Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паліна Масьлянкова – пра найлепшыя кнігі пра выбары


Паліна Масьлянкова
Паліна Масьлянкова

Дэмакратыя ў Беларусі яшчэ ад часоў веча і Магдэбургскага права мае багатую дэмакратычную традыцыю. Але сучаснасьць уносіць у яе свае радыкальныя карэктывы, якія па-рознаму адлюстроўваюцца ў мастацкай літаратуры. Выкладчыца беларускай мовы і літаратуры Паліна Масьлянкова – пра найлепшыя кнігі пра выбары.



Сяргей Грахоўскі. З воўчым білетам. Выбраныя творы.

Менск, “Беларускі кнігазбор”, 2007

Аўтабіяграфічная трылёгія “Зона маўчаньня”, “З воўчым білетам”, “Такія сінія сьнягі” Сяргея Грахоўскага распавядае пра лёс “ворага народу”, які прайшоў усе колы пекла ГУЛАГу. Тэма правоў і свабоды ў гэтай кнізе пададзеная скрозь прызму чалавека літаральна бяспраўнага і несвабоднага. Другая частка трылёгіі прысьвечаная жыцьцю героя пасьля рэабілітацыі і вяртаньня на радзіму “з воўчым білетам” замест пашпарту: “У той год быў агітатарам на дзесяцідворцы і сам ужо меў права галасаваць за кандыдатаў блёку камуністаў і беспартыйных у мясцовы савет”. Апісаньне выбараў перадае ўсю атмасфэру страху, якая панавала ў пасьляваенным Савецкім Саюзе: “…дзеля прыліку выгарадзілі дзьве кабіны, але ніхто ў іх не адважваўся заходзіць, каб, барані Божа, не падумалі, што гэта ён выкрасьліў патрэбнага блёку кандыдата”. А калі раптам скралі скрынку зь бюлетэнямі, адразу цень падазрэньня паў на былых “ворагаў”. Тут, у сувязі з бяспраўнымі выбарамі, Грахоўскі зьвяртаецца да Бібліі: “…як у тым раі, - Бог прывёў Адаму Еву і сказаў: “Вось табе Ева, выбірай сабе жонку”. І выбраў Адам”. І народ таксама.


Андрэй Федарэнка. Вёска. У кнізе “Нічые”.

Менск, “Мастацкая літаратура”, 2009

У аповесьці Андрэя Федарэнкі “Вёска” выбары ёсьць, нават у трох экзэмплярах, толькі выбару няма. Найперш гэта рэфэрэндум 17 сакавіка 1991 году аб захаваньні СССР. Варта прывесьці характэрны дыялёг, які ўдала ілюструе ўсе беларускія перадвыбарчыя стэрэатыпы:

– А ты за што будзеш галасіць? – спытала маці.
– А ты?
– За Саюз Савецкіх Рэспублікоў! – урачыста адказала маці, нават інтанацыяй падстройваючыся пад кагосьці, ад каго магла пачуць гэта. – Бо інакш прападзём, як рудыя мышы!
– А я – ніяк ня буду, – больш каб падражніць яе, сказаў Антон.
– Ну-ну! – засьмяялася, ківаючы галавою, маці. Відаць, для яе не пайсьці галасаваць здавалася большай крамолай, большым сьвятатацтвам за любы грэх. – У цюрму ўміг забяруць!”

На ўзроўні рэтраспэктывы ў аповесьці прысутнічаюць таксама выбары за часамі Сталіна, калі па старую Сьцяпаніху на санях прыехалі, у кажух захуталі ды павезьлі галасаваць, а таксама выбары за часамі побыту героя ў войску, якія запомніліся яму гапаком ад украінскіх музыкаў замест “Пад’ёму!” ды смачнай салатаю на сьняданак.


Наталка Бабіна. Рыбін горад.

Вільня, “Інстытут Беларусістыкі”, 2007

А вось выбары ў рамане Наталкі Бабінай апісаны зусім у іншым ключы. Сястра-двайнятка галоўнай гераіні знаходзіцца ў ініцыятыўнай групе апазыцыйнага кандыдата, але і яна, і сама гераіня па ўсіх законах жанру беларускіх выбараў патрапляюць у пераплёт, і нават за краты. Тут палітычная тэма сталася грунтам для дэтэктыўна-прыгодніцкага сюжэту, а самі выбары – апатэозам дурасьці. Напярэдадні выбараў здарыўся вялікі патоп (і зноў біблейская алюзія!), ніхто не прыйшоў на ўчасткі, дый самі ўчасткі былі зруйнаваныя. “Улады ж настолькі хацелі ўсё ж закончыць самую важную для сябе справу, настолькі турбаваліся і нэрваваліся, што згубілі пачуцьцё рэальнасьці. … Што адбываецца нешта ня тое, улады зразумелі, калі на прэс-канфэрэнцыю Цэнтрвыбаркаму, дзе павінны былі афіцыйна паведаміць аб выніках, не прыйшло ніводнага журналіста! Будзячы рэха, старшыня дрыготкім голасам заявіла ў пустату агромністай пампэзнай залі аб трыюмфальнай перамозе – і ўлады засталіся зь ёю адзін на адзін”.


Барыс Пятровіч. Плошча. Гісторыя аднаго каханьня.

Вільня, 2010

Аповесьць Барыса Пятровіча “Плошча”, нягледзячы на востра сацыяльную назву і вокладку, падаецца лёгкім чытвом, якім і павінна быць гісторыя каханьня для падлеткаў. Разьвіцьцё стасункаў паміж хлопцам і дзяўчынай адбываецца паралельна з станаўленьнем палітычных поглядаў герояў, а кульмінацыя іх пачуцьця прыходзіцца на падзеі, якія ўвайшлі ў гісторыю пад канцэптуальнай назвай “Плошча”.

Пра выбары ў гэтым творы хіба адзін радок: пра тое, што ні выбару, ні надзеі няма. А таму на арэну выходзіць пратэст, хроніка якога адлюстраваная ў гарманічным спалучэньні псыхалягізму і дакумэнталізму.



Плошча, 19.03—25.03.2006.

Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода, 2006

І хай на мяне паляцяць папрокі ў неаб’ектыўнасьці і запабяганьні да Радыё Свабода, але ў гэтым Пяцікніжжы не згадаць кнігу “Плошча” з Бібліятэкі Свабоды проста немагчыма! А таму згадаю, хоць парай слоў, а больш можна прачытаць і на сайце Радыё.

Кругласутачныя рэпартажы, каляровыя фота, жывыя галасы ўдзельнікаў, званкі на Свабоду — усё гэта стварыла неверагодны калярыт, поліфанію сакавіцкага Менску 2006.

А якім будзе твор пра выбары 2010, Бог ведае…
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG