Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 ліпеня 1999 г.


Валянцін Жданко, Менск

Як здабыць грошы? Пры адмове ад рынкавых мэханізмаў гэтае вечная для беларускай эканомікі тэма гучыць так: як выманіць іх у тых, у каго яны яшчэ ёсьць? Першы віцэ-прэмьер Васіль Даўгалёў вылучыў ідэю правесьці сярод насельніцтва "маштабную валютную пазыку".

Першы віцэ-прэмьер Васіль Даўгалёў, як і многія ягоныя папярэднікі і калегі, шукае спосаб, каб завабіць беларускае насельніцтва абяцаньнямі высокіх дэвідэндаў і дабрацца да тых хатніх схованак, у якіх недаверлівыя беларусы трымаюць свае валютныя зьберажэньні.

Даўгалёў прапануе правесьці "маштабную аблігацыйную пазыку". Гэта значыць – надрукаваць дзяржаўныя аблігацыі, якія б насельніцтва пагадзілася б прыняць, аддаўшы за іх прыхаваныя на "чорны дзень" амэрыканскія даляры і нямецкія маркі.

Падначаленыя віцэ-прэмьера Даўгалёва ў гэтыя дні працуюць над канкрэтнымі дэталямі праекта і ўжо да 15 ліпеня павінныя скласьці плян гэтай акцыі.

Галоўнае для ініцыятараў пытаньне – як зрабіць аблігацыі прывабнымі і пераканаць насельніцтва ў іхняй выгоднасьці. Пры ўсёй разнастайнасьці варыянтаў усе сьхіляюцца да думкі, што галоўны рухавік інтарэсаў – гэта абяцаньне высокага прыбытку. Вышэйшага , чым у банках.

Цьвяроза ацаніць усю гэтую задуму з аблігацыямі немагчыма, калі не ўлічыць дзьве істотныя абставіны.

Па-першае, улады сыходзяць з таго, што на руках у беларускага насельніцтва такая колькасьць валюты, якая можа вырашыць усе праблемы разбалансаванай грашовай сыстэмы Беларусі. Даўгалёў з дапамогай аблігацыяў разьлічвае прыцягнуць адзін мільярд трыста мільёнаў даляраў. Незразумела, на чым грунтуюцца такія разьлікі, тым больш, што ніякай статыстыкі на гэты конт няма. Ёсьць толькі сумны вопыт старшыні Нацыянальнага банку Пятра Пракаповіча, які паўтара гады таму сьцьвярджаў, што беларускае наасельніцтва прыхоўвае, паводле ягоных падлікаў, 2 мільярды даляраў.

Падтрыманая прэзыдэнтам Лукашэнкам кампанія па прыцягненьню валютных укладаў у банкі паказала зусім іншы вынік – на сёньняшні дзень на банкаўскіх дэпазытах беларусы захоўваюць меньш як дзьвесьце мільёнаў даляраў.

Другая важная абставіна – тое, што беларускія ўлады задумалі гэтую аблігацыйную кампанію ў той момант, каля яшчэ ва ўсіх на памяці леташняе гучнае крушэньне расейскай фінансавай піраміды дзяржаўных аблігацыяў. Расейскі ўрад на першым часе таксама абяцаў і нават выплочваў звышвысокія дывідэнды тым, хто адважваўся ўкладваць грошы ў каштоўныя дзяржаўныя паперы. Сёньня тыя аблігацыі каштуюць ня больш як папера, на якой яны надрукваныя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG