Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Скандал у вядомым на Меншчыне калгасе імя Гастэлы: гэтую гаспадарку сёньня ўзначальваюць адразу тры кіраўнікі.

Жыхары вёскі Сеніца – цэнтральнае сядзібы калгаса імя Гастэлы – сёньня актыўна абмяркоўвалі канфліктную сытуацыю, што склалася ў калгасе. Гаворыць загадчыца Сеніцкага дзіцячага садку Людміла Прыбытка:

(Прыбытка: ) “Сытуацыя склалася складаная. Рэч у тым, што аднаго нашага кіраўніка суд яшчэ не вызваліў. Другога прызначылі выконваць абавязкі. Трэцяга прыслалі зьверху. Ён сказаў, што ня мае паўнамоцтваў, бо не зацьверджаны яшчэ. Троеўладзьдзе ўтварылася ў калгасе. Складаная справа. Глядзець на гэта шэраговаму калгасьніку… Напрыклад, зараз час адпачынкаў, і трэба падпісаць заяву. А мы ня ведаем, да каго зьвярнуцца…Нашыя старыя кіраўнікі баяцца падпісваць. Вось такая абстаноўка. Атмасфэра недаверу. Людзі ня ведаюць, што будзе, што нас чакае…”

Канфлікт у калгасе імя Гастэлы пачаўся месяц таму. Старшыні Станіславу Ніканчуку нечакана прыйшло ўказаньне зь Менскага раённага выканкаму тэрмінова вызваліць пасаду. Прычым, без тлумачэньня прычынаў.

Сваю вэрсію адхіленьня ад пасады Ніканчук публічна не называе. Не назваў ён яе і ў сёньняшняй гутарцы са мною. Але адначасова зазначыў, што гэта ня мае аніякага дачыненьня да эканамічных справаў калгасу. Гэты вядомы на Меншчыне калгас – адзін зь нямногіх, што працуюць рэнтабэльна й сваечасова выплочваюць заробкі.

Ніканчук ня ўпарціўся й напісаў заяву на звальненьне. 10 чэрвеня ў калгасе адбыўся сход, на які старшыня раённага выканкаму Леанід Русак прывез свайго вылучэнца – намесьніка кіраўніка раённае сельгастэхнікі Аляксандра Маўчанава. Гаворыць сьлесар-мэханізатар калгасу імя Гастэлы Аляксандар Цярэшка, які ўдзельнічаў у сходзе:

(Цярэшка: ) “Прывезьлі старшыню, ён цяпер выконвае абавязкі. Мы яго ўпершыню на сходзе й пабачылі. Мы ж калгас, павінныя выбіраць. А Русак гаворыць: “Не, ня маеце права. Юрыст наш калгасны ўсё патлумачыць. Усё ў адпаведнасьці з законам”. Выбіраць нават сябраў калгасу павінныя, а ён жа не член калгасу. Навошта нам чужаніца? Сваіх хапае. Заўсёды Русак нас хваліў – “кузьня кадраў”. Чаму ён таго Маўчанава нам суне? Што, мала калгасаў, якія адстаюць? Хай падымае, калі ён спэцыяліст добры”.

Як паведаміў далей Аляксандар Цярэшка, кіраўніку раённае “вэртыкалі” калгасьнікі заявілі, што ў іх ёсьць свой кандыдат на пасаду старшыні. Гэта Аляксандар Пукач, які працуе тут ужо адзінаццаць год і мае сярод вяскоўцаў вялікі аўтарытэт. “Вэртыкальнік” Русак на сходзе загадаў Пукачу зьняць сваю кандыдатуру, а калгасьнікам паведаміў, нібыта на яго ў кантрольных ворганах ёсьць кампрамат.

Між тым, Пукач не спужаўся й перамог у галасаваньні на пасаду старшыні. Галасоў за яго было пададзена ў 20 разоў болей, чым за прадстаўніка ўладаў. Але раённы выканкам, насуперак рашэньню сходу, прызначыў Маўчананава выконваць абавязкі старшыні. І той цяпер пагражае калгасьнікам, каб слухаліся толькі яго, а ня Пукача ці Ніканчука.

У пятніцу, калі Маўчанаў зьехаў з гаспадаркі, праўленьне калгасу сабралася й вырашыла правесьці паўторны сход 24 чэрвеня.

Міхал Стэльмак, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG