Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракурор просіць Севярыцу 3 гады абмежаваньня волі, Марцэлеву і Халіп — 2 гады з адтэрміноўкай

абноўлена

Ірына Халіп
Ірына Халіп
13 траўня ў судзе Заводзкага раёну Менску працягваўся працэс над трыма ўдзельнікамі падзей 19 сьнежня. Тут судзяць сустаршыню аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» і кіраўніка перадвыбарчага штабу былога кандыдата ў прэзыдэнты Віталя Рымашэўскага Паўла Севярынца, журналістку, жонку былога кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава Ірыну Халіп і кіраўніка перадвыбарчага штабу былога кандыдата Міколы Статкевіча Сяргея Марцэлева.

19.30 Аб’яўлены перапынак да 10:00 панядзелка, 16 траўня. Будзе агалошаны прысуд.

19.20 Апошняе слова Ірыны Халіп. Падчас усяго суду я задавалася пытаньнем, чаму ў гэтым працэсе я апынулася ў кампаніі ў з Марцэлевым і Севярынцам? Мы былі ў камандах розных кандыдатаў. Мне было прыемна пазнаёміцца з Сяргеем Марцэлевым. Я глыбока паважаю Паўла Севярынца як аднаго з самых прыстойных людзей. Я была шчасьцівая апынуцца ў такой кампаніі на лаве падсудных. Хоць усё гэта нельга назваць шчасьцем і нельга пажадаць нават ворагу.

Я задумвалася, у якасьці каго я была на Плошчы: як грамадзянка, як жонка кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава ці як журналістка? Я была там на 100% ва ўсіх гэтых якасьцях. Нават каб я не была журналісткай, я пайшла б на Плошчу разам з Андрэем Саньнікавым. Я лічу за шчасьце, што з многіх жанчынаў на гэтым сьвеце ён выбраў мяне.

«Усіх нас судзяць за тое, што мы асьмеліліся паспрабаваць карыстацца Канстытуцыяй краіны. А нам адказваюць — Канстытуцыя, як грошы — у адных ёсьць, а ў іншых — няма. У вас — няма. Бо вы не такія, што кроў у вас зялёная і галовы прышрубаваныя. Але праблема ў тым, што мы — такія — і кроў у нас чырвоная, і правы ў нас — такія ж, як і ў тых, хто гэтыя правы хоча адабраць».

У дачыненьні да маёй сям’і ўлада ўжыла тактыку выпаленай зямлі, каб на зямлі не засталося крыві сям’і Халіп і Саньнікавых. У гэтую вайну нават быў уцягнуты мой сын. Перад судом мая маці казала: Іра, калі цябе пасадзяць, я ня буду хаваць перад унукам, дзе ты, я распавяду ім пра тых злых дзядзек у нашай кватэры і пра самага галоўнага злога дзядзьку. Я адказала, што незалежна ад рашэньня суду, дзіцё павінна ведаць праўду...


19.15 У сваім апошнім слове Севярынец падзякаваў прысутным, бакцькам, сёстрам і Богу, што жыве ў гэтай краіне. Кажа, што сёньняшняя сыстэма правасудзьдзя — карная, нашчадак савеччыны. І гэта прыводзіць да нянавісьці ў людзях, а не да любові.

Паказальна, што падчас 4-х месяцаў зьняволеньня яму так і не дазволілі сустрэцца зь сьвятаром — і гэта нялюдзкасьць сыстэмы,якая не дазваляе людзям быць лепшымі.

Мы, беларусы, ня любім адзін аднаго. Гэта бачна з выступу дзяржаўных асобаў. Але любоў не прыходзіць сама, а даецца ад Бога. Пакуль беларусы, нацыя з тысячагадовай гісторыяй, ня зьвернуцца да Бога, датуль ня будзе любові і ня будзе міру і ладу.

Севярынец сказаў, што Бог можа усё. І папрасіў дазволу падарыць судзьдзі сваю кнігу «Люблю Беларусь».

19.06 Апошняе слова Марцэлева. Кажа, што не спадзяваўся, што ягоны ўдзел у выбарах закончыцца на лаве падсудных. Ён будзе больш асьцярожным адностна ўдзелу у падобных палітычных акцыях. Скончыў выказваньнем: «І ўсё ж — яна круціцца».

18.33 — 19.05 Выступае адвакат Ірыны Халіп. Абвінавачаньне Халіп юрыдычна непісьменнае. Нават дзяржаўнае абвінавачаньне не разабралася, у чым віна Халіп. Уся віна ў тым, што яна ішла ў калёне па вуліцы падчас несанкцыянаванай акцыі.

Халіп можна вінаваціць толькі за тое, што яна заклікала на мітынг, ведаючы, што ён не санкцыянаваны. Халіп не адмаўляе, што заклікала, але на момант выбарчай кампаніі яшчэ ня ведала, якім будзе гэты мітынг насамрэч. У матэрыялах справы, якімі, нібыта, даказваецца яе віна, насамрэч яна выкарыстоўвала сваё канстутыцыйнае права на выказваньне меркаваньняў.

Напярэдадні выбараў падчас інтэрвію аднаму зь вядучых міжнародных СМІ яна сказала, што мае права на свае меркаваньні і яно абумоўленае законам. А ў Беларусі ў нас гэтае права адымаюць гвалтам. Таму нам, беларусам, важна выказаць сваё парва, не зважаючы на забароны.

На пытаньне, а калі сытуацыя выйдзе з-пад кантролю, Халіп адказала: «У нас людзі не такога тэмпэрамэнту, каб хапацца за вілы. Мы не павінны падстаўдяць народ Беларусі і адзін аднаго».

Адвакатка кажа, што гэта сьведчаньне таго, што ніякіх наўмысных гвалтоўных дзеяньняў Халіп не зьдзяйсьняла і не плянавала зьдзяйсьняць. Халіп не прыносіла шкоды прадпрыемствам.

Халіп выказалася, што яна ганарыцца тым, што яна жонка кандыдата на прэзыдэнта Саньнікава, што яна ягоная давераная асоба і яна журналістка. Яна была на плошчы ва ўсіх гэтых якасьцях. І галоўнае: яна там працавала як журналістка. Яна працавана на «Новую газету» і «Эхо Москвы». Калі яе зьбівалі, яна вяла жывы рэпартаж. У дзеяньнях Ірыны Халіп няма складу злачынства.

Паказаньні сьведак абвінаваўцы адвакат просіць ацаніць паводле Крымінальнага кодэксу як непраўдзівыя.

Адвакатка зьвяртае ўвагу, як аднатыпна складзеныя ўсе сьведчаньні зь пералікам прозьвішчаў людзей, якія ішлі ў галаве калёны.

Яна падкрэсьлівае, што міліцыянтаў, якія стаялі ў ачапленьні, спыталі, хто стаяў побач зь імі — і яны не маглі ўзгадаць сваіх калегаў побач. А адзін зь міліцыянтаў сказаў, што ён апалітычны і патлумачыў, што Ірыну Халіп ён назваў таму, што перад гэтым яму паказвалі відэа і называлі, што вось гэта жанчына — Ірына Халіп.

Таксама адвакатка заяўляе, што з 30 ліпеня Халіп праслухоўвалі незаконна. Кажа, што гэта зьяўляецца перасьледам Халіп за яе погляды, журналісцкую дзейнасьць. Яе дзейнасьць прыносіць грамадзтву толькі карысьць. Яна сваёй дзейнасьцю прымушае людзей думаць. Ірына Халіп — нацыянальны герой, і яна ганарыцца знаёмствам зь ёй. Просіць апраўдаць і вярнуць канфіскавыаныя рэчы.

18.15 — 18.30 Выступае адвакатка Севярынца.

Дзеяньні Севярынца не адпавядаюць артыкулу, паводле якога абвінаваўца кваліфікуе ягоныя дзеяньні. Так, Севярынец быў на Плошчы і выгукваў «Верым, можам, пераможам!» і «Жыве Беларусь!» — гэта ня ёсьць крымінальным злачынствам. Права выказваць меркаваньне гарантаванае Канстытуцыяй.

Севярынец не схіляў нікога да непадпарадкаваньня, і гэта пацьверджана матэрыяламі справы. Ні Севярынец, ні хто іншы не адштурхоўваў супрацоўнікаў ДАІ.

Знаходжаньне на праезнай частцы ня ёсьць злачынствам. Тым больш, калі людзі не маглі зьмясьціцца на ходніках. Каб людзі не падушыліся, яны і выйшлі на дарогу, таму судзіць за гэтыя дзеяньні недапушчальна.

Няма тлумачэньняў, чаму прадпрыемствы, як Макдональдс, абменьнік у будынку ўнівэрсаму «Цэнтральны» зачыніліся, паколькі ніякіх беспарадкаў не адбывалася. Тлумачэньні пра небясьпеку — надуманыя. Адвакат зьвяртае ўвагу на асобу свайго падабароннага. Ён — сапраўдны патрыёт Беларусі, шмат робіць для яе будучыні. Гэта вернік, які выступае за цярпімасьць і талерантнасьць. Таму ён ня можа заклікаць да гвалту.

Просіць апраўдаць падабароннага, паколькі ягоныя дзеяньні кваліфікуюцца адпаведным артыкулам адміністрацыйнага кодэксу. Кажа, што 19 не абдылося трагедыі, а тое, што адбылося цяпер, эліта грамадзтва — пісьменьнкі, журналісты сядзяць у турмах — гэта спраўдная трагедыя. Гэтыя людзі павінны пакінуць гэтую залю без суправаджэньня.

Прысутныя заапладзіравалі.

18:10 Адвакатка кажа, што вінаваціць чалавека можна толькі за зьдзейсьненае — Марцэлеў нічога крымінальнага не зьдзяйсьняў. Пакараньне двума гадамі нават з адтэрмінрўкай не адпавядае зьдзейсьненаму. Кажа, што пакараньне не павінна быць зьвязанае з пазбаўленьнем волі ў любым выглядзе.

17.57 Пракурор просіць пакараць:

Паўла Севярынца — 3 гадамі абмежаваньня волі з накіраваньнем у месцы адбываньня пакараньня;

Ірыну Халіп — 2 гадамі пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай на два гады;

Сяргея Марцэлэва — 2 гадамі пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай на 2 гады.

17.22 — 17.45 У зал зайшла судзьдзя, якая авесьціла пра пачатак спрэчак. Пракурор зачытвае абвінавачаньне Паўлу Севярынцу ў арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках: Севярынец віявіў непадпарадкаваньне вогранам улады, што пацягнула за сабой шкоду дзяржаўным арганізацыям, пункту абмену валюты, мэтрапалітэну, палацу прафсаюзаў, сарваны рух грамадзкага транспарту. Ягоныя дзеяньні падлягаюць пакараньню паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэксу.

Абвінавачаньне Ірыне Халіп: заклікала грамадзян прыйсьці на Кастрычніцкую плошчу для ўдзелу ў несанкцыянаванай акцыі, перашкаджала працы праваахоўных органаў. Паводле яе заклікаў гарамдзяне выйшлі на праезную частку.

Марцэлеву — аналягічнае абвінавачваньне.

Пракурор падкрэсьліў, што іх віна даказаная матэрыяламі справы, у тым ліку паказаньнямі супрацоўнікаў міліцыі, відэа- і аўдыёматэрыяламі.

Усе трое падсудных ведалі пра незаконнасьць акцыі і сьвядома бралі ў ёй удзел, незаконнасьць акцыі таксама тлумачылі супрацоўнікі ДАІ.

Выхад на праезную частку зьяўляецца не адміністрацыйным правапарушэньнем, а крымінальным злачынствам. Быў зьменены рэжым грамадзкага транспарту, пасажыры не былі дастаўленыя да месца, установы панесьлі страты.

Віна абвінавачаных даказаная. Доказы — тэлефонныя размовы, зьмест сканфіскаваных дыскаў, факт таго, што абвінавачаныя не зьвярталіся ў Менгарвыканкам па дазвол на акцыю пратэсту, якую нельга успрымаць як мірную. Пракурор спасылаецца таксама на сьведак, якія сёньня ў суд не прыйшлі.

Пракурор заявіў, што дзеяньні Севярынца падпадаюць пад дзеяньніе часткі 1 артыкулу 342 КК.

16.42 Судзьдзя абвесьціла пра пачатак спрэчак.

Адвакатка Халіп заявіла, што 30 хвілінаў на падрыхтоўку ня хопіць. Аднак судзьдзя абвясьціла перапынак толькі на 30 хвілінаў. Людзі ў залі на гэта выгуквалі «Ганьба».

16.38 Адвакаты просяць даць магчымасьць да ранку прадставіць дакумэнты, якія маюць адносіны да абароны абвінавачанай. Гэтае хадайніцтва вымагае суд абвесьціць перапынак. Усе з абвінавачаных і адвакатаў згодныя. Пракурор пратэстуе, бо лічыць, што гэта зацягваньне працэсу Судзьдзяя падтрымала пракурора і адхіліла хадайніцтва.

16.30 Адватка Халіп просіць выклікаць у якасьці сьведкаў прадстаўнікоў мэтрапалітэну, Макдональса і іншых дзяржаўных і камэрцыйных арганізацый, якія нібыта панесьлі страты. Пракурор просіць адхіліць хадайніцтва, каб не зацягваць працэс. Судзьдзья падтрымлівае пракурора.

16.24 Адвакат зачытвае характарыстыку на Паўла Севярынца ад БАЖа — гаворыцца пра ягоную творчасьць, кнігі «Лісты зь лесу», арганізацыю віктарыны па гісторыі Беларусі і іншую працу. Што ён таксама вернік і сапраўдны хрысьціянін.

Аўтары характарыстык заяўляюць, што Севярынец ня мог заклікаць да гвалту і ягонае знаходжаньне пад вартай ня мае апраўданьня.

16.06 — 16.15 Судзьдзя падае характарыстыку на Ірыну Халіп ад рэдактара расейскай газэты, дзе яна працуе.

Халіп характарызуюць як прафэсійную журналістку, якая неаднойчы атрымлівала ўзнагароды, надзейнага і прыстойнага чалавека, клапатлівую маці.

Таксама ўзнагарода на ангельскай мове — судзьдзя сказала, што ангельскай не валодае. Адвакатка Халіп адзначыла, што гэта ўзнагарода ад нямецкіх мэдыяў. Судзьдзя перапытвае, як Халіп атрымала ўзнагароду, калі знаходзілася пад хатнім арыштам. Халіп тлумачыць, што дыплём атрымаў яе непасрэдны кіраўнік-рэдактар, а журналісты перадалі бацькам, якія маюць права зь ёй кантактаваць.

16.05 Пракурор зачытвае, што ў матэрыялах справы ёсьць спасылкі на расейскі інтэрнэт-сайт, дзе ёсьць фота Марцэлева на Плошчы.

15.52 Распачынаецца прагляд відэазапісаў, з прысутнасьцю Марцалева. Відэа спыненае на адзіным кадры, за ім гучаць воклічы і скандаваньне «Свабоду!» «Жыве Беларусь!» Марцэлева на відэа пакуль ня бачна.

Зноў спынены кадр, гучыць расейская папса і скандаваньне «Сыходзь!» Завершылі прагля відэа. Марцэлева на ім так і не пабачылі.

15.40 Распачынаецца праслухоўваньне аўдыёзапісу выступу Марцэлева на радыё. Марцэлеў не адмаўляецца, што заклікаў на плошчу, але не арганізоўваў, бо ні месца, ні часу не называў. Пракурор зачытвае гаворку Статкевіча з Марцэлевым. Марцэлеў, нібыта кажа: «Давай, займай крэсла Сідорскага!»

15.12 Пачынаецца зачытваньне матэрыялаў справы Сяргея Марцэлева.

Пракурор зачытвае заяву Сяргея Марцалева, у якой ён не прызнае сваёй віны ў частцы масавых беапарадкаў, але заклікаў на плошчу і ішоў па праезнай частцы.

Пракурор зачытвае адказы на запыты з нэўралягічнага, наркалягічнага дыспансэра, а таксама банка дадзеных аб правапарушэньнях — усе станоўчыя.

Таксама станоўчая характарыстыка па месцы жахарства і СІЗА.

Далей пратакол ператрусу па месцы жыхарства: сканфіскаваныя дыскі, флэш-карты іншыя носьбіты інфармацыі.

Зачытвае раздрукоўкі тэлефонных размоў, дзе Марцэлеў кажа, што мусіць пайсьці на плошчу, каб ахоўваць Статкевіча, бо яго могуць «па галаве стукнуць».

14.20 Пракурор зачытвае перамовы Ірыны Халіп з кіраўніком ДПС. Што, нібыта, яна заявіла міліцыянту: разыдзіцеся і не замінайце людзям ісьці па дарозе, на ходнікі вяртацца мы не зьбіраемся.

Пракурор пераходзіць да зачытваньня раздруковак тэлефонных перамоў.

Халіп кажа: Я лічу, што выбары пройдуць, як звычайна, што будуць напісаныя патрэбныя вынікі, што пратэстныя настроі ў грамадзтве, неабходна выходзіць на плошчу.

Адвакатка пратэстуе, што пракурор зачытвае толькі тыя часткі, дзе Ірына нэгатыўна выказваецца пра ўладу і хаду выбараў, але не зачытвае пра тое, што Ірына кажа чаго дамагаюцца людзі, у якой сытуацыі яны жывуць, што людзі не жадаюць гвалту, а хочуць рэалізоўваць свае правы.

Судзьдзя прымае хадайніцтва і пракурор вяртаецца да прачытаньня.

Пракурор спрабаваў ад сябе патлумачыць хто такі Класкоўскі, пра якога ўзгадваецца ў матэрыялах справы, што Халіп была побач зь ім.

Адвакатка і Ірына Халіп падцьвердзілі праўдзівасьць відэа зь яе выступамі.

Адвакатка просіць пратаколы яе затрыманьня і пратаколы ператрусаў.

Адвакатка зачытвае рапарты міліцыянтаў, што Халіп выгуквала лёзунгі «Жыве Беларусь!» «Сыходзь!» і «Рэвалюцыя!» На пратаколах подпіс Ірыны Халіп, што ня згодная са зьместам пратаколу, што воклічы «Жыве Беларусь!» не зьяўляюцца правапарушэньнем.

Таксама тлумачэньні Ірыны, у якіх паведамляецца, што яна разам з мужам Саньнікавым удзельнічла ў мітынгу на плошчы. Туды яна прыйшла са спадзяваньнем на перамовы. Акцыя насіла мірны характар, аднак нас сталі зьбіваць.

Зьбілі мужа і па дарозе ў шпіталь. Усіх затрымалі.

Адвакатка працягвае зачытваць пратаколы ператрусу.

Акрамя іншага, гаворыцца пра арышт на маёмасьць, таксама пра сканфіскавыя грошы.

Паводле адвакаткі, выманьне грошай адбылося паводле артыкулу, які абавязвае спэцслужбы іх вярнуць.

Адвакатка задае пытаньне Халіп: Прыкладна 10 тысяч даляраў, якія былі канфіскаваныя — адкуль яны?

Ірына адказвае, што прадала сваю машыну за 20 мільёнаў рублёў, а затым набывала ў абменьніках, бо меркавала, што ў выпадку захаваньня цяперашняй улады і эканамічнай сытуацыі беларускі рубель будзе падаць.

Яна кажа, што гэтыя грошы яны з Санькавым пакінулі як недатыкальны запас для сям’і.

І яна была спакойная за ўтрыманьне свайгого сына, які пасьля арышту застаўся сіратой. І толькі па вызваленьні даведалася, што іх няма.

Гэтыя грошы павінны вярнуцца ў сям’ю. Гэтыя грошы маюць законнае паходжаньне.

Адвакатка падала копію дамовы аб продажы аўтамабіля.

Пракурор называе час, калі і зь якіх месцаў адбывалася злучэньне зь яе тэлефонам 19 сьнежня.

Павал Севярынец працягвае слухаць стоячы ў клетцы. Ірына Халіп сядзіць на першым шэрагу. Абапал яе — ахоўнікі ў цывільным: жанчына і мужчына, а таксама міліцыянт у форме.

Сьведчаньні суседзяў пра тое, што Халіп не скандаліць, п’янай не бывае, да адказнасьці не прыцягвалася сама Ірына і прысутныя слухаюць з усьмешкай.

Таксама зачытваюцца даведкі з наркалягічнага і псыханэўралягічнага дыспансэра, а таксама даведка з СІЗА.

Ірына ўсклікае: Зь СІЗА? Я ж сябе там добра паводзіла (усе сьмяюцца). Даведка зь СІЗА станоўчая.

14.08 Пракурор зачытвае папярэджаньне Андрэю Саньнікаву, якое ёсьць у матэрыялах Ірыны Халіп. У ім гаворыцца, што Саньнікаў заклікаў на акцыю, на якую не падавалася заявак.

Далей — матэрыялы справы аб удзеле ў масавых беспарадках.

Вытрымкі з выступаў Ірыны Халіп: «Давайце прачынацца, скарыстоўваць шанс, 19 сьнежня ўлада абрынецца».

Адвакатка пратэстуе і патрабуе зачытваць не фрагмэнты, а увесь выступ.

Пракурор зачытвае ўвесь выступ.

Пракурор працягвае зачытваць выступы Халіп па-беларуску. Пра тое, што ўлада бяздарная: бяздарныя чыноўнікі на чале з галоўным. Нават на конкурсе бяздарнасьці ён заняў другое месца, бо бяздарны, каб заняць першае.

14.15 Судзьдзя
паведаміла, што даведка пра шпіталізацыю Багдановіча дастаўленая ў суд цягам абедзеннага перапынку.

У матэрыялах справы фігуруе тэлефонны апарат Ірыны Халіп. Яна заявіла, што дабравольна яго нікому не выдавала, што ён быў адабраны. Судзьдзя падкрэсьліла, што не адабралі, а сканфіскавалі.

Халіп падкрэсьліла, што тэлефон яе ўласнасьць і мусіць быць вернуты сваякам.


14.01 Працэс аднаўляецца.

13.57
У залю паседжаньняў запускаюць сваякоў, журналістаў і праваабаронцаў. Абвінавачаныя прыведзеныя раней, зь імі размаўляюць адвакаты.

Сярод прысутных — адзін зь кіраўнікоў БХД Аляксей Шэін, праваабаронца Людміла Гразнова, прадстаўнікі грамадзкіх арганізацый.

У залі застаюцца вольныя месцы, але ў залю болей не прапускаюць.


12.26 Абвешчаны перапынак да 14.00.

12.16
Пачынаюць чытаць пратакол допыту Дзяніса Садоўскага, даверанай асобы Віталя Рымашэўскага.

12.08
Адвакат перапытвае, чаму сьведка Багдановіч, які таксама нібыта бачыў, як прарывалі калёну, не зьявіўся ў суд. Судзьдзя адказвае, што сёньня ён шпіталізаваны. Даведкі пра гэта будуць пазьней.

Адвакатка Халіп пратэстуе, што пры адсутнасьці даведкі пра важнасьць прычыны адсутнасьці, ягоны пратакол будзе зачытаны без прысутнасьці самога сьведкі.

Судзьдзя тлумачыць, што такое магчыма.

Адвакатка Халіп просіць абвесьціць перапынак да моманту, калі дакумэнты на адсутнасьць сьведкі Багдановіча будуць пададзеныя ў суд.

Судзьдзя хадайніцтва адхіляе.

Пракурор пачынае зачытваць пратакол допыту Багдановіча.

Багдановіч сьведчыць, што на прапанову актывістаў БХД, што не хапае людзей, стаў чальцом гэтай партыі.

Сьведчыць, што актывісты БХД падчас устаноўчага сходу і далей ганьбілі ўладу. Што яны заклікалі, у тым ліку Севярынец, выйсьці на плошчу 19 сьнежня.

Што ён таксама прыйшоў, бо студэнт і пратэстуе супраць разьмеркаваньня.

У пратаколе гаворыцца, што бачыў як былыя кандыдаты на чале калёны выйшлі на плошчу і пералічвае імёны. Таксама бачыў, як мітынгоўцы зьнялі з флагштоку дзяржаўныя сьцягі. Хто менавіта — ня ведае.

Таксама чуў, як білі шкло, але ён ня ведае хто.

Адвакатка хадайнічала выказаць заўвагі па пратаколу. Судзьдзя адмовіла.

Халіп заявіла, што ніякага ланцугу ня рвала, як гаворыцца ў пратаколе.

Севярынец кажа, што ў калёне не ішоў і нічога не арганізоўваў.


11.57
Чытаюць пратакол допыту кіроўцаў, якія сьведчаць пра зьмены маршрутаў 19 сьнежня.


11.47 Пракурор зачытваць пратакол допыту супрацоўніка ДАІ Карзюка.

Паводле пратаколу допыту Карзюка, кандыдаты на прэзыдэнта ішлі ў галаве калёны ад Кастрычніцкай да Незалежнасьці. Пералічаныя імёны кандыдатаў, кіраўнікоў іх штабоў, таксама ўзгаданая «супруга экс-кандыдата» Ірына Халіп.

Што яны прарвалі ланцуг супрацоўнікаў ДАІ і рушылі ў накірунку пл. Незалежнасьці.

Праезную частку запоўнілі людзі, ДАІ перагарадзілі яшчэ адзін ланцуг каля Энгельса.

Сьведчыць, што кандыдаты, Халіп і Севярынец падышлі да ланцугу супрацоўнікаў ДАІ, патрабавалі прапусьціць людзей. Людзі іх абышлі і пайшлі далей.

Сьведка заяўляе, што натоўп не падпарадкоўваўся заклікам міліцыянтаў.

Ён чуў, як білі шкло, але ня бачыў.

Ірына Халіп заявіла, што сьведка Карзюк хлусіць, што ніякага ланцугу ніхто не прарываў.

Паводле сваёй вагі яна ня ўстане гэтага рабіць, а муж яе дыплямат і ня схільны да такіх дзеяньняў. Калі яны вышлі на дарогу — ніякага ланцугу там не было.

Халіп пацьвярджае, што размаўлялі з супрацоўнікамі ДАІ.


11.40
Судзьдзя заявіла, што ў суд ня будуць выкліканыя сьведкі з боку абвінавачаньня з паважных прычын.

Аднак Ірына Халіп і яе адвакатка настойваюць на выкліку сьведкі міліцыянта Карзюка.

Ён сьведчыў, нібыта Ірына Халіп была ў авангардзе заклікаў і шэсьця.

Судзьдзя зачытала даведку пра ягоны стан здароўя, выдадзены паліклінікай МУС.

Адвакатка патлумачыла, што яе падабаронная і яна сама хочуць непасрэднай прысутнасьці Карзюка, каб задаць пытаньні паводле ягоных сьведчаньняў.

Пракурор папрасіў прызнаць няяўку паважнай, бо днямі, паводле даведкі, міліцыянт быў шпіталізаваны. Судзьдзя гэта падтрымала.


11.33
Яшчэ двух сьведкаў з боку абароны судзьдзя ня стала слухаць на той падставе, што яны былі ў залі суду падчас папярэдніх слуханьняў.

Судзьдзя запыталася: Як жа вы ўсе ж прарываліся ў залю?

Адзін са сьведкаў сказаў:
Так працуюць вашыя службы.

11.28 Выкліканы сьведка Юры Клімовіч.

Кажа, што знаёмы з Паўлам Севярынцам, што зьяўляецца актывістам у стваранай Партыі БХД.

Кажа, што на плошчы ня быў і тлумачыць чаму. Напярэдадні яго затрымалі ў Гомелі на падставе таго, што ён нібыта лаяўся. Яго арыштавалі па адміністрацыйнай справе. Што гэта было незаконна і пра гэта ён засьведчыў на Бібліі, якую прынёс з сабой.


11.25 Наступны сьведка — Георгі Дзьмітрук, паплечнік Паўла Севярынца.

Быў даверанай асобай Рымашэўскага. Але на Плошчы ня быў.



11.20 Запрошаная сьведка Валерыя Чарнаморцава.

11.15 Запрасілі сьведку Любоў Каменеву.

Распавяла, што бачыла на плошчы. Допыт працягваўся 3 хвіліны.


11.05 Наступная сьведка — Ірына Логвін, супрацоўніца грамадзкай арганізацыі.

Кажа, што ведае ўсіх абвінавачаных. Распавядае, як рухалася калёна з Кастрычніцкай на Незалежнасьці і ўсё было мірна.

На пытаньне пракурора пра настроі людзей, кажа, што ніякай агрэсіі, палак і прутоў у людзей ня бачыла.

Судзьдзя запытвае, што сьведка чула на Кастрычніцкай.

Сьведка
адказвае, што гучную музыку і лёзунгі. Якія? «Жыве Беларусь!»

На пытаньне судзьдзі, хто выкрыкваў, прысутныя ў залі ажывіліся і заўсьміхаліся.

На пытаньне адваката сьведка таксама заяўляе, што людзі на Кастрычніцкай зьмясьціцца не маглі і не маглі ісьці па ходніках. Ніякіх заклікаў разыходзіцца ня чула.

Пракурор удакладняе, хто менавіта запрасіў яе на Плошчу.

Адказвае, што ніхто дакладна пра плошчу не казаў, пра гэта ўсім было зразумела без дамоўленасьцяў.

10.57 Наступны сьведка — кіроўца аўтобусу Вячаслаў Казлоўскі.

Працаваў у другую зьмену на маршруце № 100. Бачыў, як стаялі людзі са сьцягамі. Кастрычніцкая была поўная.

На скрыжаваньні Незалежнасьці-Казлова каля 21.00 супрацоўнік ДАІ паведаміў, што на Незалежнасьці перакрыты рух і ён мусіць ехаць па Першамайскай.

Так даехаў да Незалежнасьці там ізноў стаяла машына ДАІ і людзі. Высадзіў людзей. Калі вяртаўся — плошча была чыстая.

Кажа, што не давёз людзей, як належыць і выбіўся з графіку.


10.47 У залю запрошаны сьведка Цімафей Дранчук.

Судзьдзя робіць заўвагу, што сьведка апрануты ў тэніску з кароткімі рукавамі, што зьяўляцца ў суд у такім выглядзе — дэманстраваць непавагу да суду.

Дранчук адказаў, што апрануўся па надвор’і.

Кажа, што знаёмы з усімі абвінавачанымі.

Распавядае як і калі кантактаваў зь імі.

Сьведчыць, што падчас сустрэч размаўлялі пра акцыю на плошчы і што Марцэлеў, у прыватнасьці, падкрэсьліваў, што акцыя будзе мірная, сьвяточная, што ён ставіцца да яе сур’ёзна і адказна.

Падсудныя не заклікалі яго на акцыю, а чуў, што акцыя адбудзецца на плошчы з экранаў дзяржаўнага тэлебачаньня.

На пытаньне судзьдзі, як ішлі адказвае, што людзей было так шмат, што на ходніках не зьмяшчаліся і ішлі мірна і спакойна.

На Незалежнасьці стаяў да тае пары, калі не заўважыў, што спэцназаўцы распачалі агрэсіўныя дзеяньні.

На пытаньне адваката, ці чуў заклікі кудысьці ісьці, ня чуў.


10.37 — 10.50 Наступная сьведка Аліна Лядненка, жыхарка Берасьця.

Сьведчыць, што знаёмая зь Сяргеем Марцэлевым.

Кажа, што сымпатызуе Ўладзімеру Някляеву, была валянтэрам выбарчай кампаніі.

Кажа: ведала, што на Кастрычніцкай плянуецца мірная акцыя.

Пракурор: Ці даваў рэкамэндацыі адносна акцыі?

Адказвае, што Марцэлеў, як мужчына, сябар, прадстаўнік моцнага полу, хваляваўся за яе.

Пракурор перапытвае.

Сьведка адказвае: хочаце, каб я ўзгадала словы 5-месячнай даўніны?

Пракурор настойвае: Ці казаў Марцэлеў пра магчымы гвалтоўны характар акцыі?

Сьведка: Ня толькі ён, але і яе сваякі-сябры казалі, што на любой акцыі могуць быць правакацыі, што можа стаць небясьпечна для ўдзельнікаў.

Судзьдзя: Ці была перапіска ў скайпе 17 сьнежня?

Сьведка: так. Але ня ведаю, якога чысла.

Судзьдзя: А што вы адказвалі на сьледзтве? Ці пісаў Марцэлеў у скайпе пра магчымыя падзеі на Плошчы?

Тады судзьдзя зачытвае пратакол допыту: Нібыта, сьведка адказвала, што Марцэлеў ёй пісаў: На плошчы будзе «гарачавата», каб бераглі сябе.


10.19 — 10.37 Запрошаны сьведка Вадзім Кабанчук.

Павал Севярынец слухае сьведак, стоячы за кратамі.

Кабанчук сказаў, што знаёмы з усімі абвінавачанымі.

Пракурор перапытвае, што ведае пра іх удзел у выбарах.

Распавядае, што падчас усіх сустрэчаў, падчас падрыхтоўкі да выбараў, гаварылася ўсімі ўдзельнікамі, што выбары — гэта фарс. І кульмінацыяй павінна стаць масавая акцыя пратэсту супраць фальшаваньня выбараў.

Удзельнікі меркавалі, што людзі зьбяруцца, магчыма, на Кастрычніцкай, а як будзе праходзіць — будзе залежаць ад ходу падзеяў.

Пракурор: Хто заклікаў?

Кабанчук: заклікалі многія кандыдаты і падкрэсьлівалі, што гэта будзе негвалтоўная, мірная акцыя.

Пракуро: Ці бралі дазвол?

Кабанчук:
Ня ведаю. Але ў адпаведнасьці з Канстытуцыяй, усе грамадзяне маюць аднолькавыя правы. І ня ведае, каб на сьвяты горада браліся дазволы. Раз на пяць год грамадзяне маюць права на выказваньне сваёй пазыцыі адносна такой важнай палітычнай падзеі ў краіне.

Кабанчук распавядае, як разгортваліся падзеі: каля 20.00 быў на Кастрычніцкай плошчы, што на плошчы была гучная музыка, выступы былі слаба чутныя.

Пасьля закліку Статкевіча пайсьці да Адміністрацыі прэзыдэнта і людзі рушылі, але людзі пайшлі да пл. Незалежнасьці. Чаму — ня ведае?

Кажа, што шэсьце было мірным і ніякіх непарадкаў падчас хады не адбывалася.

Кабанчук працягвае сьведчыць, што паводле ягоных назіраньняў, біцьцё шкла распачалося раней, чым туды прыйшла асноўная калёна. Кажа, што заклікаў разысьціся ня чуў. На Кастрычніцкай гучала папса. На пл. Незалежнасьці таксама заклікаў міліцыянтаў не было.

Адвакат: Ці маглі ўсе людзі зьмясьціцца на плошчы?

Кабанчук:
На Кастрычніцкай месца не было — там быў каток.

Допыт Кабанчука завершаны.


Сьведка адказвае: мелася на ўвазе, што будзе шмат людзей і магчымыя правакацыі і рознае разгортваньне падзей.

10.14 Запрошаны новы сьведка — Іван Дземідовіч, які таксама працуе кіроўцам аўтобуса.

Пытаецца: Мне распавесьці, калі мне дэманстрацыя перашкодзіла працаваць?

Прысутныя ў залі заўсьміхаліся, пракурор крыху сумеўся.

Кажа, што каля 21.00 ДАІ загадала яму зьмяніць маршрут. Кажа, што бачыў калёну за мэтраў 200.

Высадзіў пасажыраў каля будынку МУС на вуліцы Гарадзкі вал.

З астатнімі людзьмі паехаў па Нямізе і выехаў на праспэкт Пераможцаў і паехаў далей.

Спазьніўся ня больш за 10 хвілінаў.

Кажа, што затым быў абедзенны перапынак і вярнуўся на маршрут без перашкодаў.

Ірына Халіп
перапытвае: Калі едзе па гэтаму ж маршруту Лукашэнка — ці перапыняюць маршрут?

Судзьдзя
зьняла пытаньне. Адвакатка запыталася, чаму?

Судзьдзя
адказала, што пытаньне ня мае дачыненьня да разгляду справы.


10.04 У залю запрошаны сьведка Мікалай Алексіевіч, кіроўца аўтобуса.

Распавядае, што вечарам 19 сьнежня працаваў у другую зьмену на аўтобусе маршрута № 69.

Увечары бачыў, як праз праспэкт ішлі людзі, а супрацоўнік ДАІ запатрабаваў ад яго зьмяніць маршрут.

Вярнуўся на дыспэтчарскую станцыю і ад 22.30 аднавіў маршрут.

Адвакат запытвае, дзе яго супрацоўнік ДАІ прымусіў зьвярнуць. Кажа, што пры выезьдзе са Сьвярдлова на праспэкт у 19.51.

Вярнуўся і па Кірава спрабаваў пераехаць праспэкт праз вуліцу Леніна — і супрацоўнікі ДАІ таксама не пусьцілі. Гэтак ён быў затрыманы на гадзіну.

Гэта паўплывала на ягоны заробак, бо атрымоўваецца, што ён нейкі час недапрацаваў. Судзьдзя папярэдзіла адвакатаў не задаваць пытаньняў, якія раней задаваліся ў допытах.

10.03 Працэс аднаўляецца. Судзьдзя абвяшчае сьпіс сьведкаў, якія маюць даваць паказаньні.

У судовую залю людзей прапускалі праз тры пункты пропуску — на ўваходзе ў будынак, у будынку — на ўваходзе ў залю паседжаньня.

Акрамя рамкі мэталяшукальніка ў прысутных аглядалі торбы і кішэні.

9.56
У залі суду абвінавачаныя, іх адвакаты, сваякі, журналісты і праваабаронцы.

Заля амаль поўная, а ў калідоры суду і на вуліцы застаецца яшчэ шмат людзей, якія таксама хочуць патрапіць на працэс, але ў залю іх ужо не пускаюць.


Судзьдзя Жана Брысіна.

Яны абвінавачваюцца ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх (частка 1 артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу).

Суды за Плошчу

Працэс Севярынца, Халіп, Марцалева. Першы дзень
Працэс Севярынца, Халіп, Марцэлева. Дзень другі

Сяргей Марцэлеў

Сяргей Марцэлеў
Нарадзіўся 29 красавіка 1977 года ў Менску ў сям’і патомных навукоўцаў. Унук Станіслава Марцэлева, кіраўніка Інстытуту мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру Акадэміі навук. Таксама ўнук акадэміка-філёзафа Леаніда Яўменава.

Пасьля заканчэньня сярэдняй школы вучыўся на факультэце міжнародных адносін БДУ, але быў адлічаны за палітычную дзейнасьць пры рэктару А.Казуліну. Тым ня менш пасьля пераходу таго ў апазыцыю працаваў зь ім разам.

У сярэдзіне 1990-х быў абраны старшынём "Маладой Грамады" (моладзевай арганізацыі пры БСДП М.Статкевіча), дзеля гэтай дзейнасьці адмовіўся ад вучобы ў Маскве. Потым зьехаў вучыцца ў Польшчу і скончыў Познанскі ўнівэрсытэт па спэцыяльнасьці "паліталёгія".

На прэзыдэнцкіх выбараў 2010 г. кіраваў перадвыбарчым штабам Міколы Статкевіча. 19 сьнежня на плошчы Незалежнасьці амаль не прысутнічаў. Уначы 23 сьнежня быў зьняты зь цягніка, на якім ехаў у Варшаву на здымкі перадачы тэлеканала "Белсат". Арыштаваны, зьмешчаны ў СІЗА КДБ, абвінавачваўся ў арганізацыі масавых беспарадкаў. 4 красавіка абвінавачаньне зьменена на арт. 342 Крымінальнага кодэксу — арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх.

Павал Севярынец

Павал Севярынец
Нарадзіўся 30 сьнежня 1976 г. у Воршы. Скончыў з залатым мэдалём віцебскую школу № 25 (з мастацкім ухілам). Пачатак цікавасьці да палітыкі — абраньне ў 10 клясе школы ў Дзіцячы рэспубліканскі парлямэнт. Захапляўся геаграфіяй і геалёгіяй. Скончыў геафак БДУ. У 1994—1999 гг. працаваў журналістам у шэрагу недзяржаўных выданьняў. З 1998 г. друкуецца ў незалежнай прэсе як публіцыст. Ляўрэат літаратурнай прэміі імя Алеся Адамовіча і прэміі імя Васіля Быкава "За свабоду думкі".

У 1999—2003 гг. быў намесьнікам старшыні Партыі БНФ. З 1999 да 2004 гг. — старшынём "Маладога Фронту", цяпер — сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі "Беларуская хрысьціянская дэмакратыя". У часе прэзыдэнцкіх выбараў 2010 г. быў актывістам штабу кандыдата ў прэзыдэнты Віталя Рымашэўскага. Быў арыштаваны 20 сьнежня і зьмешчаны ў СІЗА КДБ. Пры канцы сьнежня яму прад’яўлена абвінавачаньне па крымінальнай справе, узбуджанай сьледчым упраўленьнем папярэдняга расьсьледаваньня ГУУС Менгарвыканкаму па чч. 1 і 2 арт. 293 КК (масавыя беспарадкі). 4 красавіка замест гэтага прад'яўлена іншае абвінавачаньне (арт. 342 КК — арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).

Ірына Халіп

Ірына Халіп
Нарадзілася 12 лістапада 1967 г. у Менску. Уласны карэспандэнт расейскай "Новой газеты" па Беларусі.

Працавала намесьніцай галоўнага рэдактара "Белорусской деловой газеты" і галоўным рэдактарам штотыднёвіка "Имя", якія спынілі выхад. Неаднаразова зазнавала крымінальны перасьлед за прафэсійную дзейнасьць, атрымлівала папярэджаньні ад пракуратуры.

У красавіку 1997 г. разам з бацькам, драматургам і кінадакумэнталістам Уладзімерам Халіпам была жорстка зьбітая ў часе вулічнага мітынгу 2 красавіка. У канцы 2009 году ёй пагражалі забойствам невядомыя. Ляўрэатка прэміі Дзьмітрыя Завадзкага (2003), прэміі Генры Нанэна (2005), прэміі "Герой Эўропы" ў намінацыі "Мужнае сэрца" (2005), прэміі "За мужнасьць у журналістыцы" (2009).

19 сьнежня 2010 года, у дзень прэзыдэнцкіх выбараў, яе сілавым чынам затрымалі па дарозе з плошчы Незалежнасьці і зьмясьцілі ў СІЗА КДБ. Пры канцы сьнежня ёй было прад’яўлена абвінавачаньне па крымінальнай справе, узбуджанай сьледчым упраўленьнем папярэдняга расьсьледаваньня ГУУС Менгарвыканкаму па чч. 1 і 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу (масавыя беспарадкі). Пагражае зьняволеньне да 15 гадоў. Падчас яе знаходжаньня ў СІЗА КДБ улады спрабавалі забраць зь сям'і трохгадовага сына — Даніка Саньнікава. 29 сьнежня меру стрыманьня зьмянілі на падпіску аб нявыезьдзе з хатнім арыштам.

У лютым 2011 г., ужо пад арыштам, атрымала журналісцкую прэмію "Залатое пяро Расеі". Жонка палітыка Андрэя Саньнікава, які таксама абвінавачваецца па справе аб масавых беспарадках. 4 красавіка абвінавачаньне было перакваліфікавана на арт. 342 КК — арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG