Рэпрэсіі супраць удзельнікаў кампаніі байкоту восеньскіх выбараў працягваюцца.
Толькі ўчора міліцыяй у Менску было затрымана восем сябраў БНФ, якія раздавалі
грамадзянам адмысловыя выпускі газэтаў “Народная Воля” і “Наша свабода”,
а таксама кідалі ў паштовыя скрынкі ўлёткі з заклікам удзельнічаць у дазволеным
уладамі “Маршы Свабоды” 1 кастрычніка.
Актывістаў Фронту Андрэя Сінякова, Уладзімера Кішкурну, Лявона Садоўскага,
Валянціна Баранава, Натальлю Емяльянаву і Валера Жэрбіна затрымалі ўчора
ўвечары на праспэкце Францішка Скарыны, дзе яны праводзілі сустрэчу з выбаршчыкамі.
Міліцэйскія патрулі з трох менскіх раённых аддзелаў пад’ехалі ў раён
пляцу Перамогі ў той час, калі апазыцыянэры ўжо раздалі большасьць асобнікаў
газэтаў. Затрыманых даставілі ў Савецкі, Цэнтральны й Партызанскі раённыя
пастарункі міліцыі. На бальшыню былі складзеныя пратаколы затрыманьня,
і праз некаторы час яны былі адпушчаныя. Справу Лявона Садоўскага перадалі
ў суд.
А ў Ленінскім раёне Менску позна ўвечары міліцыянты затрымалі Ўладзімера
Бурдака ды Аркадзя Галая, якія рапаўсюджвалі ўлёткі з заклікам узяць удзел
у “Маршы Свабоды”. У пастарунку, паводле словаў апазыцыянэраў, іх сілаю
прымушалі падпісаць пратаколы.
Намесьнік начальніка Ленінскага раённага аддзелу міліцыі Юры Іпатаў
у інтэрвію нашаму радыё абверг інфармацыю пра тое, што апазыцыянэраў у
пастарунку зьбівалі. Справу Бурдака й Галая будзе разглядаць суд.
Колькі ж усяго актывістаў кампаніі байкоту пацярпела ад міліцэйскіх
рэпрэсіяў? Вось што паведаміла супрацоўніца інфармацыйнага аддзелу праваабарончага
цэнтру “Вясна” Тацяна Рэвяка:
(Рэвяка: ) “Праз наш цэнтар на сёньня прайшло 27 чалавек, якія зазналі
адміністрацыйнае пакараньне. На 13 чалавек былі складзеныя пратаколы, але
пакуль што ў суд іх не выклікалі. Яны былі затрыманыя, зь імі праведзеныя
пэўныя размовы, і гэтыя людзі былі адпушчаныя. Мы атрымліваем інфармацыю
з рэгіёнаў: гэта і затрыманьні ў Гомелі, у Лідзе, Берасьці. Цяжка сказаць,
дзе большыя, дзе меншыя рэпрэсіі. Яны ўсюды аднолькавыя. Калі параўнаць
гэтую кампанію з выбарамі прэзыдэнта мінулага году, то гэтая кампанія слабейшая.
Тады людзі значна болей падвяргаліся рэпрэсіям, і тады больш удзельнічала
спэцслужбаў, больш выклікалася людзей у КГБ, а зараз у нас амаль што такой
статыстыкі няма”.
(Карэспандэнт: ) “Ці інфармуе “Вясна” аб кожным выпадку затрыманьня
АБСЭ ды іншыя міжнародныя структуры”.
(Рэвяка: ) “Так, у нас гэтая праца наладжаная, і мы ўсю гэтую інфармацыю
абавязкова дасылаем у АБСЭ і ў тэхнічную групу, якая працуе зараз у Беларусі.
Яе мы кожны дзень інфармуем пра выпадкі затрыманьняў, а калі ёсьць суды,
дык пра вынікі судоў і гэтак далей”.
Гэта была супрацоўніца праваабарончага цэнтру “Вясна”, які вядзе маніторынг
парушэньня правоў чалавека ў часе кампаніі байкоту Тацяна Рэвяка.
Альгерд Невяроўскі, Менск
Самае папулярнае
1