7 сакавіка ўлады абвясьцілі, што частка выдаткаў, якія былі прызначаныя
на ўтрыманьне дзяржаўнага апарату, будзе перададзеная ў рэзэрвовы фонд
Лукашэнкі. Паводле афіцыйнай інфармацыі, гэтыя сродкі павінны быць перададзеныя
на ахову здароўя.
Паводле афіцыйных крыніцаў, 10 адсоткаў выдаткаў на ўтрыманьне вышэйшых
і мясцовых ворганаў улады (у тым ліку адміністрацыі “прэзыдэнта”, Савету
міністраў, “Нацыянальнага сходу”, Кіраўніцтва справаў, Рады бясьпекі ,
Цэнтарвыбаркаму й Камітэту дзяржаўнага кантролю) будзе перададзена ў рэзэрвовы
фонд. Згодна з тымі ж крыніцамі, агульная сума складае больш за 4 мільярды
рублёў. Празь дзяржаўную тэлевізію Лукашэнка паабяцаў, што гэтыя сродкі
будуць перададзеныя на ахову здароўя.
Ці рэальна, што грошы будуць адабраныя ў чыноўнікаў і перададзеныя лекарам?
Адказаць на гэтае пытаньне надзвычай складана. Справа ў тым, што ў Беларусі
ніхто ня можа пракантраляваць, куды йдуць дзяржаўныя грошы. Нават гэтак
званы “Нацыянальны сход” пазбаўлены функцыі кантролю.
Па-другое, відавочна, што Лукашэнка ніколі ня пойдзе супраць чыноўніцкага
апарату, хоць і крытыкуе яго на кожным кроку. Заробкі настаўнікаў і лекараў
заўсёды былі ніжэй чым заробкі супрацоўнікаў дзяржаўнага апарату. І сёньня
няма аніякіх падставаў дзеля зьмены сытуацыі. Для Лукашэнкі чыноўнікі застаюцца
важнейшымі за лекараў, бо доктар можа прагаласаваць за яго аднойчы за некалькі
гадоў, а чыноўнік падтрымлівае ўладу штодзённа й кантралюе сам працэс выбараў.
Лукашэнка зноў скарыстаў бюджэт на свае папулісцкія патрэбы. Пра гэта
ў інтэрвію нашаму радыё распавяла дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня
Людміла Гразнова…
(Гразнова: ) “Ён казаў, што гэтыя сродкі будуць узятыя ад дзяржаўнага
апарату. Але я вельмі сумняюся, што так будзе. У пачатку года усім дзяржаўным
служачым паднялі заробак, ім паднялі кляснасьць. І тут яшчэ ёсьць вялікае
пытаньне: як гэта прэзыдэнт можа перакідаць грошы ў бюджэце? Што гэта –
ягоныя асабістыя гроршы? Гэта – народныя грошы. Гэта – поўнае парушэньне
закону аб бюджэце, гэта – прапагандысцкі трук, таму што сёньня вельмі дрэннае
становічша ў галіне аховы здароўя”.
Ганна Навумовіч, Менск
Самае папулярнае
1