Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 09 чэрвеня 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

Сёньня стала вядома, што Міністэрства Юстыцыі вярнула цэнтру «Супольнасьць» дакумэнты, пададзеныя на перарэгістрацыю. Старшыня «Супольнасьці» Вінцук Вячорка назваў гэта звычайнай бюракратычнай валакітай, якая пакуль ня мае палітычнай афарбоўкі. Перарэгістрацыя грамадзкіх арганізацыяў і партыяў, наладжаная прэзыдэнтам Лукашэнкам, будзе доўжыцца да 1 ліпеня. У Міністэрстве Юстыцыі нашаму радыё паведамілі, што ўжо падрыхтаваны новы законапраект «Аб партыях і грамадзкіх арганізацыях».

Пакуль што скандалаў, зьвязаных з адмовай у перарэгістрацыі грамадзкіх арганізацыяў, афіцыйныя ўлады імкнуцца пазьбягаць. Сам прэзыдэнцкі дэкрэт №2, на падставе якога і адбываецца перарэгістрацыя арганізацыяў трэцяга сэктару, настолькі скандальны, што найбуйнейшыя праваабарончыя арганізацыі сьвету ўжо выказалі сваё абурэньне. Дэкрэт уводзіць дазваляльны прынцып дзейнасьці грамадзкіх арганізацыяў, скасоўваючы прынцып рэгістрацыйны, які дзейнічаў раней. Такога няма ні ў воднай цывілізаванай краіне сьвету.

На падставе прэзыдэнцкага дэкрэту створаная пазаканстытуцыйная камісія ў справе перарэгістрацыі, якой кіруе віцэ-прэм'ер Уладзімер Замяталін. Дэкрэт таксама забараняе дзейнасьць незарэгістраваных грамадзкіх арганізацыяў.

Старшыня выканаўчага бюро Асамблеі Дэмакратычных Няўрадавых Арганізацыяў Уладзімер Роўда паведаміў нашаму радыё:

(Роўда:) «У адпаведнасьці з дэкрэтам, забараняецца дзейнасьць незарэгістраваных арганізацыяў і дадзены загад, каб унесьлі зьмены ў крымінальны ці адміністрацыйны кодэкс, і тады тыя арганізацыі, якія ня пройдуць перарэгістрацыю, будуць забароненыя з усімі наступствамі і фактычна будуць вымушаныя спыніць сваю дзейнасьць. Гэта надзвычай грубае парушэньне дэмакратычных прынцыпаў і нормаў».

У Міністэрстве Юстыцыі нашаму радыё паведамілі, што перарэгістрацыя ідзе надзвычай марудна, бо грамадзкія арганізацыі без імпэту паставіліся да прэзыдэнтавай ініцыятывы. Начальнік управы грамадзкіх арганізацыяў МінЮсту Міхаіл Сухінін ня выключыў, што тэрмін перарэгістрацыі будзе падоўжаны. Акрамя гэтага ён заявіў, што рыхтуецца новы законапраект «Аб партыях і грамадзкіх арганізацыях». Гэты законапраект рыхтуецца на падставе прэзыдэнцкага дэкрэту №2.

Паводле словаў сп. Сухініна, які непасрэдна займаецца перарэгістрацыяй, з 2554 няўрадавых арганізацыяў падалі дакумэнты на перарэгістрацыю толькі 500. 146 зь іх ужо атрымалі перарэгістрацыю. Шасьці арганізацыям у перарэгістрацыі адмоўлена. Як патлумачыў сп. Сухінін, гэта — дэструктыўныя сэкты кшталту сэкты Мун. З 27 партыяў Беларусі падалі дакумэнты на перарэгістрацыю толькі сем: Рэспубліканская Партыя, «Грамада» Шушкевіча, Камуністычная Партыя Калякіна, Аб'яднаная Грамадзянская Партыя, Жаночая Партыя «Надзея» і Партыя Справядлівасьці.

Прадстаўнік МінЮсту пацьвердзіў інфармацыю пра тое, што цэнтру «Супольнасьць», які ўзначальвае намесьнік старшыні БНФ Вінцук Вячорка, вернутыя дакумэнты. Сухінін палтумачыў гэта тым, што йдзе нармальны працоўны працэс узгадненьня статутных палажэньняў.

Старшыня выканаўчага бюро Асамблеі Дэмакратычных Няўрадавых Арганізацыяў Уладзімер Роўда паведаміў, што ў МінЮсьце існуе нейкі «чорны сьпіс» арганізацыяў, якія ўдзельнічалі ў травеньскіх прэзыдэнцкіх выбарах і ў якіх узьнікнуць цяжкасьці пры перарэгістрацыі. Гэтым арганізацыям асабліва настойліва будзе прапанавана прысягнуць на вернасьць прэзыдэнтавай канстытуцыі. Як патлумачыў Уладзімер Роўда, ...

(Роўда:) «... гэтыя парады не зафіксаваныя на паперы. Мы прасілі, каб нам паказалі пратаколы паседжаньняў камісіі Замяталіна, дзе было б сказана, што менавіта так трэба рабіць, але гэтых пратаколаў проста не йснуе. Ёсьць толькі вуснае распараджэньне гэтай камісіі».

Прадстаўнік МінЮсту Міхаіл Сухінін цалкам абвяргае інфармацыю пра тое, што грамадзкім арганізацыям трэба прысягаць на вернасьць канстытуцыі 1996 году.

(Карманаў:) Міхаіл Махаілавіч, вядома, што грамадзкім арганізацыям прапануецца ў новыя статуты ўнесьці такую фармулёўку, дзе б гаварылася пра вернасьць канстытуцыі ў рэдакцыі 1996 году.

(Сухінін:) «Чуш сабачая. Адзінае, што прапануецца — запісаць у адпаведнасьці зь дзейнай канстытуцыяй, з дэкрэтам, заканадаўствам і г.д. Нікакой вернасьці няма, што вы прыдумляеце! Вы добра ведаеце, што гэта ня так».

Разам з тым, нягледзячы на запэўненьні афіцыйных уладаў, у Асамблеі Няўрадавых Арганізацыяў рыхтуюцца да найгоршага. Уладзімер Роўда паведаміў:

(Роўда:) «Распачалася кампанія, якая завецца «SOS Трэці Сэктар» — кампанія абароны трэцяга сэктару, бо пагроза навісла над усімі арганізацыямі. У межах гэтай кампаніі мы вядзем маніторынг парушэньняў правоў няўрадавых арганізацыяў, а таксама аказваем дапамогу няўрадавым арганізацыям у падрыхтоўцы дакумэнтаў да перарэгістрацыі, і калі здарыцца так, што яны атрымаюць адмову — тады мы будзем проста дапамагаць у падрыхтоўцы зыскаў у суды. Мы паспрабуем зрабіць усё, каб гэтыя суды былі галоснымі, каб інфармацыя пра іх была даведзеная да міжнароднай супольнасьці».

Перарэгістрацыя завяршаецца афіцыйна 1 ліпеня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG