Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 ліпеня 1999 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Не пацьвердзіліся чуткі пра арышт Івана Ціцянкова, якія актыўна цыркулююць па Менску.

З самім Іванам Ціцянковым, каб атрымаць камэнтар пра сёняшнія чуткі пра ягоны арышт, злучыцца не ўдалося. Сакратарка Івана Іванавіча ўпарта адмаўлялася пераключыць сувязь ня свайго шэфа. Затое на маё пытаньне пагадзіўся адказаць памочнік Ціцянкова Уладзімер Рагавіцкі.

Ён запэўніў, што ягоны начальнік Іван Ціцянкоў - на волі, і працуе, як і працаваў, на пасадзе кіраўніка ўпраўленьня справамі прэзыдэнта. Так, на мінулым тыдні Ціцянкоў пабываў у Нямеччыне. "Вярнуўся і займаецца справамі вельмі актыўна. Зараз у яго важная сустрэча" - сказаў сп. Рагавіцкі.

Ён упэўнены, што чуткі пра арышт Ціцянкова распаўсюджаныя наўмысна зацікаўленымі асобамі. У чым зацікаўленьне - не ўдакладніў. Далей сп. Рагавіцкі адказаў на пытаньне наконт сувязяў Ціцянкова з арыштаваным на мінулым тыдні прадпрымальнікам Лагьвінцом. Памочнік Ціцянкова зьдзівіўся таму, што незалежны друк назваў лагвінца "правай рукой Івана Іванавіча".

"Я ягоная правая рука" - без залішняй сьціпласьці заявіў Рагавіцкі. І запэўніў, што паміж Ціцянковым і Лагьвінцом няма і ня можа быць нейкай асаблівай сувязі.

"Ціцянкоў - дзяржаўны чалавек, а Лагьвінец - прадпрымальнік. Якая паміж імі можа быць сувязь?" - пашчыраваў Уладзімер Рагавіцкі. "Мы ў палітыку не суемся і жадаем толькі, каб нам не перашкаджалі працаваць" - падсумаваў свой камэнтар памочнік Ціцянкова.

Між тым сёньня скончыўся дзесяцідзённы тэрмін, праз які, згодна з законам, Юрыю Феактыставу і Віктару Лагьвінцу павінны прад'явіць абвінавачваньні. На дадзены момант няма афіцыйнай інфармацыі пра тое, што гэта было зроблена.

На дадзены момант існуюць толькі непацьверджаныя афіцыйныя зьвесткі пра тое, што Фэактыставу сьледчыя інкрымінавалі службовую нядбайнасьць. Пра гэта калектыву Жлобінскага металургічнага заводу паведаміў міністар прамысловасьці Анатоль Харлап.

Паводле зьвестак з камітэту ў справе барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю, супрацоўнікі спэцыяльнай групы, якія разьбіраюцца са справай Феактыстава - Лагьвінца, пакуль проста не знайшлі доказаў больш сур'ёзным абвінавачваньням.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG