Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адказваць за базар


У беларуска-расейскіх адносінах – чарговы скандал. Насуперак традыцыі прэзыдэнт Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў не накіраваў віншаваньня фэстывалю «Славянскі базар», які адкрыўся ў Віцебску на мінулым тыдні.

Можна было б проста не зьвяртаць увагі, ну не павітаў расейскі кіраўнік сьвята расейскай і постсавецкай папсы – вось справаў, можа яму брыдкая яна ў параўнаньні з любімым Deep Purple. Але беларускі афіцыёз успрыняў гэта, як чарговую імпэрыялістычную вылазку.

Адказваць за базар
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:04:34 0:00


І можа, не дарма. Бо, па-першае, парушаная традыцыя, а па-другое, дэмарш зь невіншаваньнем арганічна ўпісваецца ў шэраг іншых эпізодаў у двухбаковых адносінах – ад прыпыненьня паставак электраэнэргіі да заявы міністра фінансаў Расеі Аляксея Кудрына, што Беларусь можа і не атрымаць чарговых порцыяў крэдыту, бо крокі ўраду РБ, на думку Кудрына, толькі заганяюць беларускія эканамічныя хваробы ўглыб і зусім не спрыяць выхаду з крызісу.

Паводле найбольш распаўсюджанай вэрсіі, мэта, якую натхнёна агучвае і БТ, мэта падобных крокаў Расеі – атрымаць як мага таньней ласыя кавалкі беларускай уласнасьці. Ня выключана, што так яно і ёсьць, але зь невялічкімі ўдакладненьнямі.

Пакуль што ва ўмовах эканамічнага крызісу дапамогу Беларусі аказала толькі Расея. Праз фонд ЭўрАзЭС, але ўсе разумеюць, чые гэта грошы. Дапамога невялікая, менш чым хацеў афіцыйны Менск, але іншыя наагул не далі ані цэнту. Ні цэнтральнаазіяцкія ўладары, ні друг Уга, ні кітайскія новаяўленыя браты – жывых грошай ня даў ніхто. З умовамі, без умоваў – проста ніхто.

Так, Расея дала з умовамі. Відаць, зь імі. Хаця вакол тых умоваў – нейкі сапсаваны тэлефон, размова глухіх. Масква трактуе патрабаваньне прыватызаваць маёмасьць на 7.5 мільярдаў даляраў, як частку дамовы крэдытаваньня, якую беларускі бок безь вялікай ахвоты, але падпісаў. Паводле афіцыйнага Менску гэта нахабны наезд, абсалютна нічым не абгрунтаванае патрабаваньне, якое ня мае ніякага дачыненьня да крэдытнай дамовы.

Самым простым вырашэньнем гэтай загадкі сфінкса была б публікацыя гэтага пагадненьня. Аднак ад гэтага ўстрымліваюцца абодва бакі, працягваючы размову глухіх.

Але калі мае рацыю расейскі бок, то атрымліваецца, што цяперашні канфлікт – вынік ня столькі расейскай хцівасьці, якая была і да крэдыту і будзе пасьля крэдыту (не бяз гэтага, зразумела), колькі адчуваньне Масквой таго, што беларускі партнэр у чарговы раз у абмен на паўнаважныя грошы прадаў паветра.

Тут наагул пытаньне сьветапогляднае. Цікавая рэч: паводле апытаньняў беларусы, якія выступаюць за эўраінтэграцыю, часам нават з большым разуменьнем ставяцца да расейскай палітыкі, чым тыя, хто выступае за расейскі вэктар. Бо для першых Расея – суседняя краіна, можа і някепская, але адна з многіх, са сваімі інтарэсамі, часам эгаістычнымі, часам вельмі адрознымі ад беларускіх. І нічога Беларусі ў прынцыпе ня вінная. І таму калі яна нешта дае, то трэба, відаць, нешта даваць узамен. Гэта часам непрыемна, брыдка. Але гэта справядліва. Ці ня трэба браць тыя данайскія падарункі, ніхто ж не прымушае.

Іншыя справа, тыя, для каго пачынаецца зямля, як вядома, ад Крамля. Мы ж браты? Браты. Ну можа некаторыя са знакам якасьці, але ўсё роўна ж браты. А якія ж паміж братамі могуць быць рахункі, базарныя калькуляцыі – я табе, ты – мне? Гэта ж падступна, мы ад ўсяго сэрца, а яны...

Наўрад ці так разважае такі халодны і спрактыкаваны палітык, як Лукашэнка. Для яго гэтая рамантыка масавай псыхалёгіі – падмурак цалкам цынічнай і добра скалькуляванай палітыкі. 800 мільёнаў першага траншу ўжо ў любым выпадку не адбяруць, да наступнага траншу будзе час і памірыцца. А пакуль змаганьнем з расейскімі тлустымі катамі-алігархамі можна паспрабаваць умацаваць народную падтрымку, і дарэчы прадаць Захаду звыклую схему геапалітычнага супрацьстаяньня – каравул, рускія бяруць за горла, ратуйце Беларусь. Ну і мяне, зразумела.

А раптам купяць. Расейцы ж колькі куплялі падобны тавар.

Можа і купяць, дарэчы. А можа і не. І за базар, і зусім ня віцебскі, ўрэшце давядзецца адказваць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG