Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зачынілі галерэю ў «Фальварку Добрыя Мысьлі»


7 чэрвеня куратары культурных праектаў у «Фальварку Добрыя Мысьлі» Тацяна Гаранская і Віктар Маркавец забралі мастацкія творы, кнігі, аргтэхнічныя прылады ды разьвіталіся зь месцам сваёй дзесяцігадовай працы. Ад гэтага дня ў сталіцы краіны паменела яшчэ на адну незалежную творчую пляцоўку.

Падзеі апошніх дзён вакол «Фальварку Добрыя Мысьлі», што на вуліцы Магілёўскай, 12, прадказвалі такі фінал. 31 траўня з прычыны забароны там не ўдалося зладзіць прэзэнтацыю новай кнігі Ўладзімера Мацкевіча «Ня думайце пра рыжага і сьляпога качканоса». А 1 чэрвеня забаранілі адкрыцьцё пасьмяротнай выставы Міхася Рагалевіча.

Распавядае куратарка выставаў у «Добрых Мысьлях» Тацяна Гаранская:

«Мне растлумачылі ўласьнікі «Фальварку», што за паўгадзіны да адкрыцьця выставы ім быў званок з гарвыканкаму ад загадчыка аддзелу па ідэалёгіі. Падрабязнасьцяў мне не тлумачылі, сказалі: «Без камэнтароў!».

Экспазыцыю выставы арганізатары са сьценаў, аднак, не здымалі, спадзеючыся, што гаспадары «Фальварку» справу неяк залагодзяць. 6 чэрвеня іхныя надзеі былі канчаткова абарваныя.

«Я пазваніла ўчора, і мне сказалі канчаткова, што галерэі ня будзе».

Сёньня куратары дэмантавалі так і не адчыненую выставу Міхася Рагалевіча, забралі са сховаў творы іншых мастакоў, кнігі і ўсе астатнія рэчы, якія сабраліся ў галерэі за дзесяць гадоў яе працы. Куратарка галерэі Тацяна Гаранская падсумоўвае зробленае:

«Мы зрабілі больш за трыста выставаў. Творы прывозілі ад мастака і адвозілі, рабілі каталёгі, і ўсё гэта было дабрачынна. І гэта была на працягу дзесяці гадоў адзіная беларускамоўная прыватная галерэя. Паднялі ўнікальную праграму — мастацтва Заходняй Беларусі. І ня толькі ў межах гэтай галерэі, а па ўсёй Беларусі правезьлі гэтыя выставы і дабіліся таго, што экспанавалі невядомых мастакоў, карціны якіх потым набывалі Нацыянальны мастацкі і іншыя музэі. І яшчэ адна вельмі важная праграма была — мастацтва маляванага дывана. Гэта этнаарт на новым узроўні, і такі новы напрамак акрэсьліўся, які называецца этнамадэрн».

Апрача выставаў, у галерэі праводзіліся прэзэнтацыі новых кніг, адбываліся творчыя сустрэчы, літаратурныя фэсты. Дарэчы, там прэзэнтаваліся ажно тры мультымэдыйныя праекты Радыё Свабода: два дыскі «Начной чытанкі» і першы дыск «Бардаў свабоды».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG