Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 05 жніўня 1999 г.


Любоў Лунёва, Менск

(эфір 4 жніўня)
Адным з тых, хто апошнім часам адчуваў на сябе пільную ўвагу ворганаў, быў актывіст Маладога Фронту Уладзімер Антонаў. Як паведамляе інфармацыйная агэнцыя БелаПАН, Уладзімер Антонаў папрасіў палітычнага прытулку ва ўладаў Рэспублікі Польшча. У заяве, якую ён перадаў польскім уладам, грамадзкасьці й прэсе, ён тлумачыць матывы свайго ўчынку аўтарытарызмам, які ўмацоўваецца ў Беларусі. За апошнія паўгады Ўладзімер Антонаў двойчы затрымліваўся міліцыяй за ўдзел у масавых акцыях пратэсту. Першы раз гэта адбылося 14 лютага, пасьля шэсьця ў гонар дня Сьвятога Валянціна. Тады ён адбыў пяцісуткавы адміністрацыйны арышт і супраць яго была ўзбуджаная крымінальная справа. Неўзабаве пасьля гэтага яго адлічылі з Беларускага дзяржаўнага тэхналягічнага ўнівэрсытэту.

Другі раз Антонаў быў затрыманы ў ноч на 18 ліпеня ў Менску "за графіці". Сваёй віны ён не прызнаў, аднак, ня гледзячы нагэта, правёў пяць сутак у ізалятары часовага затрыманьня, і супраць яго была ўзбуджаная крымінальная справа па артыкулу хуліганства.

Апошнія дні ў Менску Ўладзімер Антонаў, паводле ягоных словаў, знаходзіўся пад няспынным назіраньнем праваахоўных ворганаў. З усяго гэтага ён зрабіў выснову аб наяўнасьці пагрозы ягонаму жыцьцю і здароўю, у выніку чаго папрасіў палітычнага прытулку ў суседняй краіне. У выпадку атрыманьня прытулку Антонаў мае намер працягнуць навучаньне ў Польшчы.

А сёньня ў Менску іншы ўжо сябра Маладога Фронту правёў антыпрэзыдэнцкі несанкцыянаваны пікет.

Сёньня аб 11-й гадзіне каля будынку адміністрацыі "прэзыдэнта" адбыўся несанкцыянаваны пікет, які ладзіў сябра Маладога Фронту Канстантын Рэзьнічак. Ён трымаў два плякаты з надпісамі: "15 дзён без Лукі" і "Лукашэнка! Гульні з народам небясьпечны для здароўя".

Юнака праз 15 хвілінаў пасьля пачатку пікета затрымалі супрацоўнікі Ленінскага РАУСу. Канстантына Рэзьнічка даставілі ў гарадзкі аддзел міліцыі, які знаходзіцца на вуліцы Маркса. Там на яго быў складзены пратакол паводле артыкулу 167, часткі 2 Адміністрацыйнага кодэксу. Гэта — грубае парушэньне пад час правядзеньня мітынгаў, шэсьцяў, пікетаў ды іншых масавых мерапрыемстваў.

Канстантын Рэзьнічак у гэтым годзе аднойчы ўжо выходзіў на несанкцыянаваны пікет і адседзеў за гэта трое суткаў арышту. Таму сёньня судзьдзя па адміністрацыйных справах Ленінскага суду Церашкова вынесла вырок 15 суткаў адміністрацыйнага арышту. Сёньня ўвечары Канстантына Рэзьнічку павінны адвезьці ў спэцпрыймальнік-разьмеркавальнік на вуліцу Акрэсьціна.

Нагадаем, што зараз там знаходзіцца старшыня Беларускай сацыял-дэмакратынай партыі Народная Грамада Мікола Статкевіч. Сёньня яго наведаў сьледчы Цэнтральнга РАУСу Валеры Коранеў. Сьледчы па справе Міколы Статкевіча паведаміў нашам радыё, што справа ўзбуджана паводле артыкула 186 часткі 3 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь — арганізацыя і актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія пацягнулі масавыя беспарадкі. Ніякіх іншых артыкулаў у справе няма. Ён таксама паведаміў, што не зьбіраецца пераводзіць Міколу Статкевіча ў ізалятар часовага затрыманьня.

Сёньня Мікола Статкевіч падаў скаргу ў пракуратуру з патрабаваньнем спыніць крымінальную справу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG