Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 05 ліпеня 1999 г.


Вінцэсь Мудроў, Полацак

Праваабарончыя арганізацыі, якія прыкладаюць багата высілкаў дзеля абароны былых прэзыдэнцкіх паплечнікаў, лёсам палачанаў Алега Кайдава, Анатоля Блізьняцова і Сяргея Лавейкіна практычна не цікавяцца.

На хвалях радыё "Свабода" ужо гучала інфармацыя пра тое, што з флягштоку над будынкам Полацкага райвыканкаму на праваслаўны Вялікдзень быў зьдзерты чырвона-зялёны сьцяг, і пра тое, што групай спэцназу былі з гэтай нагоды затрыманыя трое маладых палачанаў. Гэта студэнт 4 курсу Полацкага дзяржунівэрсытэту Алег Кайдаў, студэнт 3 курсу гэтага ж унівэрсытэту Анатоль Блізьняцоў, і вайсковец-кантрактнік памежнага атраду Сяргей Лавейкін, які пры затрыманьні быў жорстка зьбіты.

Заўважым, што зьнікненьне прэзыдэнцкай сымволікі з адміністрацыйных будынкаў у Полацку назіралася і раней. Летась, таксама на Вялікдзень, сталінскі сьцяг зьнік з будынку гарвыканкаму. Тады на пошукі былі кінутыя "лепшыя сілы" КГБ і пракуратуры, і ў справе гэтай на допыты выклікаўся не адзін дзясятак.

На гарвыканкамаўскім даху сьледчыя выявілі сьлед ад кірзавага бота, і міліцыянтам быў дадзены загад: прыглядацца да ўсіх, хто шпацыруе па горадзе ў кірзачах і хто размаўляе па-беларуску. У выніку ў пастарунак быў дастаўлены навучэнец Полацкага ляснога тэхнікуму, які меў неасьцярожнасьць прайсьціся па горадзе ў кірзавых ботах, і яшчэ некалькі навучэнцаў тэхнікумаў затрымліваліся з прычыны таго, што размаўлялі на роднай мове.

Зрэшты, гэты праваахоўчы гратэск доўжыўся нядоўга. На ворагаў прэзыдэнцкай сымболікі неўзабаве забыліся. І вось на сёлятні Вялікдзень у пастарунак патэлефанаваў вартаўнік мясцовай музычнай школы і паведаміў, што на дах райвыканкаму лезуць нейкія людзі.

Справаю затрыманых занялася пракуратура памежных войскаў, і на першым жа допыце хлопцам прапанавалі прызнацца ў тым, што гэта яны зьдзерлі сьцяг ня толькі сёлета, але і летась. А наўзамен паабяцалі спусьціць справу на гумальцах. Хлопцы - наіўныя душы - прызналіся, і цяпер ім інкрымінуецца арт. 201, пункт 2 Крымінальнага Кодэксу - "злоснае хуліганства", які прадугледжвае да 5 гадоў адсідкі.

Такім чынам справа, якая мае яскравы палітычны характар, трактуецца пракуратурай як зацятае хуліганства.

Адзначым таксама, што праваабарончыя арганізацыі, якія прыкладаюць багата высілкаў дзеля абароны былых прэзыдэнцкіх паплечнікаў, лёсам Алега Кайдава, Анатоля Блізьняцова і Сяргея Лавейкіна практычна не цікавяцца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG