Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 27 кастрычнiка 1999 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Жонка вядомага апазыцыйнага палітыка Віктара Ганчара Зінаіда лічыць, што ўлады робяць усё, каб справа аб зьнікненьні яе мужа ніколі не была раскрытая. Усе заявы чыноўнікаў пра новыя акалічнасьці злачынства супраць выконваючага абавязкі старшыні Вярхоўнага Савету, нібыта выяўленыя сьледзтвам, спадарыня Ганчар называе блефам.

Начальнік менскае міліцыі Барыс Тарлецкі паведаміў учора, што знойдзены нейкі сотавы тэлефон, які, на думку сьледчых, можа належаць або Ганчару, або Красоўскаму. Паводле словаў гэнэрала Тарлецкага, менавіта гэты факт меў на ўвазе намесьнік міністра нутраных справаў Міхал Удовікаў, які некалькі тыдняў таму заявіў, што ў справе Ганчара зьявілася новая цікавая інфармацыя.

Тарлецкі таксама сказаў, што вызначыць, каму дакладна належыць знойдзены тэлефон, цяжка, паколькі ў апараце адсутнічае дэталь, на якой пазначаны нумар абанэнта. Ня могуць сьледчыя высьветліць і тое, каму належыць кроў, сьляды якой знойдзеныя на мейсцы зьнікненьня Ганчара й Красоўскага: у беларускай міліцыі нібыта няма адпаведнае тэхнікі, а аналіз крыві на ДНК каштуе прыкладна 6 тысячаў даляраў, якіх у сьледзтва таксама няма.

Зінаіда Ганчар паведаміла сёньня нашаму радыё, што ёй нічога невядома пра знойдзены тэлефонны апарат. Паставілася яна да гэтай інфармацыі скэптычна, бо добра ведае, які тэлефон быў у яе мужа і магла б яго апазнаць, аднак сьледчы Сяргей Новікаў аніякіх тэлефонаў ёй не паказваў.

Больш таго, сьледчы да заканчэньня сьледзтва навогул адмовіўся знаёміць Зінаіду з матэрыяламі справы. Сьледзтва й надалей актыўна адпрацоўвае вэрсію, паводле якой Ганчар і Красоўскі сталі ахвярамі крымінальнікаў, якім апазыцыянэр нібыта быў павінен вялікую суму грошай.

Аднак Зінаіда Ганчар лічыць, што да зьнікненьня Віктара прыклаў руку менавіта Лукашэнка, які быў напалоханы актыўнымі дзеяньнямі яе мужа па кансалідацыі апазыцыйных сілаў. Гаворыць Зінаіда Ганчар:

(Ганчар: ) "Я прыходжу да такой высновы, што сьледчы Новікаў цудоўна разумее, што адбываецца і хто ў гэтым вінаваты. Але, на жаль, ён, відаць, нічога ня можа зрабіць.У нядаўняй размове са мною сьледчы нават сказаў, што, хутчэй за ўсё, я даведаюся праўду пра зьнікненьне свайго мужа гадоў праз 50, калі раскрыюцца архівы КГБ.

Мяне вельмі абурае пазыцыя кіраўнікоў сілавых ведамстваў Беларусі. Я лічу, што яны павінны разумець, што ня трэба чакаць 50 гадоў. Пройдзе значна менш часу – і стануць вядомыя прозьвішчы тых, хто скраў майго мужа і па чыёй камандзе гэта рабілася. Няхай сілавікі лепш думаюць, зь якім імём яны сыйдуць са сваіх пасадаў".

Спадарыня Ганчар упэўненая, што ўлады ведаюць, дзе знаходзіцца яе муж, але працягваюць імітацыю пошукаў.

Жонка Анатоля Красоўскага, Ірына, таксама ня мае аніякай інфармацыі пра ход расьсьледваньня, бо сьледчы Новікаў не дае ёй азнаёміцца з матэрыяламі справы. Нашаму радыё Ірына Красоўская сказала толькі, што яшчэ спадзяецца на здаровы сэнс і на тое, што ёй удасца пабачыць свайго мужа й Віктара Ганчара жывымі.

А сьледчы Сяргей Новікаў заявіў, што ягонае расьсьледваньне працягваецца і некаторыя вэрсыі зьнікненьня Ганчара й Красоўскага знаходзяць "ускоснае падцьверджаньне". Нешта больш канкрэтнае па справе Ганчара сп. Новікаў паведаміць адмовіўся, дадаўшы пры гэтым, што Тарлецкі ды Ўдовікаў і так журналістам гавораць зашмат.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG