Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ім магло падацца, што Алесь Міхалевіч стане «слабым зьвяном»


Як можна ацаніць учынак Алеся Міхалевіча і тое, які ўплыў ён будзе мець на грамадзка-палітычную абстаноўку ў Беларусі? Ці можна сказаць, што жыцьцё і здароўе Алеся Міхалевіча зараз пад пагрозай, і што мусіць зрабіць дэмакратычная грамадзкасьць, каб абараніць яго? Ці даюць падставы факты, якія выклаў Алесь Міхалевіч, для міжнароднай супольнасьць перагледзець стаўленьне да афіцыйнай Беларусі, і заявіць, што гэта ўжо ня проста мяккі аўтарытарны рэжым, як лічылася раней?


Аляксандар Мілінкевіч
Алесь Бяляцкі
Віталь Цыганкоў


На гэтыя ды іншыя пытаньні адказваюць лідэр руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч і старшыня праваабарончай арганізацыі «Вясна», віцэ-прэзідэнт Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі.

«Гэта сьведчаньне паступовай дэградацыі краіны»


Цыганкоў: Давайце напачатку ацэнім учынак Алеся Міхалевіча і тое, які ўплыў ён можа мець на грамадзка-палітычную абстаноўку ў Беларусі. Мы здагадваліся, што такія рэчы адбываюцца ў беларускіх турмах, але ўсе лічылі, што такія мэтады ня могуць быць прымененыя супраць былога кандыдата ў прэзыдэнты. Гэтыя факты, якія выкрыў Міхалевіч, што яны кажуць пра Беларусь, пра тое, у якой краіне мы жывём?

Мілінкевіч: Гэта сьведчыць пра паступовую сур’ёзную дэградацыю краіны, дзе закон нішто ня значыць, і дзе ёсьць сур’ёзны гвалт над грамадзянамі, дзе правакуецца страх. Дзе дамінуе ня права, а спэцслужбы. Я таксама не чакаў, што з кандыдатам у прэзыдэнты такое можа здарыцца. Лічу, што ўчынак Алеся — гэта ўчынак ня толькі палітыка, але мужнага і сумленнага чалавека, які шчыра сказаў пра гэта, выдатна ведаючы, што яго можа чакаць. Я ганаруся тым, што быў даверанай асобай Алеся Міхалевіча, і дзякую яму за ягоны ўчынак.

Цыганкоў: Фактычна Алесь Міхалевіч кінуў выклік усёй сістэме КДБ, якая, як паказваюць апошнія падзеі, мала зьмянілася ад савецкіх часоў. Якім, па вашаму, можа быць адказ гэтай сыстэмы? Ці лічыце вы, што жыцьцё Алеся Міхалевіча зараз літаральна пад пагрозай, і што можа зрабіць дэмакратычная грамадзкасьць, каб абараніць яго?

Мілінкевіч: Самай галоўнай зброяй тут ёсьць адкрытасьць, шчырасьць і публічнасьць. Самая лепшая абарона — гэта мэдыі, дзе пра ўсё гэта распавядаецца і гаворыцца. А таксама, безумоўна, унутраная і вонкавая салідарнасьць.

«Людзі ў масках фактычна адміністрацыяй СІЗА КДБ»


Цыганкоў: Алесь Міхалевіч расказваў, што ўсе катаваньні рабілі людзі ў чорных масках, якія не зьяўляліся супрацоўнікамі гэтай турэмнай установы і ніяк сябе не называлі. Ці не азначае гэта, што законы і ўнутраныя правілы ня дзейнічаюць у турме КДБ, а яна падуладная нейкім невядомым «людзям у чорным»?

Тыя, хто сядзеў у турме КДБ, ужо распавядалі пра таямнічую каманду ў чорных масках.
Бяляцкі: Тыя, хто сядзеў у турме КДБ, ужо распавядалі пра таямнічую каманду ў чорных масках, зь іх падачы і робіцца фізычны, псыхалягічны ўціск, які нэрвуе і выводзіць з нармальнага стану тых людзей, якія знаходзяцца ў зьняволеньні. Яны фактычна на сёньняшні дзень кіруюць адміністрацыяй СІЗА КДБ.

Што гэта за каманда, дакладна цяжка сказаць. Відавочна, яна мае дачыненьне да тых сілавых структураў, якія знаходзяцца ў прэзыдэнта. Безумоўна, гэта парушэньне правоў зьняволеных. Тое, пра што распавёў Алесь, дакумэнтальна зафіксавана. Гэта стане сур’ёзным доказам супраць сёньняшняй сыстэмы ўтрыманьня вязьняў у Беларусі.

З гэтай нагоды я літаральна зараз пішу зварот і зьвяртаюся ад свайго імя як праваабаронца да Генэральнага пракурора Беларусі з патрабаваньнем расьсьледаваць неадкладна гэтую сытуацыю. Мы павінны прыцягнуць увагу міжнароднай супольнасьці да гэтых выпадкаў катаваньняў і нялюдзкага абыходжаньня зь вязьнямі ў Беларусі, каб у сьвеце сур’ёзна задумаліся над нейкімі эфэктыўнымі крокамі, якія могуць выправіць сытуацыю ў лепшы бок.

«Ім магло падацца, што Алесь Міхалевіч — адукаваны, інтэлігентны, у акулярах — стане «слабым зьвяном»


Цыганкоў: Навошта ўладам быў патрэбны абгавор іншых лідэраў з боку Міхалевіча, які ня меў дачыненьня да арганізацыі Плошчы?

Мілінкевіч: Я ўпэўнены, што ўлады рыхтуюць паказальны працэс, каб прадэманстраваць, што ёсьць замежныя ворагі і ворагі ўнутры краіны. А гэтыя ўнутраныя — яны агенты сусьветнай змовы супраць маладой краіны. Таму ім было важна, каб кандыдаты ў прэзыдэнты, вядомыя асобы, сьведчылі адзін супраць аднаго. Гэта, відаць, адна з галоўных кампанэнтаў сцэнару, які пішацца для такіх працэсаў.

Ім магло падацца, што Алесь Міхалевіч — адукаваны, інтэлігентны, у акулярах — стане «слабым зьвяном» і будзе сьведчыць супраць іншых, скідваючы на іх сваю віну. Вельмі важна, што ён вытрымаў гэта і прадэманстраваў мужнасьць сваёй заявай.

Цыганкоў: Адных выпускаючы, іншых не, чаго дабіваюцца ўлады? Можа яны проста хочуць пасварыць між сабой розных апазыцыйных палітыкаў, пасеяць недавер і падазрэньні ўнутры апазыцыйнай супольнасьці? Як можна гэтаму процістаяць?
Аслабіць, пасварыць, маргіналізаваць апазыцыю — гэта адна з мэтаў рэжыму.

Мілінкевіч: Аслабіць, пасварыць, маргіналізаваць апазыцыю — гэта адна з мэтаў рэжыму. Лукашэнка сам заяўляў, што хоча мець апазыцыю «канструктыўную». «Канструктыўная» — гэта добрае слова, але ў разуменьні ўлады гэта азначае «ляяльная», кішэнная. Магчыма, тое, што сёньня адбываецца — гэта спроба перайсьці да апазыцыі, якая спакойна б задавальняла ўлады і дазваляла ёй працягваць палітыку, якую яна праводзіць шмат гадоў.

Упэўнены, што гэта ня ўдасца, бо ў апазыцыі шмат людзей мужных, з моцнай воляй. Я думаю, улада памыляецца. Трэба гаварыць унутры краіны, адкрываць грамадзкі дыялёг, размаўляць з тымі людзьмі, якія пратэстуюць. А не спрабаваць з дапамогай рэпрэсіяў іх зьнішчаць альбо сварыць.

«Мы яшчэ зусім нядаўна бачылі сытуацыю пэўнай ідыліі паміж Эўропай і Лібіяй»


Цыганкоў: Ці гавораць гэтыя факты, якія прадставіў Аляксандар Мілінкевіч, што міжнародная супольнасьць, магчыма, павінна перагледзець стаўленьне да Беларусі? Раней было стаўленьне, што гэта проста мяккі аўтарытарны рэжым, дзе адбываюцца пэўныя парушэньні правоў чалавека, якія не пераходзяць пэўную мяжу. Як павінны рэагаваць на Захадзе на новыя факты, якія сьведчаць, што рэжым не такі і мяккі?

Бяляцкі: Тыя мэтады ўтрыманьня зьняволеных, мэтады псыхалягічнага і фізычнага ўзьдзеяньня, заўсёды былі характэрныя для сыстэмы падаўленьня, падтрыманай Аляксандрам Лукашэнкам. Давайце ўзгадаем, у якіх умовах адбывалася затрыманьне і зьняволеньне Аляксандра Казуліна ў 2006 годзе. І зараз мы бачым, што ўсе гэтыя павадкі, адпрацаваныя прыёмы зьнішчэньня чалавечай асобы, якія былі распрацаваныя яшчэ ў сталінскія часы, культывуюцца сучасным беларускім КДБ.

Некаторымі эўрапейскімі палітыкамі ўжо абвяшчалася, што ўзаемаадносіны Эўразьвязу зь Беларусьсю будуць разьвівацца ў залежнасьці ад таго, як будзе разьвівацца сытуацыя з палітычнымі зьняволенымі ў Беларусі. У прыватнасьці, пра гэта казала вярхоўны камісар Эўразьвязу ў замежнай палітыцы Кэтрын Эштан, знаходзячыся на мінулым тыдні ў Вільні. Эўрапейскімі палітыкамі быў рэзка асуджаны прысуд у дачыненьні да ўдзельніка Плошчы Васіля Парфянкова. Мне падаецца, што гэтыя факты будуць усё больш паварочваць эўрапейцаў да прынцыповых адносінаў да беларускага рэжыму.

Мы яшчэ зусім нядаўна бачылі сытуацыю пэўнай ідыліі паміж Эўропай і Лібіяй, адкуль краіны Эўразьвязу атрымлівалі шмат газу. Аднак апошнія падзеі ў Лібіі прывялі амаль да поўнага разрыву адносінаў паміж уладамі Лібіі і Эўразьвязам. Больш за тое, справа Муамара Кадафі, магчыма, будзе разглядацца Міжнародным трыбуналам.

Таму сытуацыя з стаўленьнем да беларускіх уладаў шмат у чым зараз залежыць ад таго, ці ёсьць у нас палітычныя зьняволеныя, у якім стане яны ўтрымліваюцца, якія прысуды яны будуць атрымліваць падчас судовых пасяджэньняў.

Цыганкоў: За апошнія дні на інфармацыйным полі супала некалькі сэнсацыйных паведамленьняў. Гэта і заява Алеся Міхалевіча, і паведамленьне пра продаж беларускай зброі ў Кот д’Івуар, і неафіцыйная інфармацыя пра самалёт з Трыпалі, які прызямліўся ў Менску. Ці ня сьведчыць гэта ды і ўсе паводзіны беларускай улады пасьля 19 сьнежня, што кіраўніцтва краіны губляе палітычную адэкватнасьць, што Аляксандар Лукашэнка губляе той палітычны нюх, які заўсёды быў яму ўласьцівы?

Мілінкевіч: Я думаю, такая ацэнка сапраўды справядлівая. Беларуская ўлада губляе нейкае адчуваньне будучыні. Улады самі робяць усё дзеля ўзмацненьня санкцыяў супраць іх. І санкцыі будуць жорсткія. Бо спачатку паспрабавалі больш мяккія, але цяпер разглядаюцца і больш моцныя. Вязьні ў справе 19 сьнежня ўжо разглядаюцца як палітычныя. А пасьля таго, як усім стане вядома пра катаваньні ў турмах, і пра тое, што рэжым парушае свае міжнародныя абавязаньні, безумоўна, адносіны, зьменяцца яшчэ ў горшы бок.

Але з-за гэтага цярпіць увесь беларускі народ, пра гэта трэба казаць. Бо ізаляцыя краіны, фактычна самаізаляцыя па віне рэжыму, балюча ўдарыць па ўсіх беларусах.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG