Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ганна Казакова: "Кожны рух адваката каштаваў 400 тысяч. "Вясна" рабіла вялікую справу"


Алесь Бяляцкі
Алесь Бяляцкі
Тэрмін утрыманьня праваабаронцы Алеся Бяляцкага пад вартай падоўжаны яшчэ на два месяцы. 12 жніўня яму было выстаўлена абвінавачаньне паводле часткі 2 артыкула 243 КК (утойваньне прыбыткаў у асабліва буйным памеры, ухіленьне ад платы падаткаў). Наколькі небясьпечны для грамадзтва праваабаронца, ці ёсьць такая неабходнасьць трымаць яго за кратамі і куды ішлі тыя прыбыткі, якія Бяляцкі нібыта ўтойваў?


Праваабарончы цэнтар "Вясна" сабраў некалькі соцень паручальніцтваў за Алеся Бяляцкага з просьбай вызваліць яго з-пад варты. Юрыст Беларускага Хэльсынскага камітэту Гары Паганяйла, які таксама асабіста паручыўся за Бяляцкага, перакананы, што ўлада ня мае падставаў трымаць Бяляцкага за кратамі:

"Гэта можа быць і падпіска аб нявыезьдзе, і асабістае паручальніцтва, і заклад — маса ёсьць іншых варыянтаў. Вядома, з такім складам парушэньняў Алеся Бяляцкага можна было і не арыштоўваць. Ён не спрабаваў схавацца, ён мае сталае месца жыхарства, падчас працы падатковай інспэкцыі ён зь імі супрацоўнічаў, даваў тлумачэньні, абскарджваў іх дзеяньні, у тым ліку і праз суд, і нікуды не зьбіраўся зьяжджаць".

Тым больш, што ў Бяляцкага была такая магчымасьць — не вярнуцца ў Беларусь з-за мяжы, калі ён даведаўся пра тое, што ўсе ягоныя рахункі замежныя банкі "здалі" беларускім уладам. Беларускае тэлебачаньне цягам апошняга тыдня дэманструе раздрукоўкі рахункаў Бяляцкага са шматзначнымі лічбамі. Родныя ж і блізкія дзясяткаў палітзьняволеных сьцьвярджаюць, што менавіта "Вясна" дапамагала ім і маральна, і матэрыяльна, і ў першую чаргу — аплачваць паслугі адвакатаў.

"Вясна" нікога не пакінула ў бядзе: заўсёды можна прыйсьці, паразмаўляць, пляны разам будаваць і наконт адвакатаў, і наконт стратэгіі вызваленьня
Дар'я Корсак распавяла, што першы раз сутыкнулася зь "Вясной" у 2002 годзе, калі яе муж Аляксандар Атрошчанкаў, які цяпер адбывае тэрмін у калёніі "Віцьба-3", толькі пачаў займацца грамадзкай дзейнасьцю:

"Гэта былі і перадачы ў пастарункі, якія яны рабілі, гэта была і аплата адвакатаў. І цяпер, у такой складанай сытуацыі, "Вясна" нікога не пакінула ў бядзе: заўсёды можна прыйсьці, паразмаўляць, пляны разам будаваць і наконт адвакатаў, і наконт стратэгіі вызваленьня. І цяпер, калі такое адбылося з Алесем Бяляцкім, якога я вельмі паважаю і ведаю асабіста, вядома, хочацца зрабіць усё магчымае, каб ён хутчэй апынуўся на волі".

Маці былога палітвязьня Сяргея Казакова, якога днямі памілавалі, спадарыня Ганна кажа, што менавіта "Вясна" і Алесь Бяляцкі дапамаглі ёй у першыя дні, калі сына затрымалі. Прычым праваабаронцы самі знайшлі яе і прапанавалі дапамогу:

"Калі я наагул разгубілася — дзіця невядома куды і за што забралі, — менавіта "Вясна" апэратыўна і арганізавана патлумачыла, што рабіць, куды зьвяртацца. А грашовая дапамога — бязь іх я наагул ня ведаю, што б было... 400 тысяч у дзень за працу адваката — гэта наагул нерэальна было б для мяне, гэта вельмі шмат. Проста зьезьдзіць на спатканьне ці нешта высьветліць, тое, што займае ў адваката дзьве гадзіны — кожны рух адваката каштаваў 400 тысяч. Такую вялікую справу рабіла "Вясна".

Такога кшталту справы могуць расьсьледавацца і хутка, і даволі доўга — да году, выказаў меркаваньне юрыст Гары Паганяйла:

"Падлічыць арытмэтычна падаткі не становіць ніякіх цяжкасьцяў. Іншая справа, што там усё шыецца белымі ніткамі. Для ўсіх відавочна, што ніякага ўхіленьня ад падаткаў няма. Гэта грошы не Бяляцкага, гэта не ягоны прыбытак, гэта грошы заходніх фундацый, за кошт якіх ажыцьцяўлялася матэрыяльная падтрымка асобаў, рэпрэсаваных беларускім рэжымам".

Колькі Бяляцкага будуць трымаць за кратамі, сказаць цяжка, мяркуе Гары Паганяйла. Хутчэй за ўсё, да суду.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG