Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дуліна ад Барадуліна


Летам 2004 году Рыгор Барадулін, даўні слухач і сябра Беларускай Свабоды, пачаў маратон ля мікрафону: штодня круціў у эфіры новую дуліну, прабачце, показку ці эпіграму. 75 асобаў, якім пашчасьціла (ці наадварот) сустрэць на жыцьцёвым шляху паэта, атрымалі ад яго нясумны ўспамін і россыпы рыфмаваных дыямэнтаў.

У той год Свабода адзначала юбілей -- паўстагодзьдзя беларускага эфіру без цэнзуры, і дзядзька Рыгор узяў і паслаў яшчэ паўсотні паветраных пацалункаў журналістам Свабоды – кожны атрымаў імянную эпіграму. Радкі, прысьвечаныя нашаму калегу Уладзю Каткоўскаму, які загінуў пазьней, цяпер выбітыя на яго гранітным помніку ў Менску.

Менш вядомы Барадулін-эсэіст – і цягам гэтага тыдня прапануем вам пяць яго вясёлых эсэ, напісаных для Свабоды. У тым ліку, нягледзячы на ўласьцівую рэдакцыі цнатлівасьць, эсэ “Як беларусы сэксам займаюцца”. Бо праўды не заглушыш.

Аляксандар Лукашук,
дырэктар Беларускай службы

ЯК БЕЛАРУСЫ СЭКСАМ ЗАЙМАЮЦЦА


Слова «сэкс» прыйшло з кніжак. А наогул крывічы, як ніхто іншы, захавалі паганскія традыцыі й эўфэмізмамі не карысталіся. Казалі катэгарычна, абапіраючыся на вопыт пасівелых ад жарсьці стагодзьдзяў і на жывучую паганскую інтуіцыю: «Кожнае дыханьне любіць папіханьне». Альбо: «Кожнаму дыханьню трэба папіханьне». Кшчоным паганцам не па дыеце было так званае ўстрымліваньне: «Пайшоў бы ў мніхі, дык яйцы ліхі».

Жарсьць, пал — болей літаратурнага паходжаньня, а ўсё гэта, калі выгукалася: «Ой, забрала, забрало, і ножачкі забрало», называлася нецярпліва каротка — юр. «Як заюрыць, дык і пад хвастом гарыць». Значэньня ня мае — ці хлопцу, ці бугаю. Пра спрытнага й здатнага ў гэтым клопаце казалі: «Да работанькі — анінютанькі, а да ябатанькі — ах, мае матанькі». Калі што марнавалася, казалі: «Як у пізьдзе згарэла».

Пра вечны ражон і вабную патэленьку знаходзіліся ласкавыя формы словаў. Замест «нічога» ўжывалі слова «ніхуютанькі», ці прыцмоквалі: «Ой, прыгожанька глядзець, як пізьдзюленька ідзець».

На ўсё адпаведна былі стандарты ці, кажучы паэсэсэраўску, госты. Пра важкі мужчынскі струмант казалася: «У яго ўручча — нападоймішча». Даўжыня таксама мела свае вымярэньні: два кархі й два пальцы ды, як валуны, яйцы (корх — мера на шырыню далані). Галоўнае, каб было куды й было чым. Падспудна ў шчырых працаўнікоў жыла зайздрасьць да жарабцоўскага молата. Адсюль і канкрэтна-абстрактная мера: ігага да самага птру... Фалічны клопат маюць і застольныя, і падпольныя зычэньні: «Каб да сьмерці хуй стаяў! Каб грошы стогам, а хуй рогам!»

Дый маладзіца мусіць быць мажной, а не такою, якую можа вецер зьдзьмухнуць: «Дзесяціна саду й млын ззаду». Бо павінна пяцёх на ільдзіне сагрэць. Праўда, калі пытаньня не стаяла, тады суцяшалі самі сябе: «Не да еблі, калі рукі пакрэплі». І пра такую, якая дужа заелася, усьміхаліся — яна ўжо хуй за мяса ня лічыць. «Сісі — па місі», «Сіські, як бічоўкі, пізда, як начоўкі» (бічоўка — ударная частка цэпа, якая малоціць).

Аратайныя вобразы. За аблокамі лунаюць тады, калі абодвум хораша. І перад пачаткам шчыраваньня працаўнік інтрыгаваў: «Я табе яшчэ ня ўсё паказаў, палавіну матузом прывязаў!» Потым, выходзячы скакаць, прыпяваў:

Кумпяччо ў маёй красулі
Сорак восем дзесяцін,
Без штаноў, адно ў кашулі
Дацямна араў адзін.


Здатны ў заляцаньнях, юрлівы называецца жыгуном. І ацэньваецца адпаведна: «Такі жыгун і ў смаляной кабылы выпрасіць, і мёрзлай сучцы ўцісьніць». Пра нягеглага недарэмна заўважалі: «Ён вялым хуем зроблены».

Было ж неяк, што маладзіца паспытала пана. На роспыты суседак тлумачыць: «Маладзічкі вы мае, мой жа, як нарогам, як нарогам, а пан, як пэндзэлкам, як пэндзэлкам». Дарэчы, лічылася, што калі дзіця рабіць на гарохавінах, сукрыстым народзіцца, як амурчык.

Рэкляма мае паважаны ўзрост:

Каля рэчкі йшла
Ды пасьвіставала.
Пізду козырам нясла,
Сіські выставіла.


Такая мажніца шляхціцу, які мог толькі прасіць, а не працаваць, як нарогам, адказвала: «Я пана кохам, як капусту з грохам».

Побыт шмат у чым вызначае бачаньне наўкольнага, праяўляецца ў вобразах. І шчыраваньне, якое робіць жыцьцё нязводным, дапасоўвалася да хатняга клопату:

Ой ты, мая Домна,
Прыйдзі ка мне цёмна.
Твая ступа, мой таўкач —
Будзем крупы абтаўкаць.


Зразумела, маючы добры таўкач, ніякая ступа ня ў страх.

Гэта ня жарт, што ў чужых руках усё большым здаецца. У чужых руках і хуй з таўкач. З мройлівай зайздрасьцю пяялася:

У цыганкі хвартух новы,
А ў цыгана хуй дубовы.
Хвартух новы не парвецца,
Хуй дубовы не сагнецца.


І калі да некага прыставалі й падганялі:

— Ну!

— Хуй гну, дуга будзіць! — чулася ў адказ, каб адчапіцца.

Лепей, калі як дуга, чым як чарвяк.

І колькі смутку ў запытаньні: «А дзе ж тое дзелася, што ў штанах вярцелася?»

Весялейшае запытаньне:

Ці ня Бог табе даў,
Мая Настачка?
Усю ночку макаў,
Як у маслачка!


Узроставы фактар у юрлівым стараньні, як ні круці, дужа важны й важкі. Пакуль малады, ні начоўкі, ні ступа ня спыняць, не астрашаць. Па часе ўсё зьмяняецца. Гэта з вопыту пакаленьняў папеўка:

Якочацца, рагочацца,
За старога ня хочацца:
Стары хочаць і баіцца,
Каб у пізду не ўтапіцца.


І адно шкадаваньне аб сустрэчы з такім:

Ай, такую яго маць,
Гэнага Міколку,
Я хацела яму даць,
А ў яго з іголку.


Не дапаможа й народная парада: у лыжкі ўвязаць. Па-першае складана, а па-другое, адзервяненьне пачуцьця, дый вабная патэленка дрэва не прымае.

І пра старога, а бывае, што й пра маладога кажуць: нямоглік. Ці зусім безнадзейна дакладна: слаб у яйцах. Тут ужо як у сучасным анэкдоце. Сустрэліся два мужыкі. Пытаецца адзін:

— Як жывеш?

— Слаба.

— Выходзіць, кепска.

— Ды не, выходзіць добра, заходзіць кепска.

Нямогліку, відаць, ня дасьць рады й такая парада:

І хвор Кузьма, і нядуж Кузьма,
Прывяжыце Кузьме галаву к пізьдзе.


Ухвалялася толькі слабасьць у руках, калі дзьвюма ня мог мужчына свайго працаўніка сагнуць.

Групэн-сэкс ня быў у крывічоў у модзе. Гэта ўжо калгасам пахла. Крывічы па трывалай натуры сваёй гаспадары, болей аднаасобнікі, хутаранцы, а не калектыўныя засранцы. І сваім распараджаліся як хацелі, у адпаведнасьці з настроем: «Я сваю Марынку хоць пасярод рынку!» І ў выразе «Сябры — удваіх адну кабылку яблі» болей прыклёпу й юрлівай фантазіі.

Адпаведна й паставы ў папіханьні былі з аратайна-атарным адценьнем:

Дай, дай, дай, дай,
Раскінь ножкі, як баран рожкі,
Хай упруцца ў небакрай
Новыя панчошкі.
Я табе іх купіў,
Для цябе залупіў.


І ўсё, што рухалася, па-свойму займалася папіханьнем.

А сініца вераб’я
Устоічку заябла.


Гэта крылатыя. А бяскрылыя насуперак пралетарскаму пісьменьніку Горкаму, які сьцьвярджаў, што народжаны поўзаць ня можа лётаць, лёталі ў небе асалоды:

А лісіца і барсук
Ябаліся цераз сук,
А маленькі барсучок
Цераз маленькі сучок.


Была ў паставах і неабмежаваная таямнічасьць: «Перагнуў церазь мяжу, а што зробіў, не скажу».

Дый самы лірычны птах салавей даваў інструкцыю й паддаваў юру, сьпяваючы:

Цімох, Цімох,
Павёў дзяўчыну ў мох, у мох,
Паваліў, загаліў —
Торк, торк, торк, торк...


Кожны стараецца ўторкнуць як хутчэй і як спрытней. Праўда, нэрвовы ці ня ў норму п’яны торкаў, торкаў то ў буракі, то ў моркву. З такога торканьня толку мала. Як ня лепей, калі паваліў у гурбіну ды не туды скіраваў, жыгануў у сьнег — аж зашыпела. Такі жох хуем падпаліць стог.

Вясною, калі й трэска на трэску лезе, і ўсё, што сквярэцца, адно на адно дзярэцца, юр чуецца ня толькі ў сьпевах таго ж салаўя. І жабы, не падзяліўшы сваіх зялёных ад хаценьня вершнікаў, цьвеляцца, лаяцца, як прафэсійныя давалкі: Кккурвва, кккурвва.

— Сама тттакккая, сама тттакккая...

І ў лясных жыхароў не заахвочвалася кровазьмяшэньне:

Ай там, на расіцы,
Прасіў заяц у лісіцы.
А лісіца не давала,
Пізду лапай закрывала.


Пра вітаміны, пра танізатары крывічы ня ведалі, дый учуць не прыслухаліся. Стравы гатаваліся й гатункаваліся дакладна:

Ад бобу захочаш ёбу,
Ад гароху будзіш сраць троху,
Ад рыбы станіць хуй дыбы.


І адмова ў ласым болей самаахвярная: зьеш хуй, а рыба дорага.

Крывічы былі за такую мілосьць, каб ці хуй напалам, ці пізда на дробныя цурачкі! Відаць, шкляной часам рабілася. Спагаду меў нястомны: ябаць, як воўк, прасіць, як заяц. І калі слаба палілася ў печы, кепліва заўважалі: «Тапленьне, як кашынае ябленьне».

Шчырая праца на ложку ці на атаве вяла да абстрактнага мысьленьня. Толькі ў адпаведным стане льга зразумець меру: тры пізды попелу. Ці капіздуленьку. Болей канкрэтна: заробіў ад хуя вушы.

З калыскі хлопчыка рыхтавалі да мужчынскай працы на працяг роду людзкога. Малога падкідвалі ўгору, прыгаворваючы: «Вялік расьці дзевак басьці!» У штодзённым побыце не забываліся пра асноўны клопат. Падымаючы поўную шклянку, дбалі пра гаспадарку й тую, на якой працавалі ўночы, і тую, што ўдзень сілу забірала: «Каб жыта расло й хуй стаяў!»

Нават загадка пра баравік (бо ён адпаведных абрысаў) была фалічнай: «Кладуць старца ў дамавіну, хуй тырчыць напалавіну?»

Сапраўдныя працаўнікі не ацяляквалі, у іх у роце мухі не ябліся. На ўсё глядзелі наўспагатоўна: «З голай сракай каля голага хуя не жартуй!»

Расчуліўшыся за чаркай і скваркай, выказвалі сябру сваю найвышэйшую пахвалу: «Каб я быў дзеўкай, я б табе даў».

Вядомую песьню «Ой, пайду лугам, лугам» чулі па-свойму. Радкі «А я ляжу ды думаю, думаю, што ліхую жонку маю» пяялі: «А я ляжу ды думаю, што для хуя жонку маю». Яно неяк так болей мэтаскіравана.

Кожны спэцыяліст ведае цану сабе й свайму майстэрству: «Навошта мне золата, калі ў мяне хуй, як долата?» Канкрэтна на мясцовасьці вырашалася апэратыўна, што ім рабіць, ці дзяўбсьці, ці шпакляваць. Залежала, відаць, ад стану аб’екту.

У нястомным шчыраваньні быў і свой каштарыс ці натуральная аплата за натуру: «А за крупы, а за сала пізда лупы закасала». Ці ў залежнасьці ад акупацыйнага рэжыму: «За пуп — руб, за касмарку — марку». Цэны, як бачым, былі памяркоўныя. Не кусаліся.

Фантазіі хапала. Малы, я зноў-такі ня мог уцяміць (дый цяпер не даходзіць), як гэта ўдавалася:

А па вуліцы мяцеліца мяцець,
А дзед бабу за пяцеліцу вядзець.


Калі я быў блізка, пяялі захмялелыя застольнікі й такі варыянт для мяне: «А дзед бабу за патыліцу вядзець». Усё роўна яшчэ болей нязручна.

У пашане ў крывічоў было стараньне. Што такое каханьне да заіканьня?

Пан дастане
Да пячонак пікай —
Стане пані
Радаснай заікай.


Гэта зусім ня тое, як цяпер іншы раз:

Ляжыць, як дошка,
І лесам пахне,
А ўсё чакае,
Што нехта трахне...


А ў прыгаворцы: «Няхай жывець, красуецца, пакуль на хуй ня ўссунецца!» — чулася й пагроза, і зайздрасьлівы ўспамін, старая маладой і гразілася, і сама ў маладыя гады вярталася. Гэта калі да дзяўчыны сваталіся багаты на грошы й з уруччам нападоймішча, яна слушна вырашыла: «Хлеб годам, грошы пераводам, а хуй у векаўшчыну».

Самыя дасьціпныя, самыя іскрыстыя ў крывічоў былі й песьні й папеўкі якраз скаромныя ці, панавуковаму, фалічныя:

А ў чыстым полі
Пад ябурамі
Часалі дзеўкі хуй тапарамі,
Яны часалі ды прымяралі,
Ой, каб жа ціці, не ўкараціці.


І дзяўчаты не баяліся мужчынскае працы, абы знасалодзіцца. Малы я ня мог зразумець, што за дрэва ябур. Пазьней дайшло, што гэта спэцыйна пачуты явар. Да сёньняшняга мне, як некурцу, так і няўцямна показка: «Ён так курыць, як пізда сена есь». Адно дайшло: «Жыць будзеш, толькі не захочаш».

Хочацца, каб яшчэ доўга мог лячыцца па народнай крывіцкай мэдыцыне: «Жывот аб жывот пацерці, і ня будзіць балець да самай сьмерці».

Глыбокі ўзроставы сум у анэкдоце, які йдзе з даўніны. Дзед сядзіць на прызьбе. Певень гоніцца за курыцай. Дзед сыпнуў крылатаму заляцанку зярнятак. Певень спыніўся й пачаў дзяўбсьці, забыўшыся, што бег ябсьці. Дзед толькі й выгукнуў: «Гэта ж ня дай бог, каб я да такога дажыў...»

У маладыя гады ўсё пачыналася, як бы вытворчасьць, у прыватнасьці, і як Гефэстава рамяство:

Даражэнькая мая,
У нас кузенька свая:
Срака дзьмець, а хуй куець,
Пізда жару паддаець.


А як скаромяцца сэксам, пра гэта лепей могуць давесьці тэарэтыкі. А практыка, яна жывая, таму й няўлоўная, бо зьменлівая.


ЯК БЕЛАРУСЫ РАКАЎ ЛОВЯЦЬ


Рак. Крывічы болей кажуць «арак». І ласунак, і прынада для воднага паляваньня.

Рак у вадзе пад карчамі ў вірах, у беражыстых норах.

Рак у небе — сузор’е.

Рак на стале, рак у гараскопах.

Абмінуць яго ніяк нельга. Пра яго, які задам ходзіць, і песьні калючыя, юрлівыя кшталту:

На моры жабка
Красенцы ткала.
Прыйшоў арачак
Да жабкі ў сваты,
Даець ёй ганьбу
Вахлакаваты:

— А ў цябе ў жабкі
Кароткі лапкі.
— А ў цябе, рачак,
У срачцы вочкі.


Так і сарваўся шлюб.

А ў рыбакоў быў клопат, хапіла фатыгі:

Рыбакі лавілі рыбу,
А спаймалі рака.
Цэлы дзень яны глядзелі,
Дзе ў арака срака.


Гэта, калі на досьвітку злавілі, ды ў летні ясны дзень багата часу пайшло на выглёдзіны.

Рак у дзіцячых калямбурыстых пацешках:

Нас рана, нас рана
Мама разбудзіла.
Супу з ракам, супу з ракам
Мама наварыла.


Рак у прымаўках, у показках, у лютых кляцьбёнах. Як з раку наедку. Грозен арак, ды ў срацы вочы. Не хаці ты аракаў і не мачы ты сраку.

А пэўная пастава — ракам — з рознаякіх нагодаў. Стаяць ракам, рачкаваць.

У кожнай мясьціне ловяць аракаў па-свойму. Самы старажытны спосаб, да прыкладу, падае Васіль Быкаў у сваёй геніяльнай споведзі «Доўгая дарога дадому»: «...лавілі ракаў, — тыя яшчэ вадзіліся. Калі трохі падрос, памятаю, хадзілі ноччу са смаляком. Смаляк запаліш, а яны вакол выпаўзаюць на водмель, нават страшнавата робіцца. А то засунеш руку ў падмытае карнявішча на беразе, а ён — цоп за палец, і цягнеш яго».

Я й сам так лавіў аракаў. Бывала, малому хітраватыя вушацкія дзядзькі раілі: скінь штонікі й заходзь у рэчку каля карчоў. Рачок і ўхопіцца за стручок. У жаху аберуч хапаліся мы за свае стручкі.

Лавілі аракаў і ня голымі рукамі. Раскеплівалі палачку й торкалі яе пад корч. І такім драўляным пінцэтам цягнулі арака. Не разьбіралі, перадам ці задам упіраецца рухомы панцыр.

Ёсьць і хітрэйшыя ў сваёй задуме мэтады. З дроту выгінаецца кручок, на кручок усаджваюць тлустую муху. Ласы кручок топяць у балацявінку й на яго вывуджваюць жабу, на муху рапуху. Потым жабу падсмажваюць. З лазы пляцецца нешта накшталт чарніліцы-невылівачкі. У чарніліцу гэтую запрашаюць смажаную жабу. Чарніліцу ставяць на вірах, ля пячораў у берагах. У яе й палезуць аракі, а назад ня вылезуць, бо ходзяць наадварот.

А самы надзейны й лёгкі спосаб лавіць аракаў — што называецца, на залаты кручок. Адразу вароныя, адразу чырвоныя, як бальшавікі. Пра такіх аракаловаў ёсьць вясёлая ўсьмешка.

Сынок ідзе з мамай каля піўной. Як казаў Уладзімер Караткевіч, каля піўняка. І раптам закрычаў: «Мама, мама, а там дзядзькі піва з ракамі п’юць». Мама й тлумачыць спакойна: «Сынок мой, гэта ў іх морды такія...»

Як беларусы аракаў ловяць, можна распавядаць багата й вясёла. Сумна толькі адно, што трэба ўдакладняць, як беларусы аракаў лавілі, бо хімізацыя вымыла й рэкі, і азёры, і віры, і падкарчэўе. Застаецца сподзеў, што аракі, хоць задам, ды прыйдуць зноў на свае раковішчы.


ЯК БЕЛАРУСЫ АДПАЧЫВАЮЦЬ


Традыцыйна ў крывічоў слова «адпачынак» у цяперашнім значэньні мала ўжывалася й напоўнена было цьмяным сэнсам. Адпачынак мелі пасэзонна прылады працы — плуг, нарог, сявалка, каса, серп, рыдлёўка, сіта, рэшата. Амаль не адпачывалі хіба што сякера, гэбель ды пазьней самагонны апарат. Сумнаватым гумарам патыхала ад самасуцешлівых спагадаў: яшчэ наляжымся там, адпачнём на тым сьвеце.

Адпачынкам льга называць толькі сьвяты, на якіх верніцкая душа зь нябёсамі гутарку вяла.

Пры камуністах было ўведзена не як паняцьце, а як сумна-вясёлая рэальнасьць — актыўны адпачынак. Пасьля такога адпачынку трэба было сапраўды адпачываць. Актыўны адпачынак — гэта чарка й скварка (калі здаралася наскрэбсьці на закусь). Нездарма назаўтра ці ў канаве ці ў цьверазілаўцы шкадавалі ўдарнікі працоўных будняў: выпіў болей, чымся мог, але меней, чымся хацеў...

Змагаліся за дасягненьнi ўсе — і працоўнае сялянства, і гнілая інтэлігенцыя. (Можа, яна гнілой была, што слаба прасьпіртавалася.) Пра магільшчыка капіталу — рабочую клясу — казалі, затаіўшы дыханьне: яна адпачывала ў камуністычных брыгадах. Пяялася ж: у камуністычнай брыгадзе з намі Ленін наперадзе... Дарэчы, я так і не зразумеў сэнсу радкоў бадзёрыстай песьні: «Трудовые будни — праздники у нас». У сьвята звычайна не працуюць, нават і ў савецкае. А былі ж пачыны працаваць у дзьве зьмены. Якое ж трэба тады было здароўе мець, каб вытрымаць.

Хадзіў такі пушчаны ворагамі савецкай улады анэкдот. Дваццаць нейкі зьезд КПСС. З трыбуны генэральны сакратар заклікае працаваць у дзьве зьмены, каб выканаць і абавязкова перавыканаць праграму роднай камуністычнай. Падымаецца адзін дэлегат і дае клятву працаваць у тры зьмены. Шквал авацыі. Потым журналіст падбягае да пачыншчыка з пытаньнем, кім ён працуе, і чуе: дырэктарам крэматорыю.

Традыцыі магільшчык капіталу шануе і ў ХХІ стагодзьдзі: праца, як пахмяліцца, самая цяжкая. У ход ідзе ўсё, што гарыць. Бо над душой стаіць паганскі бог — Калатун. (У музыкаў гэта проста — трэмалэ.) Ударнікам актыўнага адпачынку на заводах оптыкі, дзе на праціраньне станкоў даецца тэхнічны сьпірт, лягчэй хоць на адзін дзень. Сьпірт, выдадзены на некалькі месяцаў, выпіваюць адразу ж, а на станкі дыхаюць і праціраюць цьвярозай анучкай. (Здараецца, што й станок убакі водзіць.) У ход ідзе й бакілітавы ляк для змазкі трансфарматараў. Рэдзіва разьмешваюць палкаю, ляк бярэцца за палку, а сьпірт застаецца. Яго пераганяюць, і ён ідзе на працяг актыўнага адпачынку.

Па вясёлыя да смутку прыклады далёка хадзіць ня трэба. На адным гіганце індустрыі на калядных канікулах адпачывалі разнастайна, з выдумкай, з рацпрапановамі. Пайшлі, адпаведна падмацаваўшы сьвяточны настрой, сябры падзівіцца на прэзыдэнцкую ёлку насупраць так званага саркафагу. (У нас цяпер усё прэзыдэнцкае — і ёлкі, і палкі.) Моладзь, не ахопленая новакамсамолам, пачала кідаць пэтарды. Адна й трапіла пад ногі адпачыванцу — і адарвала яму геніталіі. (Спачуваю небараку, а ў галаве вушацкая дзіцячая цьвялілка:

Бегаў зайчык каля рэчкі,
Пагубляў свае яечкі.
Шарыў, шарыў — не знайшоў.
Як заплакаў ды пайшоў...)


А дзіцячая цьвялілка пацягнула дарослую папеўку:

Выхадзіла пані Яні,
Танцавала танцы.
Цалавала пані Яні
Пану Яну ў яйцы.


Зайчык, можа, наступнай вясной і знайшоў яечкі. А вось пані ня будзе куды цалаваць пацярпеламу.

Другая пэтарда сябруку ў вока — і як на нітачцы вока матлялася.

Рабочы, ласы на халадзец, купіў вепручыную галаву й падаўся на лецішча, каб згатаваць з галавізны закусь. З суседам узяў, як трэба, і на галаву забыўся, ня толькі на вепручыную. Назаўтра раніцай прачынаецца працаўнік у канаве каля дарогі, а на яго глядзяць нейчыя злыя вочы. Прадраў свае — дзік. Нябога ў крык, і ўцякаць ад дзіка. З разгону ў сасну — сасна цэлая, а зубы ня вытрымалі.

А яшчэ адзін ударнік адпачывальнае працы цёпленькі дайшоў-такі дадому. Жонкі ў хаце няма. Трэба своечасова хавацца. Быў летуценьнік дужа ценькі й залез пад канапу. І сьніцца, што ён ляжыць у труне. Расплюшчыў вочы — сапраўды націснуты вечкам труны. У гвалт. Зьбегся як ня ўвесь пад’езд. Пакуль зразумелі, адкуль лямант, мінула багата часу, бо й самі паратоўцы яшчэ былі вясёлыя. Ледзьве выцягнулі жывога.

У цэху стаіць прыкуты паравоз, які кіпяціць ваду, наганяе пару. (Можа, якраз той, пра які сьпявалі некалі камуністы «Наш паровоз, вперёд лети, в коммуне остановка». І прыпынак ягоны ў калгасным сацыялізьме.) Да машыніста падыходзіць адпачыванец, дае 15 тысячаў: «Завязі дамоў!» Дома захаканы просіць жонку: «Скінь зь мяне Андрэя». Жонка не разумее, што просіць каханы муж. А той з жалем канстатуе: «Значыць, мянты забралі...» Гэта ён яшчэ болей вясёлага сябрука нёс на плячох... Можа, у думках.

Трэба гэтак адпачываць, каб далёка было чуваць! Хай ведаюць нашых!


ЯК БЕЛАРУСЫ ГАСЬЦЕЙ ПРЫМАЮЦЬ І Ў ГОСЬЦІ ХОДЗЯЦЬ


«Госьці ў хату — сьвіньні рады», — жартуюць крывічы. Гэта значыць, што ўсяго будзе да адвалу. Для гасьцей крывічы нічога не шкадавалі. Не на чорны дзень, а для гасьцей заўсягды нешта прыпасалася. Нездарма ж кажуць: дай Бог гасьця, а каля гасьця й я.

Госьць у хату — Бог у хату. Мяноўна Бог пасылае гасьцей, каб праверыць на шчырую шчодрасьць гаспадара. Госьць заўсягды жаданы, заўсягды чаканы. Гэта нашыя ўсходнія суседзі пабойваюцца гасьцей, ці ад скупасьці, ці ад небагатасьці, гэта іхняя прымаўка: незваный гость хуже татарина. Здавалася б, чым замінаюць татары, у якіх нашыя ўсходнія суседзі й прозьвішчы пабралі й звычаі, нават славутая шапка Манамаха — цюрскага па ходжаньня.

Госьцю ўсё лепшае. Госьцю — гусьцё, радабоць сабе. Гаспадар радуецца, калі панаедзе гасьцей з усіх валасьцей. Для гасьцей пякуць яечню ў калена. Гасьцей кормяць як на ўбой. Кормяць так, каб госьць шкадаваў: душачка б прымала, ды скурачкі мала. За сталом у госьця лыжка гнецца, нос сьмяецца, душа радуецца. Крывічы разумеюць, што ўсе мы госьці на гэтым сьвеце.

За сталом хмурых і сярдзітых няма. Жарты, сьмелае пакепліваньне, песьні.

— Чым жа вас частаваць? — пытаецца гаспадар.

— Чым вароты падпіраць, — адказваюць задзірыста госьці.

Стол аж ломіцца ад страў, ад прысмакаў, а гаспадыня ў песьні пытаецца:

А чым жа вас частаваць,
А чым жа вас вельмаваць?
Качан капусты на лясе,
Верабеечка ў страсе.


Вераб’ёў, праўда, у Кітаі ядуць. Толькі не ў крывічоў.

Госьці йдуць у перапевы:

Дзень добры таму,
Хто ў гэтым даму!
Гаспадынечка, журавіначка,
Гаспадарочак, дому паночак.
А мы госьцікі нехаджалыя,
Нехаджалыя, небывалыя.
Ня часта ходзім,
Ня многа просім:
Кварту гарэлкі,
Сыр на талеркі.


Не забываюцца сказаць добрыя словы й пра чарку:

Ой, чарачка, сакатуха,
Ня йдзі міма,
А йдзі ў бруха.
З кілішэчка цячэць,
Каля сэрца пячэць.


Эпітэтаў для чаркі не шкадавалі самых пяшчотных:

Ой, чарачка каточак,
Пакаціся ў раточак,
Ня стуча, ня груча,
Па костачках шчакача.


Гасьцей увесь час трэба было прымушаць, запрашаць піць і есьці, каб потым, крый Бог, не сказалі: піць-есьці было, толькі прымусаў не было. Ці: на стале ўсяго было, толькі прынукі не было. Трэба было піць, пакуль галава трымалася на плячох, бо душа, казалі, меру знаіць. Калі госьць куляў чарку, яму пад руку прыгаворвалі: мёдам на душу, мёдам на душу, пaтакай! Каб лепей пілося. Спачатку трэба было выпіць у красу, потым каб дома не журыліся. Адхадную пілі на пужку, каб пуга добра каня падганяла. Адыходзячы, госьці жадалі: каб у вас было ня сьпіта, ня зьета!

Невыпадкова добрая, уежджаная дарога называлася гасьцінцам. З гасьцей малым везьлі гасьцінцы ў хусьцінцы.

У госьці ішлі й ехалі таксама не з пустымі рукамі. Альбо хто з прыносам, а хто зь першым носам. Звычайна госьці дарылі гаспадарам падарункі. Жартам казалі, каб госьці ня селі косьцю.

Гасьцяваньне — гэта паразуменьне душаў, абмен радасьцю, каб скруха сабе галаву скруціла.

Гасьцяваньне — і сьвята, і праца. Злосьці ня ходзяць у госьці. Ягамосьці госьці — шчыруны весялосьці.

ЯК БЕЛАРУСЫ ПАГАНСТВА ПІЛЬНУЮЦЦА


Бог адзін, а канфэсіі — гэта болей прафэсіі. Паганства шанавала прыроду, лічыла ўсё жывым — і валун, і траву, і паветра, і ваду. Паганства пакланялася Тварбе Божай. Шмат якія паганскія багі ў хрысьціянстве сталі сьвятымі зь іншымі імёнамі. Да прыкладу, той самы Пярун-залатавус стаў Ільлём, які разьяжджае на вазку й пускае вогненныя стрэлы.

Паганства мае свае нацыянальныя асаблівасьці ў кожнага народу. Крывічы бадай што болей за ўсіх суседзяў захавалі паганскія карані, зь якіх цягнуцца ў вышыню даўніны й спрадвечча адметныя дрэвы й побыту, і сьветаўспрыманьня.

Кожную хату ахоўвае Хатнік. Трэба ведаць ягонае ймя, але не вымаўляць услых. На страху трэба насіць Цмоку яечню, каб Цмок ня ўгневаўся й не пусьціў гасподу дымам. У падпеччы жыве вуж, яго частуюць малаком.

Як пра добрых знаёмцаў кажуць пра Ярылу, Жыценя, Вададыха, Лесуна, Жыжу. Да нашых дзён, каб малы не абпёк палец аб агонь, папярэджваюць: жыжа — кусь. З марозу заходзячы ў хату прыгаворваюць: зьмёрз, як зюзя. А Зюзя — гэта галоўны мароз, у яго яшчэ дванаццаць братоў — Прагун, Траскун, Скварун, Пабягун, Цягун, Дрыгун, Крахкатун, Зьвягун, Маўчун, Казытун, Крутун, Шчыпун. І кожны па-свойму марозіць.

Трасца мае таксама дванаццаць сясьцёр — Трасавіца, Агнявіца, Зябавіца, Гнятавіца, Кархавіца, Глухавіца, Ламавіца, Пухлявіца, Жаўтавіца, Старгавіца, Глядавіца, Невідуха.

У адной асобе Кон, ад яго ўжо ідзе Скон. За сталом гаспадараць Ядун і Жор. Кажуць: напаў такі Ядун, што наесьціся не магу, ем і ем. Як нападзе Жор, сабаку б, здаецца, зжор.

Спрадвечныя сваім паганствам Дзяды. Гатавалася куцьця, гатаваліся клёцкі з душамі: сьценкі — клёцкі з дранай бульбы, а душа — з кручанага мяса ці, па-сучаснаму кажучы, з фаршу. Даўгія клёцкі зваліся сарокамі. У сароку ўторквалі душу з кавалачка сала. Некалькі сарок былі бяз душаў, а ў адной — срэбная манэтка. Трэба было ўгадаць, у якой сароцы манэтка гэтая.

Да гэтага часу чую мамін голас. Сядаем усёй сям’ёй за стол. Мама пачынае запрашаць:

Мароз, мароз, хадзі да нас куцьцю есьці!
І ты, грамок, на голы лес не грымі,
пачостку прымі!
І вы, Дзядочкі, хадзіце і з сабой
непамянёных вядзіце!


Стол і ў буднія дні быў сьвяточны. Пільнаваліся паганскіх прыкметаў. Нельга ў шапцы сядзець за сталом — цешча глухая будзе. Зьмятаеш стол на рог — гаспадарку на клін зьвядзеш. Нельга стол сьціраць, калі за ім сядзяць — будуць людзі заціраць. Зьляцеў нож са стала — мужчына сьпяшаецца, лыжка зьляцела — маладзіца. (Дарэчы, нельга было наліваць праз нож — піць адрэжа.) Калі хто здрыгануўся за сталом, воўк недзе ў лесе на ягоны сьлед наступіў.

Кот мыецца — госьці будуць. Кату яшчэ прыгаворваюць, падахвочваюць:

Заўхом рудa, ў чарапочку вада.
Заўхом рудa, ў чарапочку вада.


У Чысты Чэцьвер мыюцца да ўсходу сонца людзі, а крумкач сваіх дзяцей у крыніцы купае таксама да ўсходу сонца.

Віншавалі сваіх і суседзяў праз крысо кажуха, каб быў багаты й касматы. (Касматаму цяплей было некалі й пасьля.) Галаруч не віншавалі.

Чыста паганскае пажаданьне: будзь здарова, як карова, і багата, як зямля, і пладавіта, як сьвіньня. Маладзіцы нацяжку жадалі нарадзіць, як пукнуць.

Здаецца, нядаўна было. Выган каровы першы раз на пашу. Дапамагаў маме шкрэблам вычэсваць нашую Лысоню. Каб у схудалай за зіму каровы вароны не выскубвалі кузлакі поўсьці сабе на гнёзды. Да ўсходу сонца мама брала з крыніцы ваду, абмыць карове рогі й вымя. Лілі ваду праз шкляну — ад уроцаў. На Юр’я на дзеньніку ў варотах пасьцілалі дзедаў пояс, клалі два яйкі, іконку (кшчонае паганства). Карова выходзіла з хлява, пераходзіла пояс.

Ці яшчэ паганскі рытуал. Парасятка як прыносілі з базару, цёрлі аб печ, каб таўсты, як печ,быў; цёрлі аб заслонку, каб сала было, як заслонка; кармілі з патэльні, каб сьвіньня была гладкая, як патэльня; абносілі вакол ножкі стала, каб ад дому сьвіньня не адыходзілася. І ўсё гэтак і ставалася. Цяперашняе сала зусім тога смаку ня мае.

І ў нашыя дні, калі зельнік зь вядзьмарскім веданьнем свае справы зьбірае зёлкі, перш чым сарваць якую, просіць у яе дазволу ўзяць яе й кажа, для чаго яна трэба й каму дапаможа. Гэта камуністы й прыроду жывой не прызнавалі, і людзей за людзей ня мелі. Усёдазвол.

Меняет движение рек,
Высокие горы сдвигает
Советский простой человек.


Паназьмянялі рух рэчак, панассоўвалі горы, паасушылі балоты, павысеклі пушчы. Няма прытулку ні Вадзянікам, ні Лесунам. І цягнецца вынішчэньне ўсяго жывога. Нават валунам не даюць расьці. Уздоўж яшчэ лясных дарог валуны пафарбалі зь лёзунгамі: беражыце прыроду! Гэта ж не велікодныя яйкі. А калі прыняць валуны за велікодныя яйкі — іх трэба біць аб каменныя ілбы чыноўнікаў. Іх бы саміх пафарбаваць і дадаць лёзунгі: сьцеражыцеся бязмозглага чынавенства! Але цягам часу й пушчы абрастуць, і рэчанькі будуць поўныя, зь берагамі роўныя. Паганскія багі не пададуцца ў выгнаньне. Яны любяць крывічоў і заступяцца за іх.

І калі змушае лёс вагацца,
Дык трымаюцца за ўласны тын
Беларусы —
Кшчоныя паганцы,
Самаісныя, як пан бурштын.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG