Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Класкоўскі-малодшы: «Прыкулі да батарэі і пакінулі да раніцы»


Аляксандар Класкоўскі-малодшы
Аляксандар Класкоўскі-малодшы
На працэсе ў Ленінскім судзе Менску абвінавачаныя даюць паказаньні адносна падзей 19 сьнежня. Асаблівую цікавасьць выклікаюць аповеды пра дзейнасьць міліцыі.

Аляксандра Класкоўскага-малодшага былыя калегі пасьля арышту прыкулі да батарэі і пакінулі так да раніцы. Дапытвалі без адваката. Ад таго, што падпісаў на першым допыце, Класкоўскі цяпер адмаўляецца. Маўляў, тады мог падпісаць шмат, чаго не было. У прыватнасьці адмовіўся, што быў нападпітку: «Улады я не прысвойваў, а форму апрануў сваю, былую», — паведаміў суду Аляксандр Класкоўскі, але пасьля перапытваньня судзьдзі прызнаў, што ня меў на гэта права, бо быў звольнены зь міліцыі за дзеяньні, якія зьневажаюць службу.

Вось як Класкоўскі-малодшы ацаніў дзеяньні АМАПу на плошчы. Паводле абвінавачанага, міліцыя дзейнічала неабгрунтавана жорстка і гэтым справакавала некаторых мітынгоўцаў на агрэсію. Ён сам быў якраз з такіх — пасьля таго, як яго ўдарылі палкай па галаве, ён пачаў біць у дзьверы Дому ўраду: «Нанёс ня болей за 10 удараў і на нейкі момант арганізаваў людзей на ганку на ламаньне дзьвярэй», — прызнаў Класкоўскі.

Дзьмітрый Буланаў заявіў суду, што ніхто зь міліцыянтаў не спрабаваў затрымаць тых, хто біў шкло: «Дзеяньні міліцыянтаў мне не былі зразумелыя. Адзін раз я бачыў, як міліцыянт плюнуў у мітынгоўца». Яго ўдарылі тры разы па галаве, пакуль ня ўпаў. У ізалятары на Акрэсьціна ўбачыў, што такіх, як ён, з траўмамі, шмат. На наступны дзень прывезьлі ў шпіталь і наклалі швы на рану на галаве. Скардзіцца на міліцыю ня стаў, бо баяўся дрэнных наступстваў у ізалятары. Паводле сьледзтва, Буланаў два разы штурхануў нагой па шчытах на ўваходзе ў Дом ураду.


Абвінавачаны Аляксандар Квяткевіч на пытаньне адваката, ці можа ён назваць мітынгоўцаў «бесчинствующей толпой», адказаў, што ні ў якім разе. Паводле сьледзтва, сам Квяткевіч тры разы ўдарыў па шкле. «Вы бачылі, каб міліцыянты білі людзей? — спытаўся ў Квяткевіча адвакат. — «Так, бачыў», — адказаў абвінавачаны. А каб людзі білі міліцыянтаў Квяткевіч не бачыў.

Андрэй Пазьняк, які жыве і працуе ў Жодзіне, гэтак адгукнуўся пра людзей, якіх убачыў на мітынгу 19 сьнежня на плошчы Незалежнасьці. «Там былі культурныя, пазытыўныя людзі, зь сем’ямі, сьцягамі». Што біў у дзьверы Дому ураду, Пазьняк увогуле адмаўляе.

Арцём Грыбкоў з Карэлічаў таксама лічыць, што дзеяньні міліцыі былі надзвычай жорсткімі, неадэкватнымі падзеям на мітынгу. Грыбкоў на сьледзтве даваў паказаньні, што прыехаў на мітынг, каб адмыслова «пабіцца зь міліцыянамі». Маўляў, мае на іх крыўду, бо неабгрунтавана чапляюцца да яго ў Карэлічах. Сёньня ў судзе Грыбкоў абверг тыя паказаньні. Сказаў, што ў Менску канфліктаў зь міліцыяй ня меў, а дома сапраўды канфлікты былі, бо міліцыянты занадта былі да яго прыдзірлівыя. «Навошта тады казалі, што прыехалі на мітынг, каб канфліктаваць зь міліцыяй?», — не адчапляўся пракурор. Бо спужаўся абвінавачаньня адносна масавых беспарадках, прызнаўся Грыбкоў. «А зь міліцыяй я ў канфлікт не ўступаў», — сказаў абвінавачаны.

Гісторык Ніна Стужынская назірала за працэсам: «Сядзела, ведаеце, са складанымі пачуцьцямі. З аднаго боку, як маці, гледзячы на гэтых амаль што дзяцей, вельмі шкада. З другога боку, бачу, як нашая гэтак званая сыстэма кампануе справу. Бачна, на каго ўжо аказаны ціск, хто паддаўся, і хто, магчыма, будзе выкарыстаны гэтай сыстэмай для таго, каб даць нейкія патрэбныя паказаньні. Бачны абвінаваўчы ўхіл ва ўсім гэтым. Зь іншага боку, я ўсьцешаная тым, што, нягледзячы ні на што, героі у Беларусі ёсьць, і гэта бачна. І хацелася б іх падтрымаць і пажадаць ім здароўя і мужнасьці, вытрымкі на судзе».

Ніна Стужынская пра суд над Статкевічам і іншымі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:05 0:00
Наўпроставы лінк

12 траўня ў судзе дапытаюць кандыдатаў на прэзыдэнта Дзьмітрыя Вуса і Мікалая Статкевіча.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG