Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 16 сьнежня 1998 г.


Марыя Усьціновіч, Кіраўск

У Кіраўскім раённым судзе на гэтым тыдні працягваўся судовы разбор у справе Васіля Старавойтава пасьля перапынку ў мінулыя чацьвер, пятніцу й панядзелак у сувязі з станам здароўя галоўнага падсуднага. Абвастрэньне хранічнага бранхіту выклікала моцны кашаль.

Старшыня Кіраўскага раённага суду Надзея Чмара паведаміла, што ўмовы ўтрыманьня Васіля Канстанцінавіча ў сьледчым ізалятары гораду Бабруйску палепшаныя. Але насамрэч гэтае паляпшэньне азначае толькі забарону паліць цыгарэты ў камэры, дзе ўтрымваецца Старавойтаў. Сам ён на здароўе ня скардзіцца. Настолькі, кажа судзьдзя, наколькі можа ня скардзіцца любы чалавек на несвабоду.

На ўчорашнім судовым пасяджэньні грамадзкі абаронца Старавойтава Гары Паганяйла зьвярнуўся з хадайніцтвам далучыць да матэрыялаў справы заяву Беларускага Гельсынскага Камітэту, якую ён зачытаў. Гаворка ў ёй ішла аб адказнасьці за магчымыя непапраўныя наступствы ў выніку нежаданьня суду зьмяніць меру стрыманьня на падпіску аб нявыезьдзе для старога чалавека, якому амаль 75 гадоў. На думку старшыні суду Надзеі Чмары, гэтая заява зьяўляецца ксэракопіяй зь нейкага іншага дакумэнта, яна ня мае выходнага нумару й подпісу, а таму, паводле перакананьня судзьдзі, няма гарантыі, што гэты дакумэнт сапраўды зь Беларускага Гельсынскага Камітэту, а не народжаны нейкай прыватнай асобай. У выніку суд адхіліў хадайніцтва Гары Паганяйлы ў сувязі зь неналежным афармленьнем дакумэнта.

Нагадаем, што адвакат і грамадзкі абаронца Васіля Старавойтава ўжо двойчы зьвярталіся да суду з хадайніцтвам зьмяніць меру стрыманьня для іх падабароннага – у першы дзень працэсу і на мінулым тыдні, калі Васіль Канстанцінавіч захварэў – але суд гэтыя хадайніцтвы не задаволіў.

На сёньняшнім судовым пасяджэньні працягвалася чытаньне абвінаваўчага заключэньня. Але гэтая частка працэсу падыходзіць да завяршэньня. Вельмі верагодна, што гэта адбудзецца заўтра. Потым суд будзе вывучаць доказы паводле справы, а вось парадак гэтага разгляду доказаў, як і ў якім парадку дапытваць сьведкаў і падсудных, законам не рэглямэнтаваны. А таму суд вырашыць гэта самастойна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG