Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паказаньні пацярпелых: усё больш падабенства і агрэсіі


На працэсе ў Ленінскім судзе Менску, дзе судзяць Статкевіча, Вуса ды яшчэ пяцярых удзельнікаў плошчы, за адзін дзень выслухалі ўсіх пацярпелых. Ці розьняцца іх паказаньні ў параўнаньні з мінулымі працэсамі?

Ужо да абеду 13 траўня ў судзе дапыталі 8 пацярпелых міліцыянтаў. Астатнія амаль 20 альбо ў адпачынку, альбо ў службовых камандзіроўках, і суд пагадзіўся проста зачытаць іх паказаньні. Для пацярпелых працэс над Мікалаем Статкевічам, Дзьмітрыем Вусам ды яшчэ пяцьцю ўдзельнікамі падзей 19 сьнежня — сёмы па ліку. Гэта было бачна і па паказаньнях. Паводле назіральнікаў, яны сталі больш ляканічнымі, але і больш агрэсіўнымі.

«Спачатку проста стаялі. Потым мітынгоўцы паспрабавалі прарваць наш ланцуг: наносілі ўдары нагамі і рукамі. Падчас адной спробы прарвалі ланцуг, я паваліўся, невядомыя сарвалі зь мяне каску», — гэта паказаньні амапаўца Скарахода. Гэтак жа фактычна ўсе пацярпелыя казалі, што мітынгоўцы білі іх «рукамі і нагамі», кідаліся «на прарыў» ці «ў атаку», брыдкасловілі і абражалі.

Больш пэўна загучала на працэсе ў Ленінскім судзе і тэма прадметаў, якімі мітынгоўцы нібыта закідвалі міліцыянтаў, а потым гэтыя прадметы засталіся ляжаць на плошчы: «Усе разам сталі кідаць бутэлькі. У бутэльках нешта было», — паведаміў пацярпелы Булавацкі. Большасьць пацярпелых згадалі, што бачылі ў дэманстрантаў палкі, балёнчыкі, ледасекі. Няўжо альпінісцкія? На пытаньне абвінавачанага Буланава пацярпелы міліцыянт Лушчык патлумачыў, што пад ледасекам меў на ўвазе прут з прыстасаваньнем для колкі лёду.

Паводле пацярпелых, высокім быў узровень арганізацыі дэманстрантаў. «Дзейнічалі ўзгоднена», — заявіў пацярпелы Сакач. Але ня змог згадаць тых, хто кіраваў дэманстрантамі. Увогуле нікога з падсудных, акрамя аднаго, міліцыянты не пазналі як удзельнікаў падзей 19 сьнежня. Пацярпелы Ігар Зінкевіч пэўна паказаў на Аляксандра Класкоўскага. Пазнаў у ім чалавека ў куртцы, які яго заклікаў далучыцца да дэманстрантаў, а потым, калі Зінкевіч ніяк не адрэагаваў, Класкоўскі пачаў яго абражаць. Пракурор Чубкавец запярэчыў: на сьледзтве Зінкевіч даваў іншыя паказаньні — пэўна сказаў, што Класкоўскі быў у міліцэйскім кіцелі, а ня ў куртцы. Дык дзе праўда? Пацярпелы згадаў: так, сапраўды, гэта забыўся.

Бацька абвінавачанага Класкоўскага, журналіст Аляксандр Класкоўскі, гэтак пракамэнтаваў паказаньні пацярпелых і непасрэдна паказаньні міліцыянта Зінкевіча:

Прадчуваньне, што разыгрываецца спэктакль і ўсё ідзе паводле сплянаванага сцэнару.
«Што да паказаньняў гэтых пацярпелых спэцназаўцаў, то першае кідаецца ў вочы, што гэта стандартны набор, які гучаў і на папярэдніх працэсах і на тых, што ідуць зараз паралельна. Але пры гэтым вынікае, што масавых беспарадкаў не было. Усе цьвердзяць пра групу з 5-6 моцных маладых мужчын у кажухах, прычым, гэта ня тыя, што сядзяць у клетцы. Невядомыя нейкія людзі, якія дзейнічалі нібыта арганізавана. Але хто яны такія, невядома. Атрымліваецца, што іх дзеяньні навешваюць на тых, хто зараз сядзіць у клетцы. Таму прадчуваньне, што разыгрываецца спэктакль і ўсё ідзе паводле сплянаванага сцэнару».

Карэспандэнт: «Чаму, на вашу думку, пацярпелы, які пазнаў вашага сына, зьмяніў свае паказаньні ў параўнаньні з тым, што казаў на сьледзтве?»

«У паказаньнях бачная зададзенасьць, міліцыянты падтрымліваюць вэрсію сьледчых з-за прафэсійнай салідарнасьці. Але сёньня, калі давялося даваць паказаньні, як кажуць, вочы ў вочы, відаць, нешта спрацавала іншае, магчыма — сумленьне?»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG