У гэтым годзе Беларусь адчыніць сваю амбасаду ў Багдадзе, зь
Беларусі ў Ірак будуць імпартаваныя 150 аўтацягнікоў МАЗ і 10 тысячаў шынаў
бабруйскае вытворчасьці. Гэтыя дамоўленасьці сталі вынікам візыту ў Багдад
віцэ-прэм’ера беларускага ўраду Ўладзімера Замяталіна.
Сустрэча зь ірацкім дыктатарам Садамам Хусэйнам не была для спадара
Замяталіна нечым надзвычайным ці новым. Упершыню яны спатыкаліся ў Багдадзе
ўсяго праз год пасьля абраньня Аляксандра Лукашэнкі прэзыдэнтам. Замяталін,
у той час – намесьнік кіраўніка адміністрацыі беларускага прэзыдэнта, перадаў
тады Хусэйну пісьмовае пасланьне Лукашэнкі, у якім прапаноўвалася ўзнавіць
сяброўскія і ўзаемавыгодныя адносіны, а ірацкі дыктатар заклікаў Беларусь
садзейнічаць скасаваньню міжнародных санкцыяў супраць ягонае краіны.
У 1995 годзе беларускія ўлады рабілі ўсё, каб захаваць тайну сваіх ірацкіх
сустрэчаў. Але ж пазьбегнуць вялікага скандалу яны ня здолелі, паколькі
паведамленьні ірацкага друку дайшлі да Менску.
Мабыць таму, на гэты раз некаторыя вынікі паездкі ў Багдад былі пададзеныя
праз Міністэрства замежных справаў Беларусі. Галоўныя зь іх – адкрыцьцё
ў бягучым годзе амбасды Беларусі ў Іраку й падпісаньне кантрактаў аб пастаўцы
150 аўтацягнікоў МАЗ і 10 тысячаў аўтамабільных шынаў бабруйскае вытворчасьці.
Цікава, што паводлее беларускіх мерак амбасада ў Багдадзе будзе не такой
ужо й малой – колькасьць супрацоўнiкаў дыпляматычнага прадстаўнiцтва ў
гэтай краiне, як было заяўлена, складзе ня менш шасьцi чалавек. І гэта
без улiку пэрсаналу па ахове i абслугоўваньнi амбасады. Для параўнаньня,
у беларускай амбасадзе ў Швэцыі толькі чатыры дыпляматы, у Латвіі і таго
менш – тры. Можна меркаваць, што Беларусь гатовая падтрымаць ініцыятывы,
накіраваныя на скасаваньне ці зьмякчэньне рэжыму міжнародных санкцыяў і
дачыненьні да Іраку.
Гэтай мэце падпарадкаванае і гандлёвае супрацоўніцтва. І калі пастаўкі
аўтацягнікоў і шынаў знаходзяцца, паводле запэўніваньняў беларускага боку,
у межах праграмы Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў “Нафта ў абмен на харчаваньне
й мэдыкамэнты”, дык падпiсаны ў Багдадзе пратакол, якi адлюстроўвае асноўныя
кiрункi гандлёва-эканамiчнага супрацоўнiцтва памiж Беларусьсю i Iракам,
падобна, выходзіць далёка за межы ААНаўскае праграмы.
Нагадаем, Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў увяла супраць Іраку пасьля ягонага
ўвараваньня ў Кувэйт санкцыі, якія забараняюць гандляваць з гэтай краінаю.
(Праўда, зыходзячы з гуманных мэтаў, ААН пасьля дазволіла праводзіць адмысловую
акцыю пад назовам “Нафта ў абмен на харчы й мэдыкамэнты”. Сутнасьць яе
ў тым, што Багдаду дазваляюць прадаваць пэўную колькасьць нафты, але толькі
ў абмен на харчы й лекі).
Iрак перадаў на разгляд Беларусi заяўку аб сваiх патрэбах у арматурнай
сталi для будаўнiчых работ, драўнiне, сантэхнiчным абсталяваньнi, акумулятарных
батарэях. Была зазначана неабходнасьць удзелу ў выставах, праводзiмых у
абедзьвюх краiнах. Абмяркоўваецца магчымасьць накiраваньня iрацкiх спэцыялiстаў
у Беларусь у асьпiрантуры й на кароткатэрмiновыя курсы падвышэньня квалiфiкацыi,
пэрспэктывы супрацоўнiцтва памiж навучальнымi ўстановамi, творчымi калектывамi
й спартовымі арганiзацыямi Iрака й Беларусi.
Але такое шчыльнае супрацоўніцтва афіцыйнага Менску з выгнаньнікам усясьветнае
супольнасьці наўрад ці падвысіць міжнародны аўтарытэт Беларусі.
Уладзімер Глод, Менск
Самае папулярнае
1