Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ганна Янкута — пра кніжныя сэрыялы


Ганна Якута
Ганна Якута

Зьбіраць у хатняй бібліятэцы найлепшыя беларускія кнігі цяпер імкнуцца многія. Наш экспэрт Ганна Янкута вырашыла дапамагчы з’арыентавацца ў выданьнях і прапануе запоўніць палічкі сэрыяламі.






Сэрыя «Беларускі кнігазбор»


Пачаць хочацца, безумоўна, з клясыкі, і на ролю самай клясычнай беларускай сэрыі перш за ўсё прэтэндуе «Беларускі кнігазбор». Нягледзячы на тое, што гэта далёка ня самая першая (бо заснаваная толькі ў 1996 годзе) і, мабыць, нават ня самая шырокая калекцыя кніг, і склад аўтараў, якія ў ёй надрукаваныя, і само афармленьне выданьняў гаворыць на карысьць такога выбару. Кнігі «Беларускага кнігазбору» выходзяць у трох колерах: барвовыя выданьні — уласна беларуская літаратура, зялёныя — клясычныя гістарычныя, публіцыстычныя, філялягічныя і іншыя працы, сінія (і пакуль самыя нешматлікія) — пераклады замежнай літаратуры. Такі падыход сьведчыць пра жаданьне ўкладальнікаў ахапіць як мага больш досыць разнароднага матэрыялу і сабраць гарманічную калекцыю.
Некаторыя творы дагэтуль проста не выдаваліся, а калі і выдаваліся, то знайсьці іх можна было толькі ў архівах ці бібліятэках.
Каштоўнасьць многіх тамоў «Беларускага кнігазбору», апроч усяго іншага, у іх унікальнасьці — некаторыя творы дагэтуль проста не выдаваліся, а калі і выдаваліся, то знайсьці іх можна было толькі ў архівах ці бібліятэках, дый тое далёка не ва ўсіх. Зрэшты, асобныя выданьні сэрыі ўжо даўно самі сталі бібліяграфічнай рэдкасьцю і не зьяўляюцца нават на букіністычных палічках. І малодшае пакаленьне чытачоў зь нецярплівасьцю чакае іх перавыданьня.

Сэрыя «ГалАсы Айчыны»


Побач з клясычным «Беларускім кнігазборам» хочацца згадаць і зусім новую сэрыю, заснаваную толькі ў гэтым годзе, — сэрыю «Галасы Айчыны», што выйшла з друку ў выдавецтве «Лімарыюс» і складаецца пакуль з двухтомніка Ларысы Геніюш і аднатомніка Алеся Салаўя (абодва ўкладзеныя Міхасём Скоблам), а таксама з выбранага Уладзімера Дудзіцкага (укладальнік Лявон Юрэвіч). Нягледзячы на тое, што першае выданьне сэрыі — гэта творы Ларысы Геніюш, якія друкаваліся таксама ў «Беларускім кнігазборы» (хаця і ня так поўна), ужо цяпер бачна, што фармат сэрыі будзе іншым. Па-першае, пра гэта сьведчыць само яе афармленьне, досыць нетрывіяльнае для нашага кнігадруку, па-другое, выбар аўтараў — Алесь Салавей, Уладзімер Дудзіцкі — гаворыць пра тое, што ўкладальнікаў цікавяць пісьменьнікі, не расьпешчаныя увагай айчынных выдаўцоў. А таму можам спадзявацца, што нас чакае яшчэ шмат чаго цікавага.

Сэрыя «Скарбы сусьветнай літаратуры»


Перакладной літаратуры ў нас выходзіла непараўнальна менш, чым беларускай, але і тут ёсьць шэраг вельмі цікавых сэрыяў: «Літаратурная скарбонка», «Бібліятэка замежнай прозы», «Паэзія народаў сьвету», «Littera scripta» і інш. Як і ў выпадку з нацыянальнай літаратурай, тут можна вызначыць самы клясычны збор — сэрыя «Скарбы сусьветнай літаратуры». І хаця яна ня самая першая, ня самая багатая і нават ня самая цікавая ў пляне дызайнэрскага афармленьня, многія творы, якія яе склалі, настолькі значныя і настолькі запатрабаваныя, што іх ужо вельмі даўно раскупілі: знайсьці гэтыя кнігі амаль немагчыма нават у букіністыках.
Знайсьці гэтыя кнігі амаль немагчыма нават у букіністыках.
Гэта і «Авантурнік Сымпліцысімус» Ганса Якаба Крыстофэля Грымельсгаўзэна (пер. В. Сёмуха), і «Вершы і баляды. Драмы» Фрыдрыха Шылера (укл. Лявон Баршчэўскі), і «Доктар Фаўстус» Томаса Мана (пер. В. Сёмуха), і «Санэты. Трагедыі» Уільяма Шэксьпіра (пер. Ул. Дубоўкі, К. Крапівы, Ю. Гаўрука) і многія іншыя. Але варта сказаць, што калі колькасьць новых уласна беларускіх сэрыяў расьце з кожным годам, перакладная літаратура гэтым пахваліцца ня можа, а таму будзем спадзявацца, што ўжо зусім хутка побач з самай клясычнай сэрыяй гэтага тыпу нам давядзецца вызваляць на паліцы месца і для самай багатай сэрыі перакладной літаратуры.

Анталёгіі Міхася Скоблы


Можна доўга спрачацца на тэму, ці ёсьць дзьве анталёгіі, укладзеныя Міхасём Скоблам, — «Краса і сіла» (2003) і «Галасы з-за небакраю» (2008) — сэрыя. На маю думку, два гэтыя фаліянты — ня проста кніжная сэрыя, але і адна з самых цікавых сэрыяў, якія толькі выходзілі зь беларускіх друкарняў. Фактычна гэта спроба падсумаваньня ўсяго, што мы маем на сёньняшні дзень у дзьвюх галінах літаратуры: паэзіі і паэтычным перакладзе, падвядзеньне выніку і нават у некім сэнсе мастацкая каталягізацыя матэрыялу. Цікавая гэтая сэрыя і тым, што ў ёй вельмі моцны аўтарскі, а дакладней, укладальніцкі пачатак: Міхась Скобла ня толькі адабраў матэрыял, але і напісаў усе біяграфіі паэтаў і перакладчыкаў — і ў гэтых біяграфіях мы бачым ня толькі саміх паэтаў і перакладчыкаў, але і ўласна ўкладальніка. Гэта досыць цікавы экспэрымэнт з аўтарскай анталёгіяй, які, на маю думку, варты працягу. Зрэшты, выдавецтва «Логвінаў» ужо анансавала выданьне «прыватнай бібліятэкі» Валянціна Акудовіча (магчыма, на падыходзе яшчэ адна цікавая сэрыя!). Што да сэрыі Міхася Скоблы, то яна выглядае цалкам завершана і гарманічна — прыдумаць ёй працяг, здаецца, досыць цяжка.

Сэрыя «Бібліятэка французскай драматургіі»


Усе сэрыі, пра якія гаварылася вышэй, можна аднесьці да ўнівэрсальных паводле матэрыялу, які імкнуцца ахапіць укладальнікі. Вузкаспэцыяльных сэрыяў у нас няшмат, і як прыклад, бадай што, такой самай вузкай літаратурнай сэрыі можна назваць «Бібліятэку французскай драматургіі». Безумоўна, выходзілі ў нас і іншыя надзвычай цікавыя вузкія сэрыі, такія, як «Чэская калекцыя» альбо «Галерэя чалавечай думкі», але нават яны — досыць шырокія ў параўнаньні з «Бібліятэкай французскай драматургіі»: у яе ўлучаныя творы ня толькі: а) перакладныя, б) ХХ стагодзьдзя, але якія і: в) належаць толькі да французскай літаратуры, г) а менавіта, драматургіі. Цікавы таксама прынцып укладаньня кніг гэтае сэрыі: у першы том увайшлі творы зусім сучасных аўтараў, у другі — творы французскіх пісьменьнікаў — ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі, у трэці — п’есы сябраў Французскай Акадэміі. Застаецца толькі здагадвацца, творы якіх пісьменьнікаў могуць скласьці чацвёрты том гэтай сэрыі, калі, безумоўна, сэрыя яшчэ не закрытая і будзе мець працяг. Нягледзячы на вельмі сьціплае афармленьне, гэтая сэрыя сьведчыць пра тое, што нашае асэнсаваньне замежных культураў выйшла на новы ўзровень, і ёсьць надзея на тое, што з часам у кнігарнях зьявіцца больш такіх сэрыяў, напрыклад, «Найлепшыя творы ангельскага рамантызму», «Залатое стагодзьдзе нідэрляндзкай паэзіі», «Эўрапейскія эпасы» і г.д.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG