Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Намаганьнямі Інстытуту Гётэ і амбасадаў Нямеччыны й Францыі ў Менску, у Нацыянальным мастацкім музэі адчынілася фотавыстава пад назовам “Ілюзія адлегласьцяў”. Сярод твораў фотамастакоў з заходняй Эўропы й Беларусі, найбольшую цікавасьць наведвальнікаў выклікала праца швэдзкага фатографа й грамадзкае дзяячкі Марыі Содэрбэрг з выявамі сваякоў беларускіх палітвязьняў.

Першае, на што зьвярталі сёньня ўвагу наведвальнікі выставы “Ілюзія адлегласьцяў”, якая адчынілася ў сёньня Нацыянальным мастацкім музэі, гэта каляровыя фотаздымкі з выявамі сваякоў беларускіх палітзьняволеных. На вялізных, выдрукаваных на тканіне фотаздымках, якія вывешаныя да агляду проста ў холе Мастацкага музэю, сотні менчукоў маглі пабачыць жанок і дзяцей Міхала Чыгіра, Андрэя Клімава, Валера Шчукіна, Мікалая Статкевіча.

Аўтарка экспазыцыі, якая называецца “Пікнік” — вядомы швэдзкі фатограф і грамадзкая дзяячка Марыя Сёдэрбэрг ёсьць даўнім сябрам Беларусі. Дзякуючы ейным намаганьням, пра Беларусь і беларускія праблемы зараз добра ведаюць у Швэцыі. Дарэчы, спадарыня Сёдэрбэрг была сярод галоўных арганізатараў беларускага стэнду на нядаўнім кніжным кірмашы ў Гётэборгу, у якім узялі ўдзел шэраг вядомых швэдзкіх і беларускіх палітыкаў ды грамадзкіх дзяячоў.

У часе прэсавае канфэрэнцыі, спадарыня Сёдэрбэрг патлумачыла, што сваімі здымкамі, яна мела на мэце паказаць гора й роспач дачок, жанок і мацярок, якія страцілі зусім або чакаюць вызваленьня сваіх сыноў, бацькоў і каханых, якія пацярпелі за змаганьньне на карысьць свабоды свайго краю. Сярод папярэдніх працаў з сэрыі “Пікнік” — здымкі жанчынаў з Босьніі і Гэрцагавіны ды Расеі, сваякі якіх пацярпелі ў часе войнаў ці палітычнага перасьледу.

У адкрыцьці выставы, сярод іншых, узялі ўдзел амбасадары Нямеччыны й Францыі, а таксама непасрэдныя героі здымкаў Марыі Сёдэрбэрг — жонка Андрэя Клімава зь дзецьмі, Валеры Шчукін ды іншыя.

Некаторыя з наведвальнікаў шчыра зьдзіўляліся, што ўлады дазволілі экспанаваць у самым цэнтры Менску гэткія недвухсэнсовыя здымкі. Хутчэй за ўсё, арганізатары выставы зь беларускага боку проста не зразумелі, што аб’ядноўвае ўсіх гэтых жанчынаў, хлопчыкаў і дзяўчынак з фотаздымкаў Марыі Сёдэрбэрг.

Аляксей Дзікавіцкі, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG