Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Удальцоў: У Беларусі быў, масавых беспарадкаў не плянаваў


Сяргей Удальцоў
Сяргей Удальцоў
Адзін зь лідэраў расейскай апазыцыі, каардынатар «Левага фронту» Сяргей Удальцоў, супраць якога ў Расеі завялі крымінальную справу за нібыта «спробу захопу ўлады», прызнае, што ў рамках сваёй палітычнай дзейнасьці наведваў сёлета Беларусь, аднак абвяргае, што вёў перамовы адносна фінансаваньня «каляровай рэвалюцыі». Падставай да перасьледу актывіста стаў прапагандысцкі фільм «Анатомія пратэсту-2» на тэлеканале НТВ, у якім схаванай камэрай была зьнятая сустрэча Сяргея Ўдальцова з грузінскім палітыкам Гіві Таргамадзэ, які, паводле аўтараў стужкі, абяцаў спонсарскую падтрымку на зьвяржэньне рэжыму Пуціна.

Неўзабаве пасьля прэм’еры фільму адбыліся ператрусы ў кватэрах Сяргея Удальцова, а таксама ягоных паплечнікаў — Канстанціна Лебедзева і Леаніда Разважжаева. 18 кастрычніка Басманны суд Масквы прад’явіў абвінавачаньні ў падрыхтоўцы і арганізацыі масавых беспарадкаў Лебедзеву, узяўшы яго пад варту сама меней на 2 месяцы. Удальцоў пасьля допыту ў Сьледчым камітэце вызалены пад падпіску аб нявыезьдзе, Разважжаева пакуль не чапаюць.

Аўтары «Анатоміі пратэсту-2» сьцьвярджаюць, што пляны зьмяніць гвалтоўным чынам уладу Сяргей Удальцоў выношваў у Менску, дзе сёлета ў чэрвені адбылася ягоная сустрэча з кіраўніком парлямэнцкага камітэту Грузіі па абароне і бясьпецы Гіві Таргамадзэ. Апошні нібыта паабяцаў матэрыяльна забясьпечыць масавыя хваляваньні ў розных рэгіёнах Расеі, якія ўрэшце павінны скончыцца зьменай улады. Сам Сяргей Удальцоў не хавае, што ў рамках палітычнай кампаніі наведваў сёлета розныя рэгіёны Расеі, а таксама суседнія краіны. Аднак ні пра якія «змовы» гаворка не ішла. Да таго ж ён абвяргае сам факт знаёмства з Таргамадзэ:

«Нас у Сьледчым камітэце вельмі падрабязна дапытвалі адносна кантактаў на працягу лета-восені 2012 году: дзе мы былі, у якіх гарадах, з кім сустракаліся. За сёлетнія лета і восень мы сапраўды праехалі дзясяткі гарадоў — і па Расеі, і ў іншых краінах. Так, я быў і ва Ўкраіне, і ў Беларусі, і ўсюды былі сустрэчы з самымі рознымі людзьмі розных нацыянальнасьцяў.
Так, я быў і ва Ўкраіне, і ў Беларусі, і ўсюды былі сустрэчы з самымі рознымі людзьмі розных нацыянальнасьцяў

Пра гэта таксама ішла гаворка. Толькі вось чаму Сьледчы камітэт вырывае з кантэксту асобныя факты? Відавочна, вырываюць перадусім тое, што ім зручна, спрабуючы выбудаваць абвінаваўчую лінію, абсалютна шалёную. Таму гэта проста сфабрыкаваны, перадузяты працэс, і Сьледчы камітэт паводзіць сябе надзвычай непрыстойна. Магу сказаць, што ніякіх сілавых дзеяньняў, беспарадкаў мы не плянавалі, таму што вызнаем толькі мірныя формы дзейнасьці».

Сумнеў у менскай прапісцы расейска-грузінскай сустрэчы, зьнятай схаванай камэрай, выказваюць і беларускія спэцслужбы. Прадстаўнік КДБ Аляксандар Антановіч абверг ранейшыя сьцьвярджэньні супрацоўнікаў Сьледчага камітэту Расеі, якія казалі, што Ўдальцова Маскве «здаў» Менск. Мала таго, спадар Антановіч сумняецца, што сустрэча ўвогуле была ў беларускай сталіцы.

Аднак пасьля дэманстрацыі фільму «спраўджаную» інфармацыю пра тое, што спатканьне Ўдальцова, Лебедзева і Разважжаева з грузінскімі «спонсарамі» адбылося менавіта ў Менску, праз сацыяльныя сеткі распаўсюдзіў іншы расейскі апазыцыянэр, лідэр «Другой Расеі» Эдуард Лімонаў. Ён перакананы, што цяперашнімі заявамі пра недатычнасьць да ўсёй гэтай гісторыі Ўдальцоў сябе проста ратуе:

Эдуард Лімонаў
Эдуард Лімонаў
«Фільм НТВ — дурны, тупы. Але тое, што ўнутры яго ядром зьяўляюцца вось гэтыя апэратыўныя здымкі — і ўжо няважна, якім шляхам здабытыя, — асабіста я ім веру. Я бачыў мноства апэратыўных здымак і ў свой час быў пасаджаны на 4 гады нават не паводле апэратыўных здымак, а паводле „праслушкі“, аўдыё. Падмацавалі яшчэ адным сьведкам — і пасадзілі. Дый Сяргей сам прызнаўся, гаварыў пра гэта яшчэ на першым допыце 11 кастрычніка. Пра гэта і Сьледчы камітэт казаў. Таму абсалютна пэўная ісьціна, ніякага сумневу няма, а за апошні тыдзень стала агульнавядома, што гэта было ў Менску.

Удальцоў факт сустрэчы не адмаўляе, месца сустрэчы таксама не адмаўляе. Ён толькі кажа, што яны абмяркоўвалі дапамогу на абсалютна мірныя мерапрыемствы, на легальныя мэты для ягонай арганізацыі. Вось што ён адмаўляе — падрыхтоўку да масавых беспарадкаў і ўсё астатняе. Так, сустракаліся, так, гаварылі, але ніякіх масавых мерапрыемстваў не задумвалі. Вось такая ў нас сытуацыя. А тое, што кажуць у Менску, дык гэта відавочна, што ў КДБ будуць адмаўляць. Адпаведных санкцыяў, напэўна, яшчэ не атрымалі. А калі раптам і ёсьць, то тады яшчэ ўсё цікавей становіцца…»

Дэмакратычныя актывісты перакананыя, што атака на іх сплянаваная Крамлём і прымеркаваная да выбараў у Каардынацыйную раду расейскай апазыцыі. 20–21 кастрычніка на Трубнай плошчы ў Маскве пройдуць мітынгі ў падтрымку палітычнай кампаніі, а ўладам зусім ня выгадная кансалідацыя сваіх апанэнтаў. Гаворыць былы вязень сумленьня, сустаршыня Фонду расьсьледвальніцкай журналістыкі «Фундацыя 19/29» Рыгор Пасько, які тры гады адседзеў у турме па абвінавачаньні ў «шпіянажы»:

«Улада ў паніцы, што зьяўляецца магчымасьць прагаласаваць такім спосабам, да якога зараз нарэшце прыйшла расейская апазыцыя — праз інтэрнэт. 20 кастрычніка адбудуцца выбары ў Каардынацыйную раду апазыцыі шляхам інтэрнэт-галасаваньня. Зроблена схема гэтага галасаваньня абсалютна зразумелая і абсалютна сумленна. І гэта вялікае дасягненьне, чым улады і напалоханыя.

Гэта ў пэўным сэнсе ноў-хаў расейскай апазыцыі — галасаваньне ў інтэрнэце, на якое ніхто звонку ня можа паўплываць. Ні дэбілізмам старшыні ЦВК Чурава, ні ботамі ФСБ, ні ментаўскім гвалтам на акцыях і зборах людзей. І тут ні да кога не падкапаесься — адна справа, калі праводзіцца фізычнае галасаваньне са скрынямі, з прыходам людзей кудысьці, дзе ўсё можна павярнуць у зручны бок, а тут вось ён — інтэрнэт».

У выпадку, калі віна Сяргея Ўдальцова і ягоных паплечнікаў у падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў будзе даказаная, кожнаму зь фігурантаў крымінальнай справы пагражае да 10 гадоў турэмнага зьняволеньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG