Пасьля пяцідзённага арышту й галадоўкі выйшлі на свабоду ўдзельнікі
несанкцыянаванага пікету ля адміністрацыі Лукашэнкі Леанід Малахаў і Піліп
Клікушын. Трэці ўдзельнік той акцыі, Цімох Дранчук, з чэрапна-мазгавой
траўмаю ў нядзелю быў дастаўлены са спэцпрымальніка ў шпіталь.
Як паведаміў сам Цімох Дранчук, пасьля таго, як судзьдзя Алена Церашкова
ў пятніцу асудзіла іх на 5 сутак арышту за арганізацыю пікету ў падтрымку
зьніклых Ганчара, Захаранкі й Красоўскага, апазыцыянэраў адвезьлі ў Ленінскі
раённы аддзел Менску, дзе на працягу шасьці гадзінаў трымалі ў цеснай камэры.
А 19-й гадзіне ўвечары арыштантаў пасадзілі ў спэцмашыну й паехалі па іншых
сталічных пастарунках зьбіраць такіх жа зьняволеных.
Паводле словаў спадара Дранчука, п’яныя вартавыя, якія ўжо сьвяткавалі
дзень міліцыі, усяляк зьдзекваліся з арыштаваных са скаванымі за сьпіною
рукамі, штурхалі іх, абражалі й г.д. Дранчук спрабаваў заступіцца за сваіх
сукамэрнікаў, але гэты ўчынак яму дорага каштаваў. Пад час аднаго з прыпынкаў,
калі канвой выгружаў каля турмы групу вязьняў, адзін зь міліцыянтаў моцна
ўдарыў нагою па дзьвярах спэцмашыны, каля якіх сядзеў Дранчук. Дзьверы
патрапілі Цімоху па галаве, і ад гэтага ўдару ён ледзь не згубіў прытомнасьць.
У спэцпрымальнік арыштантаў прывезьлі толькі а 2-й гадзіне начы. У камэры
спадару Дранчуку стала зусім блага, але ахоўнікі выклікаць хуткую дапамогу
адмовіліся. Брыгаду лекараў Цімоху выклікалі толькі праз суткі, і тое –
толькі пасьля настойлівых патрабаваньняў сукамэрнікаў.
Машына хуткае дапамогі адвезла Дранчука ў лякарню дзе яго спачатку шпіталізавалі,
але потым адпусьцілі лячыцца дахаты. У бліжэйшы час Цімох Дранчук мае намер
падаць скаргу ў Менскую гарадзкую пракуратуру на дзеяньні міліцыянтаў,
якія нанесьлі яму цялесныя пашкоджаньні ды йгнаравалі просьбы аб мэдычнае
дапамозе.
Вось што думае Цімох Дранчук адносна такіх брутальных паводзінаў ахоўнікаў
парадку…
(Дранчук : ) “Яны ўжо звыкліся са сваім становішчам у краіне. Яны цалкам
упэўненыя ў сваёй беспакаранасьці, і сапраўды бачна было, што ім падабаецца
такім чынам зьдзеквацца, паказваць, што яны галоўныя, што ім ніхто нічога
ня можа зрабіць. Акрамя таго, яны сапраўды былі ў нецьвярозым стане, усе
трое. Яны ўжо сьвяткавалі такім чынам дзень міліцыі, і гэта, на іх погляд,
было лепшым адзначэньнем, і яны зьдзекваліся з арыштантаў”.
– паведаміў спадар Дранчук.
Тым часам два іншыя ўдзельнікі акцыі – Леанід Малахаў і Піліп Клікушын,
якія пяць дзён трымалі галадоўку, – сёньня выйшлі на волю. Паводле іхных
словаў, самым цяжкім момантам было шасьцігадзіннае падарожжа ў той спэцмашыне,
а таксама мінусавая тэмпэратура ў камэры спэцпрымальніка. Галадоўка, паводле
словаў былых вязьняў, пераносілася лягчэй.
Вось што паведаміў Леанід Малахаў пра сваё самаадчуваньне пасьля выхаду
на свабоду: “Трохі кружыцца галава, але мы радыя, што змаглі гэта зрабіць
на знак салідарнасьці зь Віктарам Ганчаром” – сказаў спадар Малахаў.
Сярод тых, хто сустракаў сёньня спадароў Малахава й Клікушына каля спэцпрымальніка,
была й жонка зьніклага Анатоля Красоўскага Ірына. Вось, што яна паведаміла
нашаму радыё:
“Я ім вельмі ўдзячная, хаця б за тое, што яны не забываюць пра гэтых
людзей, у тым ліку і пра майго мужа. Вельмі добра, што ёсьць такія людзі,
што не даюць грамадзтву забыць пра Ганчара, Захаранку й Красоўскага, нават
у такіх умовах, калі няма аніякай інфармацыі пра зьніклых”.
Гэта была Ірына Красоўская, жонка прадпрымальніка Анатоля Красоўскага,
які зьнік разам зь Віктарам Ганчаром амаль 6 месяцаў таму.
Альгерд Невяроўскі, Менск
Самае папулярнае
1