Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 11 чэрвеня 1999 г.


Аляксандар Сердзюкоў, Магілеў

Сёньня, 11 чэрвеня, перасталі працаваць амаль усе гандлёвыя шапікі ў Магілеве, якія належаць прыватным прадпрымальнікам. Такім чынам яны выказваюць пратэст супраць травеньскага рашэньня магілеўскага гарвыканкаму аб зносе шапікаў «неўстаноўленай формы» ў сувязі з добраўпарадкаваньнем гораду.

Папярэдняе рашэньне, якое было прынятае яшчэ летась, абавязвала прадпрымальнікаў усталяваць стандартныя шапікі новага ўзору. Спачатку такі падыход выклікаў нэрвозную рэакцыю прадпрымальнікаў, аднак празь нейкі час пад ціскам уладаў у горадзе зьявіліся адпаведныя «гандлёвыя кропкі».

Але ж, вядома, далёка ня ўсе здолелі паставіць іх, бо ўсталяваньне патрабавала некалькіх тысячаў даляраў. Як заявіў адзін з прыватных прадпрымальнікаў у інтэрвію для Радыё Свабода, у яго проста няма такой магчымасьці, бо гэтыя выдаткі перавышаюць ягоныя прыбыткі.

Спачатку канфлікт паміж уладамі й прадпрымальнікамі быў загнаны ўглыб. Хто здолеў — усталяваў новы шапік, а ў каго не было магчымасьці — гандляваў на старым месцы. Канфлікт абвастрыўся, калі ўлады вырашылі зьнесьці шапікі, якія не адпавядаюць стандартам, і пачалі на практыцы рэалізоўваць гэткае рашэньне. Пад знос патрапілі ў асноўным гандлёвыя шапікі, якія знаходзяцца каля Менскага, Кастрычніцкага і Чыгуначнага рынкаў.

Што да шапікаў каля рэчавага рынку на стадыёбе «Спартак», то тут пытаньняў ня ўзьнікла — іх уладальнікі рэалізавалі пажаданьне гарадзкіх уладаў. Аднак што адметна — страйк прадпрымальнікаў падтрымалі і яны. Як ніколі ў гэтыя дні выявілася прафэсійная салідарнасьць прадпрымальнікаў. Тыя, хто працуе ў новых шапіках, падтрымалі іншых, чые гандлёвыя месцы патрапілі пад знос.

Прадпрымальнікі патрабуюць адмены рашэньня ўладаў і настойваюць на захаваньні ранейшых гандлёвых кропак, якія не адпавядаюць стандартам гарвыканкаму. Улады кажуць аб добраўпарадкаваньні гораду, а прадпрымальнікі задаюць пытаньне — а чаму раней дазвалялі будаваць менавіта ў гэтым месцы?

Пакуль што бакі не прыйшлі да кампраміснага варыянту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG