Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 13 кастрычнiка 1999 г.


Алег Груздзіловіч, Менск

(эфір 12 кастрычніка)
Сёньня пасьля ананімнага паведамленьня пра тое, што будынак Дома ўраду замінаваны, на паўтары гадзіны было спыненае паседжаньне Савета міністраў. Паведамленьне не падцьвердзілася, тэлефоннага тэрарыста шукае міліцыя.

Паводле паведамленьня прэсавага цэнтру менскае гарадзкое міліцыі, тэлефонны сыгнал пра замінаваньне Дома ўраду быў атрыманы па тэлефоне 02 у дзесяць гадзінаў раніцы. Невядомы мужчына , спаслаўшыся на зьвесткі ад неназванае крыніцы, паведаміў дзяжурнаму міліцыянту, што будынак замінаваны й хутка адбудзецца выбух. "Ананім быў яўна ў нецьвярозым стане", – паведамляе прэсавая служба гарадзкое міліцыі.

Тым ня менш, сыгнал быў прыняты да рэагаваньня й перададзены ва ўрад. Як сьцьвярджае прэсавая служба ўраду, прэм'ер Сяргей Лінг быў вымушаны прыпыніць паседжаньне й прапанаваў усім пакінуць будынак, а кіраўнікам структурных падразьдзяленьняў даручыў праверыць офісы.

Тым часам у Дом ураду прыбылі сапёрна-піратэхнічнае падразьдзяленьне Міністэрства нутраных справаў і супрацоўнікі спэцгрупы па барацьбе з тэрарызмам "Алмаз". Ніякіх выбуховых прыстасаваньняў знойдзена не было. Праз паўтары гадзіны ўрад аднавіў пасежданьне.

Пасьля нядаўніх выбухаў у Расеі Беларусь перажывае сапраўдную ліхаманку тэлефоннага тэрарызму. Як сьцьвярджае прэсавая служба міністэрства нутраных справаў, за дзень фіксуецца да дзесяці сыгналаў аб замінаваньні . Пакуль аніводны зь іх не падцьвердзіўся. У асноўным аб'ектамі "нападу" тэлефонных тэрарыстаў зьяўляюцца навучальныя ўстановы.

У Менску ўжо некалькі разоў фіксаваліся паведамленьні пра замінаваньне гаспадарчых аб'ектаў, у прыватнасьці, трактарнага заводу. Выпадак з "замінаваньнем" Дома ўраду зарэгістраваны ўпершыню. Дарэчы, паводле словаў супрацоўніка прэсавага цэнтру міністэрства нутраных справаў, аўтар гэтага тэлефоннага папярэджаньня суправаджаў сваё паведамленьне лаянкаю ў бок кіраўніцтва краіны. Пошукі тэлефоннага тэрарыста вядуцца, але пакуль безвынікова, сьцьвярджае прэсавая служба міністэрства.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG