Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 кастрычнiка 1999 г.


Ягор Маёрчык, Менск

(эфір 21 кастрычніка)
Бацькі дзяцей, што загінулі падчас трагедыі на Нямізе, і старшыня Менгарвыканкаму Уладзімер Ярмошын не змаглі знайсьці паразуменьня наконт будаўніцтва мэмарыяльнага комплексу на мейсцы трагедыі. Вырашэньне гэтага пытаньня перанесена на месяц. Некаторыя бацькі сумняюцца, што храм-помнік увогуле калі-небудзь будзе пабудаваны.

Сустрэча бацькоў зь менскім мэрам цягнулася менш за гадзіну. Сярод удзельнікаў пераважалі чыноўнікі, бацькоў было толькі дзесяць. Яны хацелі даведацца, калі на мейсцы трагедыі будзе збудаваны мэмарыяльны комлекс.

Сваякі ахвяраў дамагаюцца, каб гарадзкія ўлады закрылі пераход, дзе загінулі дзеці, а на паверхні збудавалі храм-помнік.

Гаворыць старшыня Цэнтру сацыяльнай дапамогі "Няміга-99" і маці адной з загінуўшых Натальля Навакоўская.

(Навакоўская: ) "Нас увесь час, калі пачынаем гаварыць пра храм, адсылаюць на магілы нашых дзяцей. Маўляў, усталёўвайце там, што хочаце. Але на тыя грошы, што нам заплацілі ў якасьці кампэнсацыі, можна толькі ўсталяваць пліту на магіле".

Натальля Навакоўская кажа, што праект храму ўжо распрацаваны і застаецца толькі атрымаць дазвол Менгарвыканкаму на будаўніцтва.

Такая просьба выклікала адмоўную рэакцыю Уладзімера Ярмошына. Хаця ён неаднаразова прызнаваў, што лічыць сябе вінаватым, але ў той жа час заяўляе, што будаўніцтва помніка немагчымае. Маўляў, Няміга – гэта гістарычны цэнтар гораду, дзе знаходзіцца замчышча і старыя храмы.

Замест храму гарадзкія ўлады зьбіраюцца ўсталяваць памятную дошку, праект якой ужо гатовы. Распрацоўка праекту, як прызналіся бацькам чыноўнікі, цягнулася ўсяго тры дні.

Сустрэча з мэрам Менску – першая па ліку ад дня трагедыі. Некалькі разоў яе пераносілі праз занятасьць гарадзскога начальства.

Але недахоп увагі – не адзінае, на што скардзяцца бацькі загінуўшых. Ім не дазволілі ўдзельнічаць у працы дзяржаўнае камісіі па расьледаваньню акалічнасьцяў трагедыі. Як і не дазволілі азнаёміцца з вынікамі працы згаданае камісіі. Свае высновы чыноўнікі з Савету Міністраў зрабілі раней за заканчэньне расьледаваньня.

Пасьля трагічнага здарэньня прайшло больш за 4 месяцы. Але праваахоўныя органы дагэтуль ня могуць даць дакладны адказ на пытаньне, хто вінаваты ў сьмерці пяцідзесяці трох чалавек.

Пракуратура Беларусі падоўжыла тэрмін сьледства да 30 лістапада.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG