкасьцяў.

Адкуль жа дасюль бяруцца ўнікальныя сьведчаньні? Іх прыносяць Чаргінцу беларускія вайскоўцы, якія ваявалі ў Віетнаме. У савецкі час іх імёны засакрэчваліся, – як і тых, хто ваяваў у Карэі, Егіпце ды іншых "гарачых кропках".

Калі Чаргінец на пачатку 90-х гадоў узначальваў Камітэт па сацыяльнай дапамозе вайскоўцаў, то атрымаў сьпісы ўдзельнікаў усіх лякальных канфліктаў і зьвярнуўся да іх з просьбаю – дасылаць, калі ёсьць, хоць нейкія сьведчаньні пра амэрыканцаў, што зьніклі бясьсьледна. Асабліва пад час вайны ў Віетнаме.

"У той вайне ўдзельнічалі многія беларусы, – зазначае Чаргінец, – таму што ў Менску разьмешчаная ракетна-зэнітная вучэльня. А менавіта гэтыя адмыслоўцы былі патрэбныя віетнамцам".

У палкоўніка ў адстаўцы Ўладзімера Чумака, які ваяваў у Віетнаме, захавалася пасьведчаньне загінуўшага амэрыканскага лётчыка Робэрта Стэндэрвіка. Іншы былы беларускі "віетнамец" перадаў Чаргінцу фотаздымак зьбітага самалёта, на якім выразна бачны нумар на фюзэляжы.

Вядомыя і іншыя, даволі фантастычныя, гісторыі. Адзін былы памежнік, які служыў на Далёкім Усходзе, напаткаў на беразе мора труп амэрыканскага лётчыка. Беларус-памежнік узяў на памяць гадзіньнік амэрыканца, а некалькі гадоў таму перадаў гэтую рэліквію ў ЗША.

Амэрыканскі бок перадаў Чаргінцу цэлы том з сотнямі прозьвішчаў сваіх зьніклых бязь вестак суайчыньнікаў. Некаторыя адшукваюцца ажно з 1961 году. Акрамя таго, перадалі й сьпіс больш чым дзьвюхсот чалавек (у тым ліку беларусаў), якія загінулі пад час фінскае вайны.

Мікалай Чаргінец, былы ўдзельнік савецка-афганскае вайны, лічыць, што клопат амэрыканцаў пра сваіх загінуўшых зьяўляецца для беларусаў прыкладам таго, як трэба ставіцца да кожнага свайго грамадзяніна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG