Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ля абменьнікаў — чэргі, у абменьніках — пуста

абноўлена

Нягледзячы на тое, што за даляр ў банках з 24 траўня гатовы плаціць па 5000 рублёў, валюта ў абменных пунктах не зьявілася. У гэтым пераканаліся рэгіянальныя карэспандэнты «Свабоды», якія на наступны дзень пасьля маштабнай дэвальвацыі наведалі ў абласных цэнтрах банкаўскія абменьнікі, крамы ды рынкі.

Менск


Вечаровая пераклічка ў чарзе па валюту да абменьніка ў гіпэрмаркеце «Прастор». У сьпісе каля 200 чалавек.


ВІЦЕБШЧЫНА


Жыхары суседняй Смаленшчыны скупляюць у віцебскіх крамах прадукты, якасны беларускі трыкатаж і замежную бытавую тэхніку.

Каля віцебскіх абменьнікаў — па-ранейшаму чэргі ахвотных набыць валюту. Новае падвышэньне курсу не паспрыяла зьяўленьню ў банках даляраў ці эўра, абураецца спадарыня з чаргі, якая чакае, каб набыць здадзеныя кім-небудзь 50 даляраў:

«Можаце зараз набыць, а можа, толькі да вечара. Бо нічога няма, увогуле нічога няма. Сяброўка зараз таксама тэлефануе: „Ты ў абменьніку? Там, сказалі, усё ў вольным продажы ўжо…“. А тут няма, зусім нічога няма!».

Спадарыня чакае валюты ў філіяле РРБ-банку, што на плошчы Свабоды. Даляры тут купляюць па 4835 беларускіх рублёў, а прадаюць па 5025. Чарга, як і да падвышэньня курсу, — 6-7 чалавек.

Праз дарогу, у філіяле «Беларусбанку» па вуліцы Леніна, таксама чарга. Купляюць даляры па 4930 рублёў, прадаюць па 5000, але гэта яшчэ не канчатковы курс, лічыць хлопец з чаргі:
Усё гэта — чарговы падман!

«Будзе і 7000 праз тыдзень, а праз два — і 10 000 будзе! Усё гэта — чарговы падман! Так? Здаюць толькі „расею“, бывае. А даляраў няма!».

Расейскія рублі здаюць пераважна госьці абласной сталіцы з сумежнай Смаленшчыны. Зусім побач — цэнтральны віцебскі ўнівэрмаг, дзе жыхары Расеі набываюць усё па выгадных коштах. Курс расейскага рубля таксама вырас, і смаляне скупляюць у віцебскіх крамах усё — прадукты, якасны беларускі трыкатаж і замежную бытавую тэхніку.

На кірмашы дзейнічае іншы курс валюты — неафіцыйны. Гандляры ўжо «заклалі» яго ў тавар, які ізноў падаражэў. Але і даляры можна паціху здаць «валютчыкам» нашмат даражэй, чым у дзяржаўным банку, дзеліцца назіраньнямі пакупнік сярэдняга веку:

«Сытуацыя такая: даляр 6200—6500. І цэны страшныя на кірмашы! Нават на беларускія тавары. Да прыкладу, я глядзеў фарбу, ведаю, што была яна 10 тысяч за літровую бляшанку. Дык ужо 15 тысяч! Ну, слушна яны тлумачаць: „салярка“ падаражэла і ўсё такое…».

«Самая галоўная выснова: ніколі не трымаць зьберажэньні ў беларускіх рублях!»

«Ніколі не трымаў у беларускіх і ўсім так раіў, бо даўно было зразумела… За далярам стаіць 16 трыльёнаў валавага прадукту. Так усім і кажу, што за далярам стаіць Амэрыка і чвэртка ўсяго валавога прадукту. Адзін штат Тэхас, я нядаўна даведаўся, вырабляе столькі ж, колькі ўся Расея! Гэта факт. Пра што тут можна яшчэ казаць!».

На думку спадара, дэвальвацыя беларускага рубля будзе працягвацца, і цяперашняе падвышэньне валютнага курсу — яшчэ не апошняе.

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


«Калі б пачаліся пратэсты — магчыма, узяла б удзел у іх»

Берасьцейцы не панесьлі масава валюту ў абменьнікі. Рост цэнаў і няпэўнасьць на валютным рынку выклікаюць вострую незадаволенасьць у насельніцтва.

Жыхарка Берасьця Аляксандра Іванаўна абураецца цяперашняй сытуацыяй. Людзі апынаюцца на мяжы жабрацтва. Жанчына кажа, што замоўчваньне кіраўніцтвам краіны эканамічных праблемаў і адсутнасьць захадаў дзеля таго, каб іх разьвязаць, можа прывесьці да рэвалюцыі:

«Амаль кожны дзень павышаюцца кошты. Заробкі пры гэтым не растуць. У такой сытуацыі грошай няма. Дзе іх браць? Як жыць далей? Ня ведаю. Магчыма, што нейкая рэвалюцыя будзе. Ня ведаю. Я катэгарычна супраць такой эканамічнай палітыкі нашай краіны. Калі б пачаліся нейкія пратэстныя акцыі, то, напэўна, таксама ўзяла б удзел».
Лічу, што гэта наймацнейшы ўдар па дробным бізнэсе.

У абменьніках валюты як не было, так і няма. Ёсьць толькі нязначныя сумы, якія здаюць гараджане. Захады дзеля выхаду з крызісу недастатковыя і запозьненыя, мяркуе берасьцейскі прадпрымальнік Мікалай Бацяшаў. Паводле слоў бізнэсоўца, у выніку недальнабачнай палітыкі ўрадоўцаў у краіне ўжо зьявіліся тысячы новых беспрацоўных зь ліку збанкрутаваных прадпрымальнікаў:

«Гэта проста вар’яцтва, што адбываецца. Лічу, што гэта наймацнейшы ўдар па дробным бізнэсе. Свой тавар мы набываем за валюту. А яе няма ў краіне. Шмат хто на мяжы банкруцтва, а значыць, беспрацоўных зь ліку былых прадпрымальнікаў у краіне паболее. І зараз зусім няма сьведчаньняў, што сытуацыя палепшыцца».

Жыхар Берасьця Мікалай мяркуе, што ў адносінах да кіраўніцтва краіны цяпер з боку грамадзян расьце недавер. З боку дзяржаўных СМІ гучаць аптымістычныя словы, а ў рэальнасьці людзі сутыкаюцца з зусім іншым:

«Пішуць адно, а робяць адваротнае. Сам жа Пракаповіч запэўніваў, што ня будзе дэвальвацыі, што ня будзе падзеньня рубля. Я сам на свае вушы чуў гэта адносна нядаўна. А што цяпер назіраецца? Чаму цяпер маўчыць кіраўніцтва? Нехта ж павінен несьці адказнасьць за гэта».

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Валюты ўсё роўна няма…

Нягледзячы на дэвальвацыю беларускага рубля, свабодна набыць валюту ў абменьніках Гарадзеншчыны дагэтуль немагчыма.

На чыгуначным вакзале ў Горадні тры абменьнікі розных банкаў. У абменьніку «Беларусбанку» даляр купляюць за 4925 рублёў, прадаюць за 5000, а ў абменьніку Нацыянальнага банку купляюць за 5020, а прадаюць за 5050.

Побач з абменьнікамі, як і раней, сядзяць людзі, чакаючы, каб нехта здаў валюту, каб потым яе набыць. У свабодным продажы ніякай валюты няма.

Пытаюся ў спадарынь — ці паспрыяе, на іх думку, дэвальвацыя рубля таму, каб валюту можна было набыць свабодна?

Спадарыня: «Я думаю, што ня будзе валюты, бо яе няма альбо наагул яе хаваюць».

Карэспандэнт: «А колькі вам удаецца купіць за дзень?».

Спадарыня: «Ня ведаю, як чарга, ну, але чалавек пяць нешта купляюць. Трэба пастаянна тут сядзець».

Да нас далучаецца яшчэ адна спадарыня. Хоць па адукацыі, кажа, не эканаміст, але з жыцьцёвага досьведу і ёй зразумела, калі можа зьявіцца валюта.

Спадарыня: «Вось калі яе будзе дастаткова ў краіне, тады яна і зьявіцца».

Карэспандэнт: «А калі такі час наступіць?».

Спадарыня: «Усё залежыць ад нашае эканомікі і ад нашага кіраўніцтва, ад таго, як яны будуць працаваць. Вось і ўсё».

Яшчэ адна спадарыня ў чарзе пэсымістычна кажа, што такія часы, відаць, ніколі не настануць. Маўляў, палохае ня толькі тое, што няма валюты: кожны дзень растуць цэны ў крамах і на рынку, а заробкі пры гэтым застаюцца тыя самыя.

Іншая спадарыня: «З кожным днём, калі глядзіш на курсы валют, як іх мяняюць, робіцца страшна жыць…».

Пэсымістычныя думкі наконт зьяўленьня валюты выказвае і спадар, які спачатку адмовіўся быў нешта казаць.
Расея зноў нас падвесіла на кручок.

Спадар: «Думаю, што сытуацыя ня зьменіцца да тае пары, пакуль не падмацуюць банкі валютай, каб яна была ў свабодным продажы. Узяць крэдыты? Але як іх потым аддаваць… Дый хто іх дасьць, калі з МВФ пасварыліся, Расея наагул нас падвесіла на кручок? Таму чакаць у далейшым паляпшэньня сытуацыі, думаю, нам не давядзецца».

Ня верыць у тое, што зьявіцца валюта ў свабодным продажы, і маладая дзяўчына, якая ў чарзе чытае кнігу Стэндаля.

Дзяўчына: «Я думаю, што пакуль ня зьявіцца, пакуль дакладна. Вы ж паглядзіце, яна не патаньнела, а наадварот, падаражэла. Таму як яна можа зьявіцца? Можа толькі зьнікнуць нават тое, што ёсьць».

Якія настроі пануюць на вуліцы ў сувязі з далейшым абясцэньваньнем заробкаў і падвышэньнем цэнаў на рынках і ў крамах?

Я думаю, што дыму без агню не бывае. У нас жа заўсёды спачатку скажуць, што цэны ня будуць падвышаць. Але ясна: як толькі ўрад кажа, што ня будуць, гэта першая прыкмета, што яны падвышацца будуць.

— Калі прыйсьці ў краму, то відно, што ўсё падаражэла. Пры чым тут — людзі скупляюць?

— Я, між іншым, пэнсіянэр. Схадзіў сёньня па кількі гнілыя, каштуюць ужо шэсьць тысяч дзевяноста, як селядцы амаль. Я перабраў і палову выкінуў. Ну што скажу: лепей, па-мойму, ня будзе ўжо.
Беларусі дапаможа толькі кардынальнае рэфармаваньне эканомікі.

— Ня ведаю, я думаю, што гэта добра сплянаваная акцыя. Я думаю, што гэта ўсё зроблена ня здуру, а наўмысна. Адкуль я ведаю — кім? Тымі, хто наверсе сядзіць. Яны ж ведалі, адкрыўшы рынак на Расею, даўшы магчымасьць расейцам машыны браць, валюту ўсю вывезьлі. Натуральна, можа і эканоміка не працуе, адно на адно накладзена.

— На мой погляд, цяпер сытуацыю не кантралюе ніхто, кантралюе толькі рынак, і ён вызначае курс даляра. Цяпер ніякія мільярды нам не дапамогуць, нам дапаможа толькі кардынальнае рэфармаваньне нашай эканомікі, бяз гэтага мы проста ляцім у бездань. Ніхто нас ня выратуе — ні Расея, ні Захад. Да нас вярнуўся бумэранг 1990-х гадоў. Тое, што мы павінны былі рабіць у 1990-х, мы вымушаныя рабіць зараз у вельмі неспрыяльных умовах. Тады ў нас былі аднолькавыя стартавыя пазыцыі з нашымі суседзямі — з палякамі, прыбалтамі, а цяпер мы далёка ў хвасьце. Да гэтага прывяла ўлада, якую ўзначаліў Лукашэнка. Каб захаваць уладу, ён менавіта і пайшоў на тое, каб падвысіць заробкі да пяцісот даляраў, але гэтыя заробкі чыста віртуальныя. Гэтыя надрукаваныя грошы зрабіліся простымі паперкамі ці, як кажуць у народзе, фанцікамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG