Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У «крывавую ноч» 1937-ага расстралялі 100 чалавек, у 2012-м пра іх узгадалі 50


У шэсьці ў Курапаты ўдзельнічала каля 500 чалавек. У Магілёве 28 кастрычніка на месца масавых расстрэлаў прыйшлі чатыры грамадзкія актывісты. На вечарыне памяці расстраляных пісьменьнікаў заля не была запоўненая цалкам. Чаму людзі не прыходзяць на акцыі памяці ахвяраў рэпрэсіяў?

Сваім меркаваньнем са «Свабодай» падзяліліся арганізатары акцыяў шанаваньня памяці ахвяраў рэпрэсіяў.

Актывістка каардынацыйнай групы «За волю» Ганна Шапуцька:

Ганна Шапуцька
Ганна Шапуцька
«Мяне ў гэты раз зьдзівіла, што 4 тысячы паехалі на „Ляпіса Трубяцкога“ ў Вільню, што там была вялікая чарга, а тут на Дзядах было 500 чалавек. Грамадзтва ў большай сваёй частцы ня хоча ведаць пра такую гісторыю. Што да ролі дзяржавы ў памяці пра рэпрэсіі, то безь яе ўтрымліваць у належным стане такія вялікія помнікі, як Курапаты, немагчыма. Мы 29 чысла кожнага месяца ходзім у Курапаты, Ігар Кузьняцоў водзіць экскурсіі. Часта мы бачым, што там смажаць шашлыкі, адпачываюць проста ў лесе, дзе ляжаць забітыя. За гэтым павінна глядзець дзяржава. Рэсурсаў грамадзкіх арганізацый проста ня хопіць».

Старшыня беларускай філіі міжнароднага таварыства «Мэмарыял» Уладзімер Раманоўскі:

Уладзімер Раманоўскі
Уладзімер Раманоўскі
«У значнай часткі насельніцтва гэтая гісторыя страціла сваю каштоўнасьць, не набыла належнага разуменьня і гістарычнай вартасьці. Калі адказваць на пытаньне — чаму, то тут шмат чаго можна сказаць. У 90-х гадах яшчэ была жывая памяць непасрэдных удзельнікаў тых падзей. Для іх мэмарыяльныя мерапрыемствы былі вялікай надзеяй. Таму і наведвальнасьць была, і ўзьнёсласьць. З часам мноства людзей сышло, замоўчваньне тых падзей працягваецца. У сьвядомасьці грамадзтва страчваецца значнасьць гэтай праблемы. Чаму мы гэтым і займаемся — нас гэта палохае. На жаль, віну за гэта мы вымушаны ўскласьці на дзяржаву, якая мэтанакіравана зьнішчае чалавечую сутнасьць памяці. І тое, што на акцыі сёньня мала людзей прыходзіць, — гэта эфэкт. Калі ў школьных падручніках два радкі пра тое, што гэта было, і кропка. А чым гэта скончылася? Улада прыкладае максымальныя высілкі да таго, каб схаваць злачынствы той улады, мэтады дзейнасьці якой яна фактычна пераняла ў спадчыну».

Намесьнік старшыні КХП-БНФ Юрась Беленькі:

Юрась Беленькі
Юрась Беленькі
«Я ўсьцешаны, што на Дзяды ў такую страшную непагадзь прыйшлі людзі. Мне здаецца, наша нацыянальная эліта ня так глыбока разумее значэньне Дзядоў і важнасьць давядзеньня гэтай тэмы да маладых пакаленьняў. Часам адчуваецца: „Было і было, грамадзтва праінфармавалі, а цяпер іншыя часы — іншым трэба займацца“. Я хацеў бы засьцерагчы, каб такія настроі пашыраліся. Неабходна, каб было адзінства мінулага, сучаснага і будучага. Людзі мусяць адчуваць: тое, што было — гэта іхняе. Тое, што будзе — таксама іхняе. Я памятаю 1988 год. Зянон Пазьняк апублікаваў свой знакаміты артыкул „Курапаты. Дарога сьмерці“. Я працаваў на заводзе „Ўдарнік“. Да мяне ў аддзел зайшла дзяўчына. Сама яна зь вёскі. Кажа мне: „А мы пра гэта ведалі“. Тады быў страх, толькі шэптам пра гэта гаварылі. Інэрцыя страху прысутнічае ў грамадзтве і сёньня. Да таго ж рэжым падтрымлівае такое стаўленьне людзей. 4-га лістапада ў Лошыцы мы чакаем чалавек 150–200. Мы замаўляем да 500 чалавек».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG