Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 24 лістапада 1999 г.


Алена Ціхановіч, Прага

Надыход зімы каля 700 тысячаў людзей на эўрапейскім кантынэнце сустракаюць у палатках і часовых лягерох. Гэта – вынік вайсковых канфліктаў, як у Косаве і Чачні, ці прыродных катастрофаў, як у Турцыі. Сёньняшні заходні друк піша пра пэрспэктывы Эўропы і эўрапейцаў, не абыходзячы і іншыя краіны.

Так, вядомы фінансіст Джорж Сорас выступіў з артыкулам, прысьвечаным праблемам Украіны. Брытанскі і эўрапейскі друк піша таксама пра рост папулярнасьці ангельскага прэм'ера Тоні Блээра у сувязі з тым, што ў ягонай сям'і павінна нарадзіцца чацьвёртае дзіця.

Сёньня газэта "The International Herald Tribune" адзначае: драма соцень тысячаў людзей, пазбаўленых свайго дома, адбываецца на фоне агульнага дабрабыту Эўропы, калі квітнеюць яе фондавыя біржы, калі ў многіх месцах зьніжаецца ўзровень беспрацоўя і падвышаецца жыцьцёвы стандарт.

Тым часам міжнародныя агенцтвы дапамогі працягваюць свае намаганьні ўладкаваць 350 тысячаў людзей з балканскага рэгіёну. У часе мінулай вайны ў Косаве была разбураная траціна ўсяго жыльлёвага фонду. Драматычная зіма чакае і каля 50 тысячаў учекачоў з Чачні, якія жывуць у суседняй Інгушэціі ў часовых лягерох, вагонах. Усяго, як падае газэта, Чачню пакінулі каля 215 тысячаў чалавек, але астатнім удалося ўладкавацца ў сваякоў, знаёмых ці хаця б у аварыйных будынках.

У Турцыі пасля хваляў разбуральнага землятрусу 126 тысячаў людзей працягваюць жыць у намётах. Пасьля перажытага шоку і стратаў яны баяцца вяртацца ў свае дамы, калі тыя і засталіся.

Мінусавая тэмпература, недахоп чыстай вады і ежы, антысанітарыя – усё гэта, на думку доктара Эдварда Касенкі, прадстаўніка Сусьветнай арганізацыі здароўя, пагражае рэгіёнам бедства ня толькі масавымі рэспіраторнымі хваробамі, але і эпідэміямі, не выключаючы і пагрозу халеры. Міжнародныя агенцтвы гуманітарнай дапамогі шукаюць донараў для тэрміновай падтрымкі людзей ў бядзе.

Сёньня ў газэце "The Washington Post" свой погляд на неадкладныя праблемы Ўкраіны выказаў вядомы фінансіст Джордж Сорас. На ягоную думку, Леанід Кучма перамог ў мінулых прэзыдэнцкіх выбарах ня столькі таму, што простыя грамадзяне падтрымалі яго эканамічную палітыку, а толькі таму, што яны ня хочуць вяртаньня камунізму. Кучма павінен браць пад увагу, адзначае далей Дж.Сорас, што і заходнія ўрады, якія аказалі ўкраінскаму прэзыдэнту падтрымку, ня могуць далей захоўваць яго статус-кво. Неэфэктыўная сыстэма і карумпаваны ўрад мелі магчымасьць выжываць зь міжнароднай дапамогай толькі за кошт геапалітычнага становішча Ўкраіны. Але сыстэма сваяцкага капіталізму, калі абагачаецца толькі малая вярхушка, а астатняя большасьць 50-мільённнага насельніцтва, зацкаваная бюракратамі, жыве бедна – такая сістэма ня можа вытрымаць доўгую дыстанцыю.

Захад мусіць даць зразумець, піша далей Джордж Сорас у сённяшняй "The Washington Post", што само па сабе геапалітычнае становішча Ўкраіны ня можа быць гарантыяй яе падтрымкі. Украіна мае даўгоў больш як на 3 мільядры даляраў, большую частку зь іх – Міжнароднаму валютнаму фонду. МВФ свае далейшыя пазыкі Ўкраіне зьвязвае з правядзеньнем тут больш відавочнага прыватызацыйнага працэсу, адміністрацыйых рэформаў, дэрэгуляцыі цэнаў і антыкарупцыйных захадаў.

Яшчэ адзін вядомы эўрапейскі палітык – ангельскі прэм'ер Тоні Блэр – апынуўся ў цэнтры увагі прэсы дзякуючы сваім сямейным плянам. Абвешчана, што ягоная жонка, 45-гадовая Чэры, цяжарная. Блэры чакаюць чацьвертае дзіця. Гэта навіна спарадзіла лавіну камэнтароў як у брытанскай прэсе, так і з вуснаў сусьветных лідэраў. Блэр, дзякуючы гэтай навіне, быў таксама ў цэнтры ўвагі на сустрэчы левацэнтрысцкіх лідэраў, якая праходзіла ў Флярэнцыі ў гэтыя выхадныя. Гілары Клінтан прапанавала Блэру руку падтрымкі, а бяздзетны нямецкі канцлер Герхард Шродэр сказаў, што Блэр падае новы ўзор для паводзінаў палітычных лідараў.

Паводле апошняга сацыялягічнага апытаньня, папулярнасьць ангельскага прэм'ера адразу ўзрасла на 5 працэнтаў – цяпер падтрымку яму аказваюць 58 працэнтаў насельніцтва. Як адзначае сёньня газэта "The Guardian", узор маленькіх слядкоў вакол Даўнінг Стрыт ажывіць імідж сям'і, які так казачна спрацаваў на карысьць Блэра ў 1997 годзе.

"The International Herald Tribune" таксама нагадвае, што гэта першы выпадак пасьля прыкладу амэрыканскага прэзыдэнта Джона Кенэдзі, калі заходні лідэр стане бацькам у часе свайго знаходжаньня ва ўладзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG