Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пяць небясьпечных ядзерных аб'ектаў


Праблемы, якія ўзьніклі з японскай атамнай станцыяй “Фукусіма” ў выніку нядаўняга землятрусу і цунамі актуалізавала спрэчкі аб бясьпецы ядзернай энэргетыкі ў цэлым. Часткова праблемы з АЭС Фукусіма зьвязаныя з тым, што станцыя на была разьлічаная на землятрус і цунамі такой моцы. Але пасьля Тры-Мэйл Айлэнд, Чарнобыля і цяпер і Фукусімы застаецца пытаньне – ці можа ядзерная энэргетыка быць па-сапраўднаму бясьпечнай? У сьвятле японскай катастрофы мы прыгадваем яшчэ 5 ядзерных аб’ектаў, дзе ўзьнікалі праблемы з бясьпекай.


Мецаморская АЭС, Армэнія




Мецамор была збудаваная ў 1980 годзе ў тагачаснай савецкай Армэніі. У 1988 годзе ў горадзе Сьпітак, які знаходзіцца ў 75 кілямэтрах ад станцыі, адбыўся землятрус з магнітудай 6,9.

Пасьля землятрусу Мецаморская АЭС была адключаная, але праз 7 гадоў яе ізноў ўключылі, паколькі Армэнія страціла доступ да крыніц энэргіі ў Турцыі і Азербайджане з прычыны канфлікту з Азэрбайджанам з-за Нагорнага Карабаху.

Мецамор з прычыны ўзросту і разьмяшчэньня лічыцца адной з самых небясьпечных АЭС ў краінах былога Савецкага Саюза. Мяркуецца, што станцыя будзе выведзеная з дзеяньня ў 2017 годзе, але зараз яна працягвае прадукаваць 40% энэргіі, якую спажывае Армэнія. Існуюць пляны збудаваць новую АЭС на тым жа месцы, калі выйдзе тэрмін эксплюатацыі цяперашняй.


Брытанскі каралеўскі атамны падводны флёт




У апошняе дзесяцігодзьдзе ў Велікабрытаніі ішлі дыскусіі наконт мэтазгоднасьці для краіны мець атамны падводны флёт, узброены балістычнымі ракетамі.
Рассакрэчаныя даклады міністэрства абароны сьведчаць пра сур’ёзныя недахопы ў канструкцыі рэактараў і праблемы зь іх станам.

Дакумэнты, якія апублікавала летась The Daily Telegraph , паведамлялі пра тое, што атамным субмарынам дазволена было пакідаць порт з адключанымі ахоўнымі сыстэмамі.
У 2009 годзе брытанская атамная падлодка кляса Vanguard, узброеная ядзернымі ракетамі, сутыкнуўся з францускай атамнай падводнай лодкай, таксама з ядзернымі ракетамі на борце. Абодва ўрады заявілі, што інцыдэнт ня быў сур’ёзным.


Чэрнавода АЭС, Румынія



Румынская АЭС Чэрнавода была распрацаваная ў 1980 годзе канадзкай кампаніяй і ўведзена ў эксплюатацыю ў 1996 годзе. АЭС забясьпечвае каля пятай часткі патрэбаў краіны ў электраэнэргіі, аднак на станцыі часта здараюцца праблемы. У студзені 2011 году адзін з рэактараў станцыі быў закрыты на тэхнічнае абслугоўваньне, ў красавіку 2009 года другі рэактар быў таксама спынены на кароткі тэрмін з-за тэхнічных праблемаў.

Хоць Румынія не гэтак сэйсьмічна актыўная, як Японія, ў краіне здараюцца землятрусы. Ад апошняга, які адбыўся ў 1977 годзе каля гораду Вранча з магнітудай 7,2, загінула больш за тысячу чалавек. Землятрус зьнішчыў тады каля 35 тысяч будынкаў па ўсёй Румыніі.

Ленінградзкая атамная электрастанцыя, Расея




Стан расейскіх АЭС выклікае заклапочанасьць ва ўсім сьвеце. Многія зь іх намечаныя да вываду з эксплюатацыі, але хутчэй за ўсё яны будуць працягваць працу і пасьля заплянаванага тэрміну сканчэньня тэрміну дзеяньня, пакуль ня будуць збудаваныя новыя АЭС.

Стан Ленінградзкай АЭС – самы трывожны. Яна знаходзіцца на адлегласьці 70 кіламэтраў ад Санк-Пецярбургу, другога паводле велічыні гораду Расеі, дзе жыве 5 мільёнаў чалавек.

Праблемы перасьледуюць Ленінградзкую станцыю на працягу ўсяго жыцьця. У 1975 годзе на станцыі адбылося частковае расплаўленьне, ў 1992 годзе адбылася выцечка радыяактыўнага газу, ў 2005 годзе выбух (неядзерны) на АЭС прывёў да гібелі аднаго чалавека і сур'ёзных апёкаў двух іншых ахвяр. У 2009 годзе аварыя на АЭС спарадзіла чуткі пра магчымую выцечку радыёяктыўнага рэчыва, якія, праўда, былі рашуча абвергнутыя ўладамі.


Атамная станцыя Энрыка Фэрмі, ЗША , штат Мічыган




АЭС месьціцца на возеры Эры паміж двума населенымі гарадамі – Дэтройтам, штат Мічыган, і Таледа, штат Агаё. Станцыя складаецца з двух рэактараў, хоць толькі адзін Фэрмі –2 працуе ў цяперашні час. На другім, Фэрмі –1, у 1966 годзе адбылося частковае расплаўленьне, хаця выкіду радыяактыўных рэчываў і не было. Пасьля аварыі рэактар працаваў яшчэ 9 гадоў, перш чым быў адключаны. Аварыя стала нагодай для кнігі, якая стала бэстсэлерам, і песьні пратэсту.

Іншы рэактар станцыі, які працягвае працаваць, дакладна такой жа маркі і мадэлі, як рэактар на Фукусіма. У 2003 годзе на рэактары Фэрмі-2 на 6 гадзінаў адключылася электрычнасьць, пры гэтым рэзэрвовыя генэратары таксама не спрацавалі.
Хаця станцыя і не знаходзіцца ў сэйсьмічна актыўнай зоне, але ў рэгіёне частыя паводкі і тарнада. У чэрвені мінулага года станцыя ледзь не спыніла працу, калі тарнада прайшоў дакладна па яе тэрыторыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG