Прэм’ер-міністар Ярданіі Алі Абу Рагхэб знаходзіцца з візытам у Іраку.
Мэта візыту – кантракт на закупку нафты. Упершыню з 1990 году Ярданія парушыла
міжнародныя санкцыі супраць Іраку.
Ужо сам па сабе факт візыту палітыка такога высокага рангу – сенсацыйны.
Аднак выглядае, што гэта – не выпадковасьць, а пачатак заканмернага працэсу,
які можа кардынальна зьмяніць міжнароднае становічшча краіны-ізгоя. Дадамо,
што ярданскі прэм’ер прыляцеў не адзін: на борце ляйнэру авіякампаніі Royal
Jordanian знаходзяцца каля сотні прадстаўнікоў істэблішмэнту – бізнэсоўцы
і журналісты. Прэм’ер прывез асабістае пасланьне Садаму Гусэйну ад караля
Ярданіі Абдаллы.
На гэтым тыдні ў міжнародным аэрапорце Багдаду, які апошнія дзесяць
гадоў быў зачынены для камэрцыйных міжнацыянальных рэйсаў, прызямліліся
восем замежных авіяляйнэраў; назіральнікі не выключаюць, што ў лістападзе
могуць пачацца рэгулярныя авіярэйсы і з Масквы.
На першы погляд, галоўны фактар, які ўплывае на парушэньне арабскімі
краінамі санкцыяў да Іраку – ізраільска-палестынскі канфлікт. Як вядома,
арабскія краіны лічаць, што пад час гэтага канфлікту ізраільскія вайскоўцы
выкарыстоўваюць неадэкватна моцныя і брутальныя мэтады ў дачыненьні да
палестынцаў.
“Грамадзства арабскіх краінаў ўсё больш цікавіць, чаму міжнародныя санкцыі
ўсё яшчэ дзейнічаюць у дачыненьні да Іраку, і чаму пры гэтым ААН ніяк не
ўплыва на Ізраіль,” – адзначае сёньня Times.
Але больш глыбінная прычына размарожваньня ўзаемаадносінаў шэрагу арабскіх
краінаў з Іракам – гэта нафта. А больш дакладна – рост коштаў на нафту.
Дарэчы, Ярданія зьбіраецца падпісаць з Іракам дамову аб будаўніцтве нафтаправоду
даўжынёй у 750 кілямэтраў. Тым самым Ярданія фактычна пазбаўляецца брытанскага
кантролю за экспартам іракскай нафты.
Аднак ня меншую (калі ня большую) цікавасьць да іракскай нафты выяўляюць
і эўрапейскія краіны, асабліва тыя, якія гэтым летам спазналі страйкі і
блякаду галоўных аўтамагістраляў з прычыны падвышэньня коштаў на паліва.
Ірак здабывае больш за 2 мільёны барэляў нафты ў дзень і, патэнцыйна,
здольны рэалізаваць мільярдныя кантракты з Францыяй, Кітаем і Расеяй, якія,
нагадаем, зьяўляюцца членамі Рады Бясьпекі ААН. Пры гэтым вельмі істотна
тое, што Ірак будзе весьці разьлікі не ў амэрыканскіх далярах, якія ён
лічыць “варожай валютай”, а ў эўра. Аб’ектыўна гэта можа вельмі моцна паспрыяць
росту курсу адзінай эўрапейскай валюты адносна амэрыканскага даляра. І
ў гэтым, натуральна, зацікаўленыя эўрапейскія краіны.
Сяргей Навумчык, Прага
Самае папулярнае
1