На чарговым паседжаньні Каардынацыйнае рады дэмакратычных сілаў былі
станоўча ацэненыя вынікі кампаніі «Байкот-2000». Сябры КРДС таксама прынялі
заяву пра стратэгію перамогі ў 2001 годзе. Прысутныя абмеркавалі й рашэньне
кіраўніцтва Беларускае Сацыял-Дэмкратычнае партыі «Народная Грамада» пра
ўдзел у паўторных выбарах у «Палату прадстаўнікоў».
Такім чынам, дэмакратычныя сілы намагаюцца вырашыць пытаньне свайго
адзінства напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў.
Каардынацыйная рада дэмакратычных сілаў пацьвердзіла сваё рашэньне пра
вылучэньне адзінага кандыдата на прэзыдэнцкія выбары. І ўзяла на сябе адказнасьць
за арганізацыю гэтае кампаніі. Сябры Рады ўсьведамляюць, што дзеля перамогі
неабходна скансалідавацца ўсім апазыцыйным сілам. Гэта, на думку прадстаўнікоў
КРДС, яшчэ раз засьведчылі вынікі кампаніі «Байкот-2000». Усе сябры Рады,
за выключэньнем старшыні БСДП «Народная Грамада» Міколы Статкевіча, прызналі
вынікі байкоту плённымі:
(Статкевіча: ) «Апазыцыя раскалолася ў адносінах да парлямэнцкіх выбараў.
У выніку прайгралі абедзьве часткі. Дагэтуль працягваецца высьвятленьне
адносінаў. Думаю, гэта толькі справа часу, пакуль усе супакояцца».
Кіраўнік Партыі БНФ Вінцук Вячорка дзеяньні Міколы Статкевіча адкамэнтаваў
наступным чынам:
(Вячорка: ) «Спадар Статкевіч быў адзіны, хто галасаваў супраць станоўчай
ацэнкі акцыі актыўнага байкоту, і гэта пацьвярджае, што захоўваецца праблема
Статкевіча. Разам з тым, ніхто з нас не зацікаўлены ў зьмяншэньні колькасьці
суб’ектаў Каардынацыйнай рады. Таму да партыі паступіць адпаведны зварот
ад імя практычна ўсіх суб'ектаў Каардынацыйнай рады дэмакратычных сілаў
з просьбай заняць ясную і выразную палітычную пазыцыю, а не тармазіць і
не блякаваць прыняцьцё супольных рашэньняў».
Паседжаньне Рады адбывалася за зачыненымі дзьвярыма. Але, як стала вядома,
сур'ёзную дыскусію выклікала рашэньне БСДП дазволіць сваім сябрам удзельнічаць
у паўторных выбарах.
Кіраўнікі аб'яднаньняў, што ўваходзяць у склад КРДС, фактычна паставілі
перад кіраўніцтвам БСДП ультыматум: або партыя ня ўдзельнічае ў паўторных
выбарах у «Палату прадстаўнікоў», або паўстае пытаньне пра далейшае сяброўства
партыі ў складзе КРДС.
Кіраўнік фракцыі БСДП “За адзінства” Аляксей Кароль не абверг гэтай
інфармацыі. Ён паведаміў, што цяпер «Народная Грамада» мусіць прынцыпова
вызначыцца ў сваіх далейшых дзеяньнях. У любым разе, зазначыў спадар Кароль,
ачольваная ім фракцыя, застанецца ў складзе Каардынацыйнае рады.
У сваю чаргу, кіраўнік партыі Мікола Статкевіч абвяргае ўсю інфармацыю,
датычную вылучэньня ўмоваў з боку КДРС.
Паводле нашых зьвестак, удзельнікі паседжаньня прапанавалі БСДП некалькі
варыянтаў далейшых дзеяньняў. Першы: партыя зьмяняе свайго прадстаўніка
ў Каардынацыйнай радзе. Другі: прадстаўляць «Народную Грамаду» будзе кіраўнік
апазыцыйнае да Міколы Статкевіча фракцыі — Аляксей Кароль.
Ягор Маёрчык, Менск
Самае папулярнае
1