Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча і трэцяя сусьветная вайна


«Дзеяньні гэткага кшталту ўвайшлі ў гісторыю нацыянальнай здрады ў Польшчы,» — сказаў падчас нядаўніх дэбатаў у Сэйме прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск на адрас апазыцыйнай партыі Права і справядлівасьць.

«Калі вы сёньня асьмельваецеся тут ілгаць у такі спосаб, дык я паўтару: гэта ганьба, якая ўвойдзе ў гісторыю Польшчы, і вы будзеце запісаныя ў гэтай гісторыі разам з тымі, якія знаходзяцца ў польскім сьпісе ганьбы,» — адказаў Туску з парлямэнцкай трыбуны лідэр Права і справядлівасьці Яраслаў Качынскі.

Чаго датычыць гэтая жорсткая рыторыка?

Згаданыя дэбаты адбыліся праз два дні пасьля другіх угодкаў катастрофы польскага ўрадавага «тупалева» пад Смаленскам, у якой 10 красавіка 2010 году загінуў тагачасны прэзыдэнт Польшчы Лех Качынскі з жонкай і амаль 100 чалавек з палітычна-грамадзкай эліты краіны. Пахаваньне загінулых два гады таму зьяднала Польшчу ў смутку і спачуваньні сем’ям ахвяраў катастрофы. Але неўзабаве гэтая катастрофа стала прычынай вострага палітычнага разладу ў краіне. Высьвятленьне прычынаў катастрофы — у якім істотную ролю адыгрывала Расея, на тэрыторыі якой гэтая бяда здарылася — стала прычынай узаемных абвінавачаньняў і палітычных сварак, рыторыка якіх рабілася ўсё больш жорсткай. Апазыцыя з Права і справядлівасьці абвінавачвала кіроўную Грамадзянскую плятформу ў падхалімстве перад Масквою і намякала, што катастрофа магла быць ня вынікам няшчаснага выпадку, а змрочнай змовай, каб пазбавіцца ад Леха Качынскага. Падчас маніфэстацыі, арганізаванай Правам і справядлівасьцю ў Варшаве на другія ўгодкі катастрофы, з вуснаў некаторых маніфэстантаў гучалі наўпроставыя абвінавачаньні Дональда Туска ў змове з Уладзімерам Пуцінам, каб прыбраць Леха Качынскага. У дэбатах у Сэйме да такіх адкрытых абвінавачаньняў не дайшло, але атмасфэра таксама была распаленая дабяла.

Права і справядлівасьць прапанавала прыняць рэзалюцыю, якая заклікала б Расею выдаць Польшчы абломкі самалёта, якія ўсё яшчэ знаходзяцца на смаленскім лётнішчы каля месца катастрофы. Расея абломкаў не выдае, спасылаючыся на тое, што яе расьсьледаваньне катастрофы яшчэ не закончанае. У прынцыпе, Сэйм мог бы прыняць такую рэзалюцыю, калі б ня яўна правакацыйная фармулёўка, якую туды ўставілі дэпутаты з партыі Яраслава Качынскага. Яны напісалі, што польскі Сэйм зьвяртаецца з заклікам да ўладаў Расейскай Фэдэрацыі выдаць абломкі самалёта, бо «польскія ўлады ня робяць рашучых юрыдычных крокаў» дзеля гэтага. Было ясна, што пытаньне тут было зусім не ў прыняцьці рэзалюцыі, а ў абвастрэньні палітычнага канфлікту. І гэтак адбылося.

«Толькі людзі, ахопленыя нянавісьцю да ўласнай дзяржавы, пагардай да сваіх апанэнтаў, пазбаўленыя натуральнай павагі да айчыны, у якой жывуць тут і цяпер, сёньня, гатовыя ўносіць праект пастановы, зварот да ўладаў Расейскай Фэдэрацыі, зварот да Думы, зварот да цара, дзеля таго, каб сьцьвердзіць, што польская дзяржава дрэнна функцыянуе,» — сказаў прэм’ер-міністар Дональд Туск у Сэйме.

«Вы падвярнуліся сьпіной да сваіх сяброў, таму пад канец я вам прысьвячу адну цытату: „Чалавек бяз гонару — гэта горш чым сьмерць“,» — адказваў Туску адзін малады дэпутат з Права і справядлівасьці.

Рэзалюцыю, зразумела, нават не паставілі на галасаваньне.

Калі б хто паслухаў гэтыя польскія дэбаты бязь веданьня польскага палітычнага кантэксту, мог бы падумаць, што яны адбываюцца не ў парлямэнце вольнай і дэмакратычнай Польшчы пачатку 21-га стагодзьдзя, а на адным з апошніх польскіх сэймаў канца 18-га стагодзьдзя, калі Польшча зьнікала з палітычнай мапы Эўропы. Усё, Польшчы прышлі капцы... Рука Масквы... Нацыянальная здрада... Ганьба... Кіраўніцтва бяз гонару...

Тады, у 18-тым стагодзьдзі, ролю лялькавода ў польскім парлямэнце выконвала Расея. А хто ці што прымушае польскіх палітыкаў гаварыць падобныя рэчы цяпер? Ці Польшчы сапраўды пагражае палітычнае падзеньне, бо цяперашняе польскае кіраўніцтва змовілася зь цяперашнім расейскім кіраўніцтвам дзеля нейкай жахлівай палітычнай камбінацыі? Гэтае пытаньне гучыць, безумоўна, сьмешна, але калі хто і сьмяецца з таго, што сёньня адбываецца ў польскай палітыцы — дык гэта Масква. Палякам цяпер ужо не да сьмеху.

Неўзабаве пасьля згаданых дэбатаў, выступаючы перад выбаршчыкамі на поўдні Польшчы, дэпутат Права і справядлівасьці Антоні Мацярэвіч сказаў, што катастрофа пад Смаленскам была «аб’яўленьнем вайны». Паводле Мацярэвіча, наўпроставай прычынай пагібелі самалёта былі «два выбухі» на яго борце. «Чым жа іншым можа быць сытуацыя, у якой гіне ўся эліта, у якой адразаюць галаву народу? Гэта аб’яўленьне вайны,» — цытуюць Мацярэвіча польскія СМІ.

Кажуць, нібыта ўся справа ў тым, што Яраслаў Качынскі, брат-блізьнюк загінулага прэзыдэнта, выбраў якраз такую канфрантацыйную стратэгію, каб урэшце пераламаць шэраг палітычных паразаў і прыйсьці да ўлады. Нехта падлічыў, што калі ўзяць пад увагу мясцовыя, парлямэнцкія і прэзыдэнцкія выбары, дык Яраслаў Качынскі прайграў сем разоў запар. Наступная параза — на прэзыдэнцкіх выбарах — будзе раўназначная канцу яго палітычнай кар’еры. А таму ён пайшоў на абвастрэньне палітычнай рыторыкі, каб кансалідаваць электарат з правага боку палітычнай сцэны ў Польшчы вакол сваёй асобы і партыі. Справа гібелі брата — якая дасюль да канца не расьсьледаваная — зьяўляецца якраз такім ядром палітычнай кансалідацыі для польскіх правых.

Польскія аглядальнікі не ўспрымаюць заяваў Антонія Мацярэвіча ўсур’ёз, хоць ён і зьяўляецца старшынём сэймавай камісіі па расьсьледаваньні смаленскай катастрофы. А некаторыя дык уголас выказваюць думку, што Мацярэвічу даўно ўжо час пайсьці па кансультацыю да псыхіятра. Але, як здаецца, шмат каму прыходзіць у галаву і такое пытаньне:

а што будзе, калі Права і справядлівасьць выйграе выбары, і Мацярэвіч зноў апынецца ва ўрадзе?

Мацярэвіч у польскім урадзе быў ужо міністрам унутраных справаў (1991-1992), намесьнікам міністра абароны (2006) і шэфам контрвыведкі (2006-2007).

Дык што, будзе вайна Польшчы з Расеяй за абломкі «тупалева» пад Смаленскам? І як павядзе сябе НАТО — дапаможа Польшчы ці не? Ці не наступіць тады якраз той момант, пра які калісьці згадваў Аляксандар Рыгоравіч — што беларусы нарэшце атрымаюць магчымасьць даказаць сваю адданасьць Маскве і стануць масава класьціся пад натаўскія танкі?

Усё гэта, як той казаў, было б сьмешна, калі б не было так сумна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG